29 красавiка 2024, панядзелак, 2:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дашкевіч: Людзі рады, калі бачаць бел-чырвона-белыя сцягі

3
Дашкевіч: Людзі рады, калі бачаць бел-чырвона-белыя сцягі
Фота: БелаПАН

«Малады фронт» сабраў блізу 10 тысяч подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычнай каштоўнасці.

Актывісты зарэгістраванага ў Чэхіі грамадскага аб'яднання «Малады фронт» за месяц сабралі блізу 10 тысяч подпісаў пад зваротам аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з лідараў арганізацыі Зміцер Дашкевіч.

Нагадаем, пра пачатак збору подпісаў было абвешчана 19 верасня па завяршэнні акцыі «Праспект нацыянальнага сцяга» ў Менску з нагоды 25-годдзя зацвярджэння Вярхоўным Саветам БССР дзяржаўных сімвалаў краіны - бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня».

Са слоў Дашкевіча, дзевяць з дзесяці тысяч подпісаў сабралі ўсяго шэсць чалавек. «Калі б знайшліся ў дэмакратычным руху 60 ці 600 чалавек, гатовых штодня стаяць у пераходах, можна было б за месяц сабраць і мільён подпісаў», - мяркуе Дашкевіч.

Актывіст станоўча ацэньвае гэтую акцыю. «Людзі рады, калі бачаць бел-чырвона-белыя сцягі», - адзначыў ён. На наступным тыдні подпісы будуць перададзеныя ў Міністэрства культуры.

«Ёсць дзеянні з боку ўлады, якія сведчаць аб некаторых зменах у ідэалагічных падыходах дзяржавы. Мы бачым, што на афіцыйным узроўні скасаваныя георгіеўскія стужкі, якія сімвалізуюць вайсковую расейскую агрэсію, гэта «зялёны калідор» ініцыятывам, звязаным з «вышыванкамі». Магчыма, штосьці чыноўнікі паспрабуюць зрабіць і ў дачыненні да звароту пра бел-чырвона-белы сцяг, каб ён меў нейкі статус у дзяржаве. Гэта пашырыла б яго выкарыстанне, дзеля чаго мы і збіралі подпісы», - сказаў Дашкевіч.

Пры гэтым ён адзначыў, што асноўны пасыл акцыі быў накіраваны «не на дзяржаўных чыноўнікаў, а на людзей, якія ходзяць у метро, на моладзь, якая можа нават не ведаць пра бел-чырвона-белы сцяг». «Для многіх падпісаць зварот азначала пераступіць праз уласны страх», - сказаў Дашкевіч.

Нагадаем, 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб назве краіны, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь. Была таксама ўведзена новая дзяржаўная сімволіка - бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

14 траўня 1995 года на ініцыятыву Лукашэнкі адбыўся «рэферэндум», паводле вынікаў якога бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» ў якасці дзяржаўных сімвалаў былі скасаваныя.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках