2 траўня 2024, Чацвер, 8:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рафат Чубараў: Менск больш не можа быць месцам перамоваў аб Данбасе

10
Рафат Чубараў: Менск больш не можа быць месцам перамоваў аб Данбасе
РАФАТ ЧУБАРАЎ
ФОТА: EPA

Пасля спробы зрыву беларускімі ўладамі галасавання ў ААН аб Крыме, пляцоўку для перамоваў наконт Данбаса трэба перанесці ў Варшаву.

Пра гэта ў Facebook напісаў народны дэпутат Украіны, кіраўнік Меджліса крымска-татарскага народа Рафат Чубараў.

«Праўда палягае ў тым, што напярэдадні пасяджэння (15 лістапада 2016 году) Трэцяга камітэта ААН Расея адвяла Беларусі ролю шныра, навостранага на зрыў разгляду праекта Рэзалюцыі аб сітуацыі з правамі чалавека ў акупаваным РФ Крыме», - напісаў ён.

Кіраўнік Меджліса падкрэсліў, што пры гэтым уся адказнасць за такую прыніжальную для Беларусі ролю ўскладаецца на афіцыйныя ўлады Беларусі.

«Відавочна таксама і тое, што Менск не можа і далей заставацца месцам правядзення сустрэч і перамоў паводле ўсяго спектра пытанняў, звязаных з агрэсіяй Расеі супраць Украіны» - падкрэсліў Чубараў.

У сваю чаргу, палітолаг Віктар Каспрук упэўнены, што ў такіх дыпламатычных казусах не варта спяшацца, бо прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка скаваны ціскам з Масквы.

«Ён спрабуе ўвесь час сядзець на двух крэслах. У гэтым выпадку Масква вельмі ціснула на яго і ён быў вымушаны так зрабіць. Хоць з іншага боку, ён дазволіў Расеі адкрыць на беларускай тэрыторыі вайсковыя базы, што таксама не з'яўляюцца сяброўскімі мерапрыемствамі ў дачыненні да Украіны», - цытуе Каспрука inforesist.org.

Што тычыцца менскага фармату перамоваў, то ён, са словаў палітолага, даўно сябе зжыў.

«Гаворка не пра тое, што трэба нейкі іншы фармат пачаць. А пра тое, што пасля прыходу Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта, было б правільным яго падключыць да гэтага. Пасля чаго гэтыя перамовы можна было б перанесці з Менска ў Варшаву, калі на гэтыя перамовы далучацца Вялікая Брытанія і ЗША. Думаю, што Трамп будзе моцным прэзідэнтам і ён зможа, выкарыстоўваючы дыпламатычны падыход, давесці Пуціну, што трэба заканчваць гульню, якую ён пачаў з Украінай. А менскі фармат сканаў тады, калі Беларусь падтрымала анэксію Крыму», - падкрэсліў ён.

Разам з тым, як мяркуе палітолаг Уладзімір Цыбулька, у гэтай сітуацыі неабходна ўжыць наступныя захады.

«Украіна павінна запатрабаваць перанесці перамовы трохбаковай кантактнай групы на нейтральную тэрыторыю. Выгадна было б праводзіць іх у Варшаве, але не думаю, што на гэта пойдзе Расея. Думаю, што пытанне пераносу сустрэч павінны вынесці на абмеркаванне», - сказаў Цыбулька.

Як раней паведамляў сайт charter97.org, 15 лістапада Беларусь у ААН спрабавала сарваць галасаванне аб Крыме. Аднак пазней міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін паведаміў, што на пасяджэнні трэцяга камітэта Генеральнай Асамблеі ААН праект рэзалюцыі аб парушэннях правоў чалавека ў Крыме ўсё ж быў прыняты.

За праект рэзалюцыі прагаласавалі 73 краіны - чальцы ААН, супраць - 23, яшчэ 76 устрымаліся. Сярод краін, якія галасавалі супраць прыняцця рэзалюцыі, выявіліся Беларусь, Арменія і Казахстан.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках