6 траўня 2024, панядзелак, 15:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выяўленая таемная база нацыстаў у Арктыцы

10
Выяўленая таемная база нацыстаў у Арктыцы
ФОТА З САЙТА сезона-ГОДА.РФ

Расейскія навукоўцы сцвярджаюць, што прыкладна ў 100 мілях ад Паўночнага полюса выявілі таемную базу нацыстаў пад назвай «Скарбашукальнік».

«Скарбашукальнік» (Schatzgräber) - гэта кодавае абазначэнне таямнічай вайсковай базы нацыстаў, выяўленай, як зазначаецца ў даследчыкаў, далёка на поўначы халоднай Арктыкі. Навукоўцы спадзяюцца, што цяпер змогуць развеяць міфы вакол дзейнасці нацысцкага войска ў Арктыцы ў часы Другой сусветнай вайны, піша журналіст Expressen (пераклад - inosmi.ruinosmi.ru) Карл Фрыд Клеберг.

«Калі раней пра гэта было вядома толькі з пісьмовых крыніц, то цяпер у нас ёсць і сапраўднае пацвярджэнне», - цытуе сайт «Рускай Арктыкі» словы даследчыка Яўгена Ярмолава.

База размешчаная на выспе Зямля Аляксандры, прыкладна ў 100 мілях ад Паўночнага полюса. Яна была пабудаваная ў 1942 годзе, праз год пасля ўварвання правадыра нацысцкай Германіі Адольфа Гітлера ў Савецкі Саюз. Тое, што ў нацыстаў мелася база на востраве, было вядома даволі даўно, пра гэта згадвалася і ў пісьмовых крыніцах, напрыклад, у «метэаралагічным атрадзе «Хаудэген» (Wettertrupp Haudegen), апублікаваным у 1954 годзе.

Цяпер гісторыя атрымала новы паварот: у мінулым жніўні расейскія даследчыкі знайшлі дакладнае месца размяшчэння базы, а таксама шэраг прадметаў, што засталіся ад немцаў, якіх пераследавалі няшчасці.

Аб выяўленні базы дазволілі казаць знойдзеныя рэшткі бункераў, скрыні з боепрыпасамі, прадметы побыту і інструменты. Усяго выяўлена больш за 500 аб'ектаў, як паведамляе расейскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва ТАСС. У многіх выпадках прадметы добра захаваліся, дзякуючы халоднаму надвор'ю.

Частка прадметаў пазначаная свастыкай. Усе знаходкі даставілі ў партовы горад Архангельск для далейшага вывучэння. Пасля іх, магчыма, пакажуць грамадскасці на спецыяльна арганізаванай выставе.

Ёсць на востраве і сляды дамоў і бункераў.

База перш за ўсё выкарыстоўвалася ў якасці тактычнай метэаралагічнай станцыі. Інфармацыя пра надвор'е мела вялікае значэнне для баёў на поўначы. Пры планаванні ваенна-марскіх аперацый і дзеянняў субмарын заўсёды бралі пад увагу метэаралагічныя зводкі.

Большасць станцый назірання за надвор'ем ўжо былі занятыя хаўруснікамі, так што немцы зрабілі базу на суровым і аддаленым востраве. Навукоўцы назіралі за ветрам і надвор'ем пасярод ландшафту, які нагадвае паверхню Месяца.

Усяго праз два гады пасля стварэння базы нацыстам давялося пакінуць востраў, калі ім спатрэбілася дапамога праз атручванне мясам белага мядзведзя. Персанал эвакуявала нямецкая падводная лодка.

Сённяшняя цікавасць Расеі да паўночных тэрыторый наўрад ці тычыцца адной толькі гісторыі Другой сусветнай вайны. Хутчэй яна палягае ў глабальным пытанні аб будучыні Арктыкі - рэгіёну, на які прэтэндуе не толькі Расея, але і ЗША, Данія, Нарвегія і Канада.

З прычыны таго, што клімат планеты становіцца цяплейшым, разгараецца і спрэчка аб тэрыторыях на поўнач ад Палярнага круга. Раставанне льдоў адкрывае доступ да арктычных прыродных рэсурсаў, і ўсе зацікаўленыя ў тым, каб адкусіць свой кавалак ледзянога пірага. Для Расеі гэта азначае і рост вайсковай прысутнасці ў паўночных рэгіёнах, і больш інтэнсіўныя вайскова-марскія вучэнні.

Зямля Аляксандры перш была спрэчнай тэрыторыяй, але цяпер належыць Расеі. Некаторы час таму на востраве размяшчалася невялікая вайсковая частка, нагадвае Deutsche Welle. Узімку тэмпература на востраве апускаецца да мінус 47 градусаў.

Што немцы рабілі ў гэтым негасцінным месцы? І што вядома нам?

Востраў названы ў гонар расейскай арыстакраткі, герцагіні Аляксандры Паўлаўны (1783-1801). Яго найвышэйшы пункт знаходзіцца на вышыні 382 м над узроўнем мора, гэта вяршыня айсберга пад назвай Месяцовы купал, які пакрывае большую частку заходняй паловы выспы.

Расейская база была заснаваная ў 1950-х, там размяшчаліся бамбавікі далёкага радыусу дзеяння, якія маглі даляцець да Паўночнай Амерыкі. У 1996 годзе на Зямлі Аляксандры пацярпеў катастрофу транспартны самалёт. Аварыя здарылася пры пасадцы і стала адной з самых паўночных авіякатастроф у гісторыі.

Немцы замацаваліся на востраве нашмат раней расейцаў. Пачатак будаўніцтва іх базы прыйшоўся на 1942 год, праз год пасля таго, як Трэці Рэйх напаў на Савецкі Саюз. База размяшчалася прыкладна ў 500 метрах ад узбярэжжа на вышыні 30 м над узроўнем мора.

Большая частка здагадак цяпер будуюцца вакол таго, чаму базу назвалі «Скарбашукальнік». Гэтае слова намякае, што немцы вялі на бязлюдным ледзяным архіпелагу гістарычныя і археалагічныя пошукі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках