4 траўня 2024, Субота, 17:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Шмат добрай музыкі прыходзіць з Беларусі»

1

Адзін з самых паспяховых дыджэяў свету Армін ван Бюрэн аддаў належнае беларускай музыцы.

Учора «Менск-Арэну» сваім шоу Embrace узрушыў адзін з найпапулярнейшых і найвядомейшых дыджэяў свету Армін ван Бюрэн.

Напярэдадні грандыёзнага начнога перформансу журналісты tut.by пагаварылі з Армін пра беларускую музыку, фінансавыя ўкладанні і шляхі да поспеху.

Пра беларускую электронную музыку

Я добра ведаю UCast, люблю гэтага хлопца. Ведаю яшчэ хлапцоў, але не магу ўспомніць імёны. Мне здаецца, шмат добрага трансу прыходзіць адсюль. Я быў у Беларусі шмат разоў і вельмі люблю сюды вяртацца. Гэта выдатнае месца, дзе выступаць – вялікі гонар для мяне, дзе спагадная публіка. Адна з маіх менскіх прамоўтарак нават прыязджала некалькі разоў у Галандыю на мае канцэрты.

Пра тое, чым адрозніваецца электронная музыка Усходняй Еўропы і Беларусі

Я думаю, у вас ёсць нешта, што я магу назваць «усходнееўрапейскай мелодыкай» – прадусары адсюль выбіраюць трохі іншыя акорды, у адрозненне ад мяне. Мне падабаецца меланхалічны мінор, пэўны тактавы памер, але калі я пачуў таго ж UCast, гэта было нечым зусім іншым. Мне здаецца, ёсць своеасаблівы ўсходнееўрапейскі вайб у вашай электроннай музыцы.

Музыка гэтага рэгіёну сапраўды адрозніваецца. Вы гэта можаце адчуць, калі да вас прыязджаюць музыкі з-за мяжы або проста слухаеце вялікі аб'ём музыкі. Гэта тычыцца як класічных стыляў, так і папулярных. Мне здаецца, усё гэта выходзіць з народнай культуры ўвогуле.

Пра тое, колькі каштуе быць дыджэем

Асноўныя фінансавыя ўкладанні электроннага музыканта сыходзяць на абсталяванне. Напрыклад, для сённяшняга шоу я выкарыстоўваю сінтэзатары і драм-машыны, падсвятленне для ўдарных і ўвогуле магу выкарыстоўваць жывую ўдарную ўстаноўку, гэта вельмі крута. Так, цяпер у мяне вельмі шмат музычнага стафу. Я набываю музыку ў інтэрнэце, карыстаюся легальнымі крамамі, набываю шмат убудоваў і софту, набываю для студыі апаратныя сродкі, жалеза, набываю сінтэзатары. О, так, нядаўна набыў гітару, і яшчэ ёсць фартэпіяна, якое з'явілася год таму. Але на гітары я граць пакуль не ўмею, толькі на клавішах.

Пра тое, што важна пачаткоўцу музыканту, каб прабіцца

Самае галоўнае – калі ты можаш, дык зрабі сапраўды добры трэк. Усё вельмі проста. Калі ты робіш добры трэк, яго можа заўважыць іншы добры дыджэй, пачаць граць – і твая вядомасць узляціць вельмі хутка. Паглядзіце, да прыкладу, на Martin Garrix. Ён зрабіў Animals і неўзабаве стаў суперзоркай. Цяпер у свае 20 гадоў ён адзін з лідараў электроннай музыкі. Або Lost Frequencies. Калі вы ўмееце рабіць добрыя трэкі, людзі вас знойдуць, усё роўна як.

Пра тое, для чаго патрэбныя жывыя выступы

Я займаюся прадусаваннем і электроннай музыкай ужо дваццаць гадоў. І я хачу даць сваім фанатам нешта незвычайнае. Мне важна адкрываць нешта новае для сябе. Вядома, жывыя выступы – заўсёды рызыка. Я сутыкаюся з неверагоднай колькасцю людзей, пастаянна знаходжуся ў пералётах з камандай з 29 чалавек, якія спецыяльна дапамагаюць мне ў такіх перформансах.

Для ўсіх нас жывыя шоу – гэта вялікі творчы выклік. Часам гэта выліваецца ў нешта сапраўды маштабнае. Напрыклад, аднойчы мы распрацавалі тайм-код-сістэму спецыяльна для Armin Only і Intense, якую цяпер выкарыстоўваюць дыджэі па ўсім свеце на грандыёзных фестывалях накшталт Tomorrowland. Мне падабаецца інвеставаць у шоу, у людзей і рабіць нешта новае. І фішка не ў вядомасці, а ў тым, каб чуць, як людзі спяваюць разам з табой цягам 15 гадоў, дапамагаць ім і сабе ўбачыць нейкія новыя шляхі і ідэі.

Напрыклад, да гэтага часу засталіся на радыё перадачы віншаванняў. Але імі ўжо амаль ніхто не карыстаецца. Я не асуджаю гэтыя перадачы, ні ў якім разе, гэта важны пласт культуры, які робіць жыццё багацейшым, але трэба шукаць нешта новае. Я не кажу, што мае ідэі выключныя і неверагодныя, у мяне таксама бываюць дрэнныя ідэі. Але на кожным шоу я імкнуся карыстацца творчай свабодай і шукаць нешта новае. Вядома, я мог бы прыйсці ў клуб і адыграць стандартны сэт трансу. Я магу зрабіць гэта хоць заўтра. Але калі ты робіш гэта кожны тыдзень, становіцца вельмі сумна.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках