26 красавiка 2024, Пятніца, 15:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КХП-БНФ: Плаціць уладам за шэсце на «Дзяды» не будзем

10
КХП-БНФ: Плаціць уладам за шэсце на «Дзяды» не будзем
Фота: «Радыё Свабода»

Улады дазволілі акцыю на «Дзяды», але хочуць ад арганізатараў да $5 тысяч.

Менскі гарвыканкам і абласны выканаўчы камітэт далі дазвол на правядзенне Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі - БНФ (КХП-БНФ) мітынгу, прысвечанага Дню памяці продкаў «Дзяды» ў Курапатах 30 кастрычніка. Гэта адно з тых нешматлікіх масавых мерапрыемстваў, якое ўлады ў апошнія гады дазваляюць правесці, ды і то толькі ў сталіцы.

Патрэба ў атрыманні не аднаго, а адразу двух дазволаў палягае ў спецыфіцы заяўленага мерапрыемства: збор і шэсце праводзіцца на тэрыторыі горада Менска, а мітынг - ва ўрочышчы Курапаты, размешчаным на тэрыторыі Менскага раёна, паведамляе ПЦ «Вясна».

Традыцыйна, гарадскія і абласныя ўлады пры выдачы дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства вылучаюць дадатковыя ўмовы для заяўнікаў і арганізатараў, а менавіта: укладанне пагадненняў аб ахове грамадскага правапарадку падчас правядзення мерапрыемства з аплатай нададзеных паслуг, а таксама ўкладанне дамоваў аб наданні платных паслуг у медыцынскім абслугоўванні і ўборцы тэрыторыі пасля шэсця і мітынгу. Пры гэтым улады спасылаюцца на артыкул 10 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь».

Прычым, агульная сума аплаты ў такіх «сумнеўных» паслугах складае, звычайна, некалькі тысяч рублёў (3-5 тысяч даляраў).

Пры невыкананні ўмовы ў аплаце паслуг арганізатары зазнаюць пераслед, адміністрацыйныя спагнанні ў выглядзе штрафаў. Так, напрыклад, у 2014 годзе пасля правядзення шэсця ў Менску, мітынгу ў Курапатах 2 лістапада і жалобнай акцыі ў Лошыцкім Яры заяўніка масавага мерапрыемства, намесніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага суды аштрафавалі паводле трох пратаколаў на суму блізу 10 мільёнаў недэнамінаваных рублёў (ч.2 арт 23.34 КаАП РБ). У пратаколе была адзначаная наступная фармулёўка: «не ўзгадніў захады ў забеспячэнні аховы парадку». Суддзя наважыла, што менавіта Юрась Беленькі вінаваты ў тым, што КХП-БНФ не ўклала дамовы аб забеспячэнні парадку падчас шэсця і не аплаціла адпаведныя паслугі міліцыі і медыцынскай службы.

Праваабаронцы адзначалі тады, што паводле «Закону аб масавых мерапрыемствах», які нібыта парушыў Юрась Беленькі, плата за паслугі ў ахове бяспекі і медыцынскай дапамозе не носіць абавязковага характару, а вызначаецца спецыяльнай пастановай мясцовага органа ўлады, у гэтым выпадку Менгарвыканкамам. Гэтай нявызначанасцю і карыстаюцца беларускія ўлады: ад праўладных палітычных сілаў грошы за масавыя мерапрыемствы не бяруць, а прадстаўнікам апазіцыі пры жаданні могуць выставіць грашовыя прэтэнзіі.

Трэба адзначыць, што рэгуляванне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Беларусі, замацаванае ў Законе «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» ад 30 снежня 1997 года (у рэдакцыі ад 08.11.2011), супярэчыць міжнародным стандартам. У супольнай заяве Венецыянскай камісіі і БДІПЧ/АБСЕ (CDL-AD (2012) 006) адзначана:

«Закон аб масавых мерапрыемствах характарызуецца падрабязным празмерным рэгуляваннем працэдурных аспектаў правядзення сходаў. Закон стварае складаную працэдуру захавання жорсткай і працаёмкай працэдуры атрымання дазволу, у той жа час пакідаючы большую свабоду дзеянняў адміністрацыйным органам для ўжывання Закона. Гэтая працэдура не адлюстроўвае пазітыўнае абавязацельства дзяржавы забяспечваць і заахвочваць ажыццяўленне права на свабоду мірных сходаў і на свабоду выказвання меркаванняў».

Акрамя таго, Камітэт правоў чалавека ААН неаднаразова адзначаў парушэнні права на свабоду мірных сходаў з боку Беларусі (арт.21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах).

Намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі не пагаджаецца аплачваць паслугі, спасылаючыся на тую акалічнасць, што 30 лістапада запланаванае не камерцыйнае мерапрыемства, а патрыятычнае мерапрыемства, прысвечанае дзяржаўнаму святу Дзень памяці продкаў «Дзяды». Ён, ад імя КХП-БНФ, накіраваў праект дамовы ў ГУУС Менгарвыканкама на бязвыплатнай аснове, прыводзячы наступныя аргументы:

«У адпаведнасці з Кіроўнымі прынцыпамі аб свабодзе мірных сходаў БДІПЧ АБСЕ (Выданне 2-е), пункт 5.2 вызначана: «Органам публічнай улады неабходна ўзяць на сябе выдаткі, звязаныя з гарантаваннем дастатковага ўзроўню бяспекі (уключаючы кіраванне транспартнымі плынямі і вялікай колькасцю людзей). Дзяржава не павінна спаганяць ніякіх дадатковых грашовых сродкаў за належнае забеспячэнне аховы парадку падчас сходу. Ад арганізатараў некамерцыйных грамадскіх сходаў не трэба патрабаваць страхавання грамадзянскай адказнасці за іх мерапрыемства». У адпаведнасці са сказаным вышэй, згодна з арт.353 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, гэтая дамова ўкладаецца на бязвыплатнай аснове».

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка, каментуючы практыку з аплатай паслуг міліцыі ў ахове парадку, спасылаецца яшчэ і на Закон «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь»:

«Паводле закона «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь», органы ўнутраных спраў - гэта дзяржаўныя праваахоўныя органы, якiя вядуць барацьбу са злачыннасцю, ахову грамадскага парадку і забяспечваюць грамадскі парадак. Патрабаваць ад грамадзян грошы за тое, што дзяржаўны орган, які фінансуецца з бюджэту, будзе выконваць свае наўпроставыя абавязкі - няправільна.

Акрамя таго, такая практыка супярэчыць ускладзеным міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі пазітыўным абавязкаў дзяржавы для стварэння ўмоў у рэалізацыі права грамадзян на мірныя сходы».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках