Гарадзенскі бізнэсовец Зухавіцкі адразу пасля вызвалення наведаў сінагогу
4- 21.10.2016, 12:41
- 13,111
18 кастрычніка кіраўнік найбуйнейшай гарадзенскай мэблевай фабрыкі «ЗОВ» Алег Зухавіцкі выйшаў на волю.
Ужо на наступны дзень Зухавіцкі з'явіўся ў свет. Яго заўважылі ў гарадзенскай сінагозе, піша kp.by.
З 16 да 23 кастрычніка іудзеі адзначаюць свята Кушчаў. Вызваленне бізнэсоўца як раз прыпала на гэтыя дні.
- Алега вызвалілі ў святочныя дні. Для абшчыны гэта двайное свята. Мы не вельмі шмат з ім размаўлялі. Але Алег быў бадзёры і ў добрым настроі, - распавёў равін Іцхак-Няхама Кофман.
Нагадаем, Алег Зухавіцкі ўпершыню апынуўся ў СІЗА КДБ у лютым 2015 года. Тады ў дачыненні да кіраўніцтва ЗОВа была распачатая крымінальная справа паводле артыкула: «ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у значнай суме».
Аднак у траўні 2015 года Зухавіцкі выйшаў на волю. За кошт выплаты шкоды дзяржаве за яго ўнеслі 31,4 млрд. рублёў.
Але на волі гарадзенскі бізнэсовец быў нядоўга. У лістападзе 2015 яго выклікалі на допыт у Менск, адкуль у Горадню ён вярнуўся практычна праз год.
Увесь гэты час фабрыка працавала без свайго галоўнага кіраўніка.