Гурт АББА наважыў уз'яднацца дзеля новага шоў
21- 27.10.2016, 6:30
- 26,186
Прадусарам шоў стане экс-мэнэджэр гурта Spice Girls Сайман Фулер.
Чацвёра ўдзельнікаў швэдскага поп-гурта АББА Агнэта Фэльтског, Б'ёрн Ульвэўс, Бэні Андэрсан і Ані-Фрыд Лінгстад наважылі ўз'яднацца для падрыхтоўкі новага лічбавага забаўляльнага праекта.
Паведамляецца, што праект будзе спалучаць у сабе віртуальную рэчаіснасць і штучны інтэлект. Прадусарам шоў стане экс-мэнэджэр гурта Spice Girls Сайман Фулер, паведамляе ВВС.
"Мы вывучаем новы тэхналагічны свет, які дазволіць нам ствараць новыя формы забаў, якія мы раней не маглі сабе ўявіць", - гаворыцца ў заяве Фулера.
Са слоў Ані-Фрыд Лінгстад, прыхільнікі калектыву ва ўсім свеце ўжо даўно пытаюцца пра магчымасці ўз'яднання музыкаў знакамітага гурта.
"Спадзяюся, што новы праект АББА захопіць іх гэтак жа, як ён захапляе мяне", - сказала спявачка.
Бэні Андэрсан назваў новую задуму гурта "машынай часу, якая паказвае нам, кім мы былі і кім сталі".
Падрабязнасці новага шоў будуць вядомыя ў наступным годзе.
Гурт АББА быў створаны ў 1972 годзе і раскідаўся ў 1982 годзе. За 10 гадоў калектыў выпусціў восем альбомаў і стаў самым паспяховым поп-гуртом Скандынавіі: агульны наклад запісаў перасягнуў 350 млн паасобнікаў.
Пасля расфармавання гурта яго ўдзельнікі збіраліся разам толькі аднойчы: у чэрвені 2016 года на канцэрце ў гонар 50-годдзя пачатку творчага супрацоўніцтва Ульвэўса і Андэрсана.