27 красавiка 2024, Субота, 3:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Лукашэнка з Польшчай «сябраваў»

17
Як Лукашэнка з Польшчай «сябраваў»
Фота: AFP

На сённяшняй сустрэчы з Матэушам Маравецкім дыктатар «забыўся», як пераследаваў палякаў у Беларусі.

Падчас сустрэчы з польскім віцэ-прэм'ерам Аляксандр Лукашэнка загаварыў «аб цесных стасунках паміж нашымі краінамі» і згадаў пра палітычныя «страты». «Салiдарнасць» наважыла ўспомніць, як дыктатар сварыўся з Польшчай.

Сустракаючыся з міністрам развіцця і фінансаў Польшчы Матэушам Маравецкім, Лукашэнка заўважыў, што ў эканоміцы дзве краіны «не страцілі, як у палітыцы, кантакты».

- Калі казаць аб цяперашнім этапе нашага супрацоўніцтва, намецілася пэўная тэндэнцыя да ўстанаўлення больш цесных дачыненняў памiж нашымi краiнамi. Думаю, гэта будзе не столькі залежаць ад Беларусі, колькі ад пазіцыі вашай краіны. Вы бачыце наша імкненне наладзіць добрыя стасункі не толькі з усімі суседзямі, але і з Заходняй Еўропай, ЕЗ агулам, - заявіў дыктатар.

Журналісты нагадваюць аб адносна нядаўніх гучных скандалах, якія перашкаджалі развівацца беларуска-польскім узаемасувязям.

«Саюз палякаў» і дыпламатычны скандал

Мабыць, самымі напаленымі дачыненні Беларусі і Польшчы былі ў 2005 годзе, калі беларускія чыноўнікі адмовіліся прызнаць вынікі з’езду Саюзу палякаў. Ім не спадабалася, што кіраўніцай абралі «прапольскую дзяячку» Анжэліку Борыс. Пазней Мінюстыцыі Беларусі адмовіла арганізацыі ў перарэгістрацыі.

Той канфлікт вельмі негатыўна адбіўся на беларуска-польскіх стасунках і скончыўся не толькі ўзаемнымі абвінавачваннямі, але і высыланнем дыпламатаў.

Санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў

У 2010 годзе Польшча пагражала ўвесці аднабаковыя санкцыі супраць беларускіх уладаў у адказ на пераслед сяброў незарэгістраванага Саюза палякаў Беларусі. Канфлікт тады нават выйшаў на вышэйшы ўзровень - з асабістым лістом да Лукашэнкі з’вярнуўся прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі.

Яшчэ далей пайшоў тагачасны міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, які заявіў, што для Беларусі «распачаты адлік секундамера да старту негатыўнага сцэнару».

У апоўначы 16 лютага санкцыі супраць беларусаў, замешаных ў ціску на СПБ, былі ўведзеныя.

Гучныя абвінавачванні

Адзін з самых гучных скандалаў між Беларуссю і Польшчай разгарэўся ў студзені 2011 года, калі Лукашэнка раптам абвінаваціў польскія ўлады ў спробе дзяржаўнага перавароту. Напрыклад, ён заявіў, што «праграмы звяржэння канстытуцыйнага ладу ў Беларусі пісаліся ў Нямеччыне і Польшчы».

- Супраць нашай дзяржавы была арганізаваная змова. Спансавалі яе замежныя спецслужбы, а ролю выканаўцаў адвялі мясцовым адшчапенцам і жулікам ад палітыкі, - заявіў тады ён.

У сваю чаргу, польскае МЗС тлумачыла заяву Лукашэнкі як «выхад на шлях канфрантацыі».

Гандаль зброяй і «тур» у Гаагу

Летам 2011-га года беларуска-польскія стасункі зноў абвастрыліся - гэтым разам прадметам канфлікту стала эмбарга на гандаль зброяй і ўзмацненне жорсткасці санкцый з боку Польшчы і ЕЗ.

- Мы ўхвалілі эмбарга на гандаль зброяй і замарозілі актывы фірмаў, якія фінансуюць Лукашэнку. Ён павінен выбраць шлях: да дэмакратыі або ў Гаагу, - заявіў тагачасны міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Карціну беларуска-польскіх канфліктаў раз-пораз дапаўнялі сваркі, датычныя «карты паляка», а таксама паставак польскай прадукцыі на беларускі рынак.

Аднак, пачынаючы з 2014 года, стасункі паміж дзвюма краінамі сталі патроху наладжвацца - да прыкладу, пасля ўвядзення расейскіх харчовых санкцый у дачыненні да Польшчы, беларускі бок выступіў з прапановай арганізаваць «перапрацоўку» польскіх прадуктаў у Беларусі. Пазней Польшча падтрымала скасаванне санкцый Еўразвязу супраць беларускіх уладаў.

Такое палітычнае пацяпленне адразу ж адбілася і на эканоміцы - напрыклад, з пачатку года беларуска-польскае тавараабарачэнне склала амаль 1,4 мільярда даляраў і вырасла на 10,6%!

На гэтым фоне нават цяжка ўявіць, колькi грошай было страчана за доўгія гады крызісу беларуска-польскіх дачыненняў, цягам якіх беларускія ўлады дэманстравалі свой круты нораў.

Нагадаем, сёння ў Беларусь прыбыў намеснік старшыні ўраду Польшчы, міністр развіцця і фінансаў Матэуш Маравецкі і абмеркаваў з дыктатарам праблемныя пытанні ў развіцці эканамічнага супрацоўніцтва.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках