26 красавiка 2024, Пятніца, 11:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску прайшла першая прэзентацыя кнігі Андрэя Саннікава

16
У Менску прайшла першая прэзентацыя кнігі Андрэя Саннікава

Прэзентацыя кнігі кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава «Мая гісторыя. Беларуская Амерыканка ці выбары пры дыктатуры» прайшла ў Менску.

Выданне, прысвечанае прэзідэнцкай кампаніі і Плошчы, было ўпершыню прэзентаванае на тэрыторыі Беларусі.

Прэзентацыя прайшла на офісе прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) 25 кастрычніка. Большасць прысутных на ёй з'яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі падзей 2010 года, апісаных у кнізе. Сярод іх - драматург і публіцыст Уладзімір Халіп, жонка Саннікава, журналістка Ірына Халіп, кіраўнік прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, культуролаг Вацлаў Арэшка, эканаміст Леанід Злотнікаў, былы палітвязень Зміцер Дрозд, рэжысёр Вольга Нікалайчык, грамадскія актывісты і праваабаронцы, давераныя асобы кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава, паведамляе карэспандэнт charter97.org.

Адкрываючы мерапрыемства, актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Марыя Колас распавяла пра гісторыю напісання кнігі, а таксама патлумачыла, чаму на першую ў Беларусі яе прэзентацыю запрасілі ў першую чаргу тых, хто браў актыўны ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2010 года.

«Тут сабраліся людзі, без якіх нельга ўявіць Плошчу і тыя падзеі, якія ёй папярэднічалі, без якіх нельга ўявіць каманду Андрэя Саннікава. Людзі, якія разам збіралі подпісы і распаўсюджвалі інфармацыйныя матэрыялы, стаялі ў пікетах і выходзілі на вулічныя акцыі, былі на Плошчы і сядзелі ў турмах», - распавяла яна.

Выступленне кожнага ўдзельніка прэзентацыі папярэднічала цытата з кнігі, прысвечаная яму. На вялікім экране дэманстраваліся фатаграфіі, знятыя падчас прэзідэнцкай кампаніі і акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў 19 снежня.

Драматург і публіцыст Уладзімір Халіп, які зрабіў пераклад кнігі на беларускую мову, падзяліўся сваімі першымі ўражаннямі.

«Андрэй напісаў пра сваіх сяброў. Я чытаў і здзіўляўся: як шмат светлых і добрых пачуццяў, якія дзіўныя рысы ён знаходзіў у кожным чалавеку, з якім працаваў, як змог пра іх распавесці, як ён іх бязмерна паважае і любіць. Мне здаецца, што менавіта гэтая рыса найбольш праявілася б у ім у тым выпадку, калі б ён узначаліў нашу краіну. Шмат хто кажа, што нам у якасці прэзідэнта патрэбен эканаміст або гаспадарнік. Не. Прэзідэнт - гэта кадравік, які выдатна разумее, якія людзі патрэбныя ў камандзе на той ці іншай пасадзе. Так складваецца калектыў, які ведае і разумее, як павінна развівацца краіна. Годны адукаваны чалавек, які можа сабраць вакол сябе такіх людзей, і павінен быць прэзідэнтам», - сказаў Уладзімір Халіп.

Грамадская актывістка Іна Мудрачэнка нагадала пра людзей, якія бралі актыўны ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі Андрэя Саннікава і сышлі з жыцця цягам апошніх пяці гадоў. Адным з іх быў Віктар Івашкевіч.

«Ён умеў натхняць і пераконваць. Ужо пасля таго, як Андрэя Саннікава зарэгістравалі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, пачалася агітацыя. Па ўсім Менску стаялі пікеты, удзельнікі якіх раздавалі ўлёткі, размаўлялі з людзьмі. Гэта быў складаны перыяд. Віктар Івашкевіч знаходзіў час, каб самому аб'ехаць пікеты, паказаць нам, як трэба размаўляць з людзьмі, як пераконваць іх. Дзякуючы гэтым якасцям ён прыцягнуў у штаб Андрэя Саннікава многіх ветэранаў Беларускага народнага фронту», - нагадала Іна Мудрачэнка.

Рэгіянальныя лідары «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Шарэнда і Віктар Болдзін распавялі пра тое, як праходзілі сустрэчы з Андрэем Саннікавым у Берасці і Магілёве. З іх слоў, прыезд кандыдата ў прэзідэнты ў любы абласны цэнтр станавіліся знакавай падзеяй для жыхароў. Такія сустрэчы збіралі сотні людзей і абмяркоўваліся доўгі час пасля іх правядзення. Віктар Болдзін таксама прывёў прыклады пратаколаў з участкаў, на якіх удалося дамагчыся рэальнага падліку галасоў. Актывіст прадэманстраваў задакументаваныя звесткі, з якіх вынікала, што дыктатар не атрымаў перамогі ў першым туры выбараў і павінен быў прайсці другі тур.

Эканаміст Леанід Злотнікаў быў адным з аўтараў праграмы Андрэя Саннікава. У сваім выступе ён падкрэсліў, што яна зусім не страціла сваёй актуальнасці і сёння. З яго слоў, цяпер умоў для пратэстаў больш, чым было ў 2010 годзе.

«Тады я думаў, што людзі на Плошчу могуць і не выйсці, бо эканоміка была на ўздыме. У снежні 2010 года быў самы высокі ўзровень заробкаў. Але потым адразу пасля выбараў рост скончыўся, і пачалося падзенне, якое працягваецца дагэтуль. Рэжым прыходзіць да свайго канца, таму што жыць з такой эканомікай немагчыма. Перамены абавязкова адбудуцца і вельмі хутка. Я ўпэўнены, што сваю ролю ў іх згуляе і аўтар кнігі, пра якога мы сёння гаворым, Андрэй Саннікаў», - заявіў Леанід Злотнікаў.

Лідар прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч патлумачыў, чаму ў 2010 годзе прыняў пастанову падтрымаць кандыдатуру лідара «Еўрапейскай Беларусі».

«Тая каманда, якую ўдалося сабраць Андрэю Саннікаву, была найлепшай. Гэта былі людзі розных узростаў, прафесій. Але гэта былі грамадзяне. Мне доўга думаць не даводзілася, нягледзячы на тое, што былі прапановы і ад іншых кандыдатаў. Аднак нават іх прадстаўнікі згаджаліся з тым, што Андрэй Саннікаў быў самым падрыхтаваным да супрацьстаяння з рэжымам. Гэта было відавочна не толькі для актывістаў апазіцыі, але і для ўладаў», - падкрэсліў Генадзь Фядыніч.

Былы палітвязень Дзмітрый Дрозд падзяліўся сваімі ўражаннямі пра кнігу.

«Гэта вельмі шчыры аповед пра Плошчу і пра тое, што было пасля яе. Для мяне было вялікім узрушэннем прачытаць пра тыя катаванні і здзекі, якім падпадалі многія сябры нашай каманды, знаходзячыся за кратамі. Я таксама быў у турме, аднак аб шматлікіх рэчах даведаўся ўжо пасля таго, як выйшаў на свабоду, а пра некаторыя - з кнігі Андрэя Саннікава. Мы бачым жывога чалавека, бачым яго перажыванні», - сказаў Дзмітрый Дрозд.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі распавёў пра тое, як пачыналася кампанія салідарнасці з палітвязнямі пасля масавых арыштаў на Плошчы 19 снежня.

«Вядома, і раней, да 2010 года нам было зразумела, што значыць салідарнасць і чаму трэба змагацца за сваіх. Але, шчыра кажучы, толькі пасля Плошчы гэта стала вельмі блізкім, бо за кратамі знаходзіліся не проста актывісты апазіцыі, а нашы сябры, людзі, за якіх мы - тыя, што засталіся на волі - у прамым сэнсе неслі адказнасць. Былі моманты, асабліва ў першай палове 2011 года, калі здавалася, што выходзіць на акцыі салідарнасці няма каму, але з'явіліся новыя людзі і напэўна тады ўлады зразумелі, што пралічыліся з разгонам Плошчы - яна працягвалася», - заявіў Максім Вінярскі.

Журналістка Ірына Халіп узгадала пра першыя дні, праведзеныя ў турме КДБ, куды яна патрапіла адразу пасля Плошчы.

«Калі пачалася выбарчая кампанія, я спытала, ці гатовы ён ісці ў турму. Андрэй адказаў, што так, гатовы. Але ён не быў гатовы да таго, што ў турму траплю я. Падчас знаходжання ў «Амерыканцы» я разумела, што менавіта гэтым яго будуць знішчаць. Будуць шантажаваць нашым дзіцем. Я разумела, што мая задача - падтрымаць мужа. А як гэта зрабіць, калі мы не можам нават убачыць адзін аднаго. Адзіны варыянт - шмат і гучна смяяцца ў надзеі, што ён пачуе і зразумее, што са мной усё ў парадку. І мы смяяліся над усім - над сабой, над ахоўнікамі, над турмой. Гэта была адзіная магчымасць выжыць там», - распавяла Ірына Халіп.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель нагадаў пра людзей, якія былі вымушаныя пакінуць краіну пасля падзей 2010 года праз пагрозы рэпрэсій. Многія з іх дагэтуль не могуць вярнуцца на радзіму. Таксама ён параўнаў сітуацыю ў Беларусі, якая была пяць гадоў таму і сённяшні дзень.

«Сёння кожны які выступае тут успамінаў пра Плошчу. Пра яе шмат гаворыцца і ў кнізе Андрэя Саннікава. Плошча, сапраўды, стала знакавай падзеяй, паваротным пунктам у найноўшай гісторыі Беларусі. Але не варта забываць, што яна была вяршыняй айсберга, вынікам доўгай працы сотняў людзей, часта руціннай і непрыкметнай. Сёння ад кожнага з нас патрабуецца тое ж самае - размаўляць з людзьмі, пераконваць іх, дапамагаць пераадолець свой страх, быць гатовымі браць адказнасць за будучыню краіны. Або лёс Беларусі будзе весціся за нашымі спінамі, як ужо было шмат разоў, альбо ён будзе вырашацца намі на вуліцах і плошчах нашых гарадоў», - заявіў Яўген Афнагель.

Прэзентацыя завяршылася нефармальным абмеркаваннем кнігі, а таксама сітуацыі ў краіне і стратэгіі дзеянняў апазіцыі. Усе прысутныя атрымалі па асобніку кнігі Андрэя Саннікава.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках