4 траўня 2024, Субота, 17:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці загінулага ў жодзінскай турме жыхара Слуцку баіцца за жыццё другога сына

11
Маці загінулага ў жодзінскай турме жыхара Слуцку баіцца за жыццё другога сына

Маці патрабуе абараніць свайго малодшага сына ад «звычайнага бандытызму» супрацоўнікаў Слуцкага РАУС.

Галіна Паўлаўна Шаравар, маці Ігара і Івана Барбашынскіх, 30 верасня напісала зварот у адміністрацыю Лукашэнкі, следчы камітэт Жодзіна, міністру ўнутраных спраў, генеральнаму пракурору, начальніку аддзела Дэпартамента выканання пакаранняў, начальніку жодзінскай турмы №8, піша "Новы Час".

Ва ўсіх зваротах яна патрабуе ўсебаковага расследавання абставінаў смерці старэйшага сына, пакарання вінаватых і прыняцця дзейсных намаганняў для захавання жыцця малодшага сына Івана.

Кожны зварот да кіраўнікоў пералічаных устаноў - гэта крык скалечанага горам сэрца маці.

«У выніку садысцкага затрымання і далейшага этапавання ў турму аднаго майго сына пазбавілі жыцця. Я яшчэ не аплакала аднаго сына, а ўжо не сплю начамі і баюся за жыццё малодшага. На днях атрымала ад Івана ліст, ён даведаўся пра смерць брата праз два дні пасля яго сыходу з жыцця. Просіць мяне трымацца і не хвалявацца. А як жа я магу не хвалявацца?», - піша маці.

«Звяртаю ўвагу на тое, што адсутнічаюць якія-небудзь факты або довады, што мае сыны, знаходзячыся ў грамадскім месцы, парушылі правы або законныя інтарэсы грамадзян. Ні ў начной кавярні, ні на пустыннай цёмнай вуліцы ніхто з грамадзян прэтэнзіі не выставіў», - піша ў сваім звароце маці.

Яна скардзіцца на «подласць супрацоўнікаў Слуцкага РАУС, якія нібыта паабяцалі даверлівым сынам закрыць крымінальную справу ўзамен на іх адмову ад прэтэнзій да супрацоўнікаў РАУС, а самі два месяца збіралі на іх паперкі».

У малодшага сына Галіны, Івана, пры затрыманні былі зламаныя 6-е і 7-е рэбры, што пацвердзіла медыцынская даведка са Слуцкай паліклінікі. Таму маці звяртаецца і ва ўправу Менска і Менскай вобласці Дэпартамента выканання пакаранняў з просьбай аб правядзенні паглыбленага медыцынскага абследавання сына.

«Паколькі Жодзінская турма №8 у маім канкрэтным выпадку з'яўляецца не звычайнай папраўчай установай, а лагерам смерці, прашу ўжыць усебаковыя дзейсныя захады для захавання жыцця майго малодшага сына», - піша ў звароце ва ўправу Дэпартамента жанчына.

У звароце да міністра МУС, Генеральнага пракурора РБ, у следчы камітэт горада Жодзіна, жанчына просіць абараніць малодшага сына, называе справу супраць Ігара і Івана Барбашынскіх вынікам «звычайнага бандытызму супрацоўнікаў Слуцкага РАУС у дачыненні да яе дзяцей» і патрабуе пакараць вінаватых у смерці старэйшага сына.

«Звяртаю ўвагу на тое, што мае дзеці знаходзіліся ў закрытай дзяржаўнай установе не са сваёй волі. Значыць, дзяржава і супрацоўнікі гэтай установы павінны адказваць за жыццё і здароўе маіх дзяцей», - такімі словамі сканчаюцца лісты маці.

Нагадаем, што памерлы ў Жодзінскім следчым ізалятарыІгар Барбашынскі да затрымання праблем са здароўем не меў і раней служыў ва ўнутраных войсках.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках