18 траўня 2024, Субота, 18:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада ЕЗ ухваліла бязвізавы рэжым для Украіны

13
Рада ЕЗ ухваліла бязвізавы рэжым для Украіны

Краіны Еўразвязу пагадзіліся ўвесці бязвізавы рэжым з Украінай.

Дзяржавы ЕЗ дамовіліся аб скасаванні віз для грамадзян Украіны. Рэалізацыя пагаднення аб бязвізавым рэжыме стане магчымая пасля таго, як будзе ўдасканалены механізм прыпынення дзеяння гэтага рэжыму, паведамляе Reuters .

«Я вельмі рады, што нашая пастанова можа перадаць пазітыўны сігнал перад самітам ЕЗ — Украіна 24 лістапада», — заявіў сталы прадстаўнік Славакіі ў ЕЗ Пітэр Яворчык.

У панядзелак, 14 лістапада, украінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка заклікаў ЕЗ паскорыць выдачу Украіне бязвізавага рэжыму. Паводле ягоных слоў, краіна выканала ўсе неабходныя патрабаванні. «Мы зрабілі 144 рэформы, што было пацверджана спецыяльнай ацэначнай місіяй ЕЗ», — заявіў Парашэнка (цытата з «Лига.Новости»). Неабходныя папраўкі ў заканадаўства Вярхоўная рада прыняла яшчэ ў лютым. Яны маюць на ўвазе ўзмацненне ў сферах барацьбы з карупцыяй, нелегальнай міграцыяй і дыскрымінацыяй.

У верасні стала вядома, што камітэт Еўрапарламенту грамадзянскіх свабод, юстыцыі і ўнутраных спраў падтрымаў увядзенне бязвізавага рэжыму з Украінай.

Гэтая ініцыятыва павінна быць ухваленая ў еўрапейскім парламенце і Радзе Еўропы. На сэсіі ў канцы кастрычніка Еўрапарламент не стаў разглядаць пытанне аб наданні Украіне і Грузіі бязвізавага рэжыму з краінамі Еўразвязу. 23 кастрычніка прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка у інтэрв'ю тэлеканалу «112 Украіна» заяўляў, што бязвізавы рэжым будзе ўхвалены да саміту Украіна — ЕЗ у Брусэлі , які запланаваны 24 лістапада.

Са слоў украінскага прэзідэнта, затрымка з наданнем бязвізавага рэжыму была звязаная са спрэчкай паміж Еўрапарламентам і Еўрапейскай камісіяй аб паўнамоцтвах ў прыпыненні бязвізавага рэжыму для кожнай з краін.

Увядзенне бязвізавага ўезду ў ЕЗ азначае, што ўкраінцы, якія маюць біяметрычныя пашпарты, змогуць знаходзіцца ў краінах Шэнгенскага пагаднення без візы цягам 90 дзён. Тэрмін можа быць павялічаны да 180 дзён для дзелавой паездкі, турыстычнай праграмы або развязання сямейных пытанняў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках