26 красавiка 2024, Пятніца, 22:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Нікалайчык - уладам: Прыйдзе час і Гаага прыме вас

19
Вольга Нікалайчык - уладам: Прыйдзе час і Гаага прыме вас

Беларускі рэжысёр распавяла, чаму блогера Эдуарда Пальчыса падтрымліваюць нават ля зачыненых дзвярэй суда.

«Я ведаю, як цяжка там. За дзень цябе могуць закатаць у асфальт, і ім нічога за гэта не будзе» - рэжысёрка і грамадская актывістка Вольга Нікалайчык тлумачыць, чаму нам усім патрэбна салідарнасць.

«Менгарсуд, прыйдзе час і Гаага прыме вас!»

«Нашу з сабой абутак ужо тыдзень, не магу да рамонту дайсці. Калі затрымаюць, міліцыі будзе цікава мяне абшукваць», - жартуе Вольга Нікалайчык. На днях яна запрошаная на мерапрыемства, дзе трэба выглядаць элегантна, а набойкі на абцасах знасіліся. На ёй чаравікі на танкетцы: «мае баявыя», з гумарам кажа актывістка.

Вольгу Нікалайчык амаль заўсёды можна ўбачыць у судах над актывістамі, якіх пераследуюць паводле палітычных прычын, на пікетах у падтрымку зняволеных, на мітынгах нязгоды з сённяшняй дзяржаўнай сістэмай, паведамляе «Белсат».

Актывісты насупраць суду, дзе разглядалася справа Эдуарда Пальчыса

Да Менскага гарадскога суду яна прыходзіць з панядзелка: пакуль за зачыненымі дзвярыма разглядаюць справу блогера Эдуарда Пальчыса, яна трымае плакат з ягоным партрэтам і скандуе лозунгі.

«Менгарсуд, прыйдзе час і Гаага прыме вас!» - гэтыя воклічы яе аўтарства. На мітынгах прадпрымальнікаў яна арганізавала «распродаж рэшткаў»: сімвалічна перадавала Мясніковічу і іншым чыноўнікам вопратку ў знак таго, што ІП пазбаўленыя магчымасці працаваць. На вечарыне салідарнасці з Украінай, калі там пачалася вайна, яна варыла ўкраінскі боршч. Да амбасады Расеі прыносіла «касметычку «Начных ваўкоў».

«Атрымліваю лісты з зоны - мне пякуць рукі ад унутраных слёз чалавека»

«Ідэі фантануюць! Мне творчасць дапамагае дасягаць мэтаў», - кажа Вольга Нікалайчык.

Яе прафесія - рэжысёр-дакументаліст. Любімая тэматыка - сацыяльная. Хоць яна прызнаецца, што ёсць і мастацкія задумы.

Вольга Нікалайчык каля Менскага гарадскога суда

«У мяне шмат назіранняў, якія я мару рэалізаваць у літаратуры і кінематографе. «Антыспрут» - праект супраць карупцыі ва ўладзе, праект «Камунізм пад трыбунал!». Хачу паводле свайго аповеду зняць мастацкі фільм, але гэта трэба ва Украіне, бо пра вайну. Пра каханне ідэю пакуль адклала, бо калі людзі ў небяспецы, не да творчасці пра каханне», - распавядае Вольга.

Навошта творчая і актыўная жанчына прысвячае столькі часу збору подпісаў, вулічным акцыям і судам? «Ці не ад таго, што мне няма чаго рабіць, што хачу быць на ўвазе, інтэрв'ю даваць. Не. Мне 48 гадоў будзе зімой. У мяне ёсць імя, а нават калі б яго не было, мяне задавальняе маё жыццё, - тлумачыць Вольга Нікалайчык. - Я ведаю, як цяжка там. Я там была нядоўга. За дзень цябе могуць затрамбаваць у асфальт, і ім нічога за гэта не будзе. Памятаеце, як было ў Пцічкіна на Валадарцы?»

20 гадоў таму яна стала выходзіць на палітычныя мітынгі - часам трапляла пад адміністрацыйныя арышты.

«Я атрымліваю лісты з зоны - мне пякуць рукі ад унутраных чалавечых слёз. Мужчыны ж не прызнаюцца, што ім цяжка, тым больш цэнзура. Калі пішуць «Свабода, даюць адну бульбу, раз на тыдзень – буракі», а чалавек страшна хворы! Жыццё ператварылі ў пекла! Як ты будзеш дапамагаць?! А мы, насамрэч, можам мала што зрабіць. Я не магу нават пасылку адправіць, бо не сваячка. Толькі інфармацыяй», - кажа актывістка.

Часцей за ўсё за сваю дзейнасць яна разам з паплечнікамі атрымлівае штрафы.

«Штрафы з цяжкасцю ўдаецца аплачваць. Хаця ўсё адно прыходзяць судовыя выканаўцы ў спагнаннях, якія ўжо даўно аплачаныя. Я нікому не кажу, як я хварэю пасля стаяння на холадзе. Я ведаю, што мяне ўсё адно ніхто не абароніць акрамя Бога і мяне самой, - кажа Вольга. - А тое, што з гэтай нагоды кажуць па БТ, мяне мала хвалюе. Людзі са сталінскага мінулага мяне не цікавяць. Яны Беларусь цягнуць у прорву - я з імі ваюю, бо іншага выйсця няма».

Маці актывісткі падзяляе погляды дачкі, хоць, натуральна, моцна перажывае. Яшчэ ў Вольгі ёсць пляменнікі, якія ёй «як родныя дзеці».

Пераключацца з патоку інфармацыі пра затрыманні, арышты і суды ёй дапамагае творчасць: нават калі вершы ці апавяданне пра вайну. У юнацтве Вольга Нікалайчык скончыла музычную школу па класе скрыпкі і фартэпіяна. Цяпер яна любіць паслухаць канцэрты «з вялікіх рымскіх опер» у інтэрнэце. Яшчэ дапамагаюць аднавіць сілы лес і мора.

«Гэта тое, што трэба сучаснаму гарадскому вар'яту! Шэрая саўковая бандыцкая рэчаіснасць высмоктвае. Паглядзіце на твары людзей: як рыбы, якіх нават не хочацца засмажыць. Я неяк збірала подпісы, адна бабка ішла: «Ой! Вы тут адна. Шкада, што вам ніхто не дапамагае! Гэта ўсё ад таго, што няма ёду ў беларусах. Мы ўсе млявыя», - смяецца рэжысёрка.

Рэжысёрка кажа, што «Джона Сільвера» не бачыла ніколі, толькі перапісваецца з ім. Аб мэтазгоднасці падтрымкі Эдуарда пад сценамі суда яна кажа без ценю сумненняў ці стомленасці.

Эдуард Пальчыс чуе пікеты і праз сваю абаронцу перадаваў кожнаму з актывістаў словы падзякі.

Працяг разгляду ягонай крымінальнай справы - 24 кастрычніка а 10 гадзіне.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках