4 траўня 2024, Субота, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты ўпарадкавалі сад Барадуліна і наведалі дом Быкава

1
Актывісты ўпарадкавалі сад Барадуліна і наведалі дом Быкава

Ахвотных упарадкаваць тэрыторыю побач з домам народнага паэта набралася 40 чалавек.

1 кастрычніка ініцыятыва ў прапагандзе і вывучэнні беларускай мовы «Мова нанова» арганізавала талаку ва Ушачах (Віцебская вобласць) на радзіме паэта Рыгора Барадуліна.

Ахвотных упарадкаваць тэрыторыю побач з домам народнага паэта набралася 40 чалавек, паведамляе «Наша Нiва».

Адгукнуліся не толькі слухачы моўных курсаў, але і дзевяцікласнікі адной са сталічных школаў. А лідар гурта «Рэха» Андрэй Такінданг, які таксама далучыўся да талакі, дапамагаў не толькі рыдлёўкай, але і песнямі.

Валанцёры падабралі гнілыя яблыкі, што дываном заслалі зямлю каля дома Барадуліна, пафарбавалі агароджу.

Усталявалі новыя стэнды, каб можна было тут жа прачытаць пра паэта і ўбачыць ягонае фота.

Два дзясяткі новых фотаздымкаў з'явіліся і ў самім доме, іх размеркавалі па пакоях.

На адным з перакрыжаванняў усталявалі стэнд з паказальнікам да дома, дзе жыў народны паэт Рыгор Барадулін.

Ля магілы Барадуліна ўсталявалі лаўку, каб тыя, хто прыйдзе ўшанаваць ягоную памяць, маглі прысесці. Побач таксама ўсталявалі некалькі стэндаў пра паэта.

«Мы мала можам рабіць, пакуль дом не з'яўляецца музеем, – кажа Глеб Лабадзенка, арганізатар талакі. – З дазволу Валянціны Міхайлаўны мы толькі ўнеслі невялікія лаканічныя дабаўкі, якія можна лёгка прыбраць. Вядома, калі сям'я Барадуліна надумае зрабіць тут музей, то ў мяне ўжо ёсць нямала ідэй, што можна дарабіць і як арганізаваць прастору.

Побач з домам расце шмат яблыняў, паэт казаў, што гэта «маміны яблыні». Летась мастакі зладзілі тут пленэр, варта было б зрабіць падобныя мерапрыемствы рэгулярнымі. Сюды можна прывозіць школьнікаў, каб яны маглі ўбачыць кабінет, дзе Барадулін напісаў многія з сваіх вершаў. Таму калі будзе пастанова сям'і зрабіць музей, мне вельмі хацелася б паўдзельнічаць».

Пасля Ушачаў група накіравалася ў Бычкі, вёску ва Ушацкім раёне, дзе знаходзіцца Музей Васіля Быкава. Адзін з удзельнікаў паездкі падарыў музею тэлевізар, які адразу ж прымацавалі да сцяны ў пакоі.

Цяпер наведвальнікі атрымаюць магчымасць убачыць увесь фотаархіў, а таксама відэазапіс экскурсіі сястры пісьменніка Валянціны Быкавай, якую запісаў Глеб Лабадзенка. У доме развесілі шэраг архіўных фотаздымкаў.

У музей прывезлі адрэстаўраванае крэсла, з якім звязаная цікавая гісторыя.

«Калі прыйшлі камуністы, то ў мясцовай панскай сядзібе зрабілі школу, дзе і вучыўся Васіль Быкаў. Потым гэтую школу зачынілі, і ейную маёмасць пачалі раскрадаць, – апавядае Глеб Лабадзенка. – Бацька Васіля Быкава прынёс дадому настаўніцкае крэсла і даў заданне сыну, будучаму пісьменніку, выразаць на спінцы ініцыялы БУХ – Быкаў Уладзімір Хведаравіч. Каб думалі, што крэсла заўсёды было ў доме».

Пасля стварэння музея сваякі Быкава прынеслі туды і гэтае крэсла, але яго не ўзялі: не хапала ножкі, спінка была паламаная, не было сядзення, вось і пастанавілі гэтую «ламачыну» не браць. Калі пра гэта даведаўся Сяргей Шапран, то прапанаваў крэсла адшукаць. Знайшлося яно сярод дроваў у жонкі брата Быкава Антаніны Аляксандраўны, якая ў той час была загадчыцай музея.

«Майстар Яўген Зарубайка ўзяўся аднавіць крэсла і зрабіў гэта бясплатна, – прадаўжае Глеб. – Сказаў, што гэта для яго гонар, таму што Васіль Быкаў быў улюбёным пісьменнікам ягонага бацькі».

Гэтая талака – першая, якую ладзіла ініцыятыва «Мова нанова». Арганізатары спадзяюцца, што яна не будзе апошняй.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках