6 траўня 2024, панядзелак, 14:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісты апазіцыі ў Дзень памяці рэпрэсаваных прыйшлі да будынка КДБ

18
Актывісты апазіцыі ў Дзень памяці рэпрэсаваных прыйшлі да будынка КДБ
ФОТА: SVABODA.ORG

(абноўлена) Акцыя была прысвечаная памяці беларускай інтэлігенцыі, расстралянай уночы 29 кастрычніка.

У акцыі ўзялі ўдзел блізу паўтары дзясяткаў чалавек, у тым ліку адзін з лідараў апазіцыі Мікалай Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч, беларуская рэжысёрка Вольга Нікалайчык, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў, каардынатар партыі БХД Менскай вобласці Павел Пракаповіч, грамадская актывістка Ніна Багінская, праваабаронца Наталля Гарачка-Басалыга. Яны прыйшлі ўшанаваць памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій з запаленымі свечкамі і партрэтамі рэпрэсаваных.

Акцыя пачалася а 19.00 і доўжылася амаль паўгадзіны, пасля чаго Мікалай Статкевіч абвясціў аб яе заканчэнні.

Калі людзі сталі разыходзіцца, супрацоўнікі міліцыі спрабавалі затрымаць Паўла Пракаповіча. Трое міліцыянтаў схапілі яго і спрабавалі забраць, але ім перашкодзілі ўдзельнікі акцыі, якія фактычна адбілі Пракаповіча.

Як распавёў Пракаповіч БелаПАН, узнік інцыдэнт з начальнікам менскай міліцыі Аляксандрам Барсуковым. Са слоў актывіста, ён ішоў з партрэтам, а Барсукоў папярэдзіў яго, каб той «не спатыкнуўся». У адказ Пракаповіч пацікавіўся, чаму прадстаўнік міліцыі такі злы, пасля чаго Барсукоў, са слоў актывіста, вылаяўся. Пракаповіч надумаў яго сфатаграфаваць, і яму гэта атрымалася, але на актывіста адразу ж накінуліся трое міліцыянтаў.

Да канца акцыі каля КДБ з'явіўся адзін з лідараў «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. Ён растлумачыў, што не змог прыйсці да 19.00 праз тое, што ягоны аўтамабіль спынілі супрацоўнікі ДАІ.

Дашкевіч выказаў здзіўленне такой нервовай рэакцыяй сілавікоў на мірную акцыю, у тым ліку тым, што міліцыянтаў было ў некалькі разоў больш, чым удзельнікаў. «Цягам лета мы праводзілі акцыі, якія практычна не выклікалі рэакцыі з боку сілавых структур. Сённяшнюю нервовую рэакцыю я звязваю з тым, што яна праходзіць каля сцен КДБ, супрацоўнікі якога з'яўляюцца паслядоўнікамі тых, хто праводзіў рэпрэсіі ў 1930-х гадах», - сказаў Дашкевіч.

Да 20.00 каля сцен КДБ засталося некалькі актывістаў на чале з Дашкевічам. Статкевіч і большасць удзельнікаў акцыі разышліся.

Акцыя арганізаваная «Маладым фронтам» з нагоды дня памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, які беларуская дэмакратычная грамадскасць штогод адзначае 29 кастрычніка.

Нагадаем, 29 кастрычніка 1937 - адная з самых страшных дат у гісторыі Беларусі. Уночы 29 кастрычніка ў сутарэннях КДБ былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

У расстрэльным спісе, які быў падпісаны ў тым ліку Сталіным і Молатавым, былі імёны такіх выбітных дзеячоў культуры Беларусі як Алесь Дудар, Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Валерый Маракоў, Васіль Сташэўскі, Тодар Кляшторны, Янка Нёманскі.

Усяго ў тую ноч былі расстраляныя, паводле звестак гісторыкаў, больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Месцы іх пахаванняў дагэтуль невядомыя.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках