4 траўня 2024, Субота, 14:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму нельга прапускаць абедзенны перапынак

13
Чаму нельга прапускаць абедзенны перапынак
ФОТА: MYSLO.RU

Навукоўцы даказалі: падчас абеду варта пакінуць працоўнае месца і не вяртацца за яго прынамсі гадзіну.

У разгар працоўнага дня некалькі хвілінаў на абед – не толькі радасць, але і неабходнасць. Нядаўна Mastercard і Ipsos MORI правялі даследаванне і высветлілі, што ў сярэднім мы выдаткоўваем на абед каля 28 хвілінаў замест вызначанай гадзіны. Больш за тое, 36% людзей і зусім не выходзяць з офіса, спасылаючыся на тое, што ў іх няма часу.

Але папярэднія анкетаванні паказваюць яшчэ на адзін момант: шмат хто проста баіцца зрабіць уражанне нядобрасумленнага супрацоўніка і таму не пакідае офіс цягам дня. Пры ўсім гэтым афіцыйныя звесткі застаюцца ранейшымі: доўгае сядзенне без перапынкаў падвойвае рызыку заўчаснай смерці, незалежна ад таго, як часта вы займаецеся спортам.

Навукоўцы настойваюць: прыйшоў час выкараніць звычку паўгадзіннага абеду. Яны просяць кіраўніцтва не заахвочваць адмовы супрацоўнікаў ад паўнавартаснага адпачынку, паколькі гэта шкодзіць іх здароўю і зніжае прадукцыйнасць працы ў другой палове дня.

Экспэрты, спасылаючыся на сучасныя даследаванні, прапануюць улічыць некалькі істотных нюансаў, каб правесці гадзінны абед з максімальнай карысцю для здароўя, піша healthinfo.ua.

Абед – гэта важна і патрэбна

Навукоўцы з Дарэмскага ўніверсітэта ў Брытаніі высветлілі, што дзве траціны людзей ва ўсім свеце пастаянна адчуваюць сябе стомленымі. І гэта не лянота. Сярод 18 тыс. чалавек з 134 розных краінаў 68% зусім развучыліся адпачываць. І складаней за ўсё гэта атрымлівалася ў маладых людзей, у якіх большую частку часу займае праца. Іх прыбыткі, вядома, маглі б выклікаць зайздрасць, але вось выгляд і паказнікі здароўя – не. Для таго каб адчуваць сябе адпачылымі, ім не хапала тры гадзіны і восем хвілінаў.

Гэта значыць: няма нічога ганебнага ў адпачынку, тым больш у абедзе. Гэта зусім «законная» частка карпаратыўнай этыкі. Ніхто не стане асуджаць вас за тое, што вы пакінулі офіс у адведзены для гэтага час. Вашы босы такія самыя людзі, як і вы. Тым больш, што змена становішча пойдзе вам на карысць: дапаможа адпачыць ад складаных задачаў, палепшыць настрой, павысіць канцэнтрацыю і верне патрэбны настрой на рэшту дня.

Рытм абедзеннага перапынку

Кожны дзень каля 1200 чалавек ва ўсім свеце паміраюць толькі праз тое, што сядзяць больш за тры гадзіны на дзень. Такія вынікі маштабнага даследавання, апублікаванага ў Амерыканскім часопісе прафілактычнай медыцыны.

Сталася, што больш за 60% людзей з мільярда праводзяць седзячы каля пяці гадзінаў на дзень, уключаючы кіраванне аўто. Навукоўцы звязалі такі лад жыцця з павышанай рызыкай атлусцення, хваробамі сардэчна-судзіннай сістэмы і цукровым дыябетам 2 тыпу. А пасля сямігадзіннага сядзення кожную гадзіну павялічваецца рызыка заўчаснай смерці на пяць адсоткаў.

Гэта значыць: падчас абеду варта пакінуць працоўнае месца і не вяртацца за яго прынамсі гадзіну. Есці прыхапкам і стоячы, вядома ж, не трэба. Але, паводле нашых падлікаў, непасрэдны прыём ежы займае каля 20 хвілінаў, увесь астатні час сядзець не абавязкова. Таксама час ад часу карысна рабіць некалькі элементарных практыкаванняў проста на працоўным месцы.

Забудзьцеся пра тэлефон

Яшчэ адно даследаванне, праведзенае ў гэтым годзе, выявіла: людзі, якія падчас свайго абедзеннага перапынку выкарыстоўвалі тэлефон, былі больш стомленыя цягам дня. Падумайце, ці трэба вам гэта? А ў запасе ж яшчэ цэлых 20 хвілінаў.

З 425 мужчынаў і жанчынаў, якія ўдзельнічалі ў даследаванні, найлепш адчувалі сябе тыя, якія адклалі гаджэты ў бок і аддалі перавагу жывой гутарцы замест зносінаў у чаце.

Гэта азначае: час задумацца, чым вам хацелася б заняцца падчас абеду. Абмеркаваць з калегамі навіны, вярнуцца да цікавага моманту ў кнізе, які не ўдалося дачытаць напярэдадні, зладзіць хвіліны рэлаксацыі пад любімую музыку, проста пабыць сам-насам і падумаць... Выдаткаваўшы ўсяго некалькі пакінутых хвілінаў перапынку на сябе, вы зможаце палепшыць свой псіхаэмацыйны стан. А адпачынак фізічны і адпачынак маральны аднолькава істотныя.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках