29 красавiка 2024, панядзелак, 6:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За гібель школьніцы «на бульбе» дырэктару школы далі вымову

25
За гібель школьніцы «на бульбе» дырэктару школы далі вымову
Фота: tut.by

А ягонага намесніка перавялі ў настаўнікі.

Дырэктара 11 маладзечанскай школы пакаралі за смерць 13-гадовай школьніцы Вікторыі Папчэні «на бульбе» праз два месяцы пасля інцыдэнту. Дзяўчынка загінула пад коламі грузавіка, яна не чула яго набліжэння, бо мела праблемы са слыхам.

Каго яшчэ пакаралі

«Так, мне далі вымову, а маіх намеснікаў перавялі ў настаўнікі», - пацвярджае «Еўрарадыё» дырэктар школы Аляксандр Люльковіч.

Апроч яго пакаралі і чыноўнікаў з мясцовага аддзела адукацыі, канкрэтнае імя ў райвыканкаме называць адмаўляюцца:

«Не хацелася б гэта каментаваць. Калі будзе неабходнасць, мы пададзім гэтыя звесткі грамадскасці», - суха адказваюць у райвыканкаме.

Хто застаўся «за кадрам»

Па гэты дзень не вядомае імя чыноўніка, які адправіў збіраць бульбу школьнікаў у абыход закона. Таму што трынаццацігадовым нельга працаваць, такі загад парушае адразу шэсць законаў!

«29 верасня з вучаніцай 8 класа 11 сярэдняй школы Папчэняй Вікторыяй Алегаўнай адбыўся няшчасны выпадак у выніку наезду, учыненага кіроўцам грузавога спецыяльнага самазвала. Паводле факту ДТЗ распачатая крымінальная справа. Праведзенае службовае расследаванне адміністрацыяй школы з удзелам прадстаўніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама», - адказваюць чыноўнікі на афіцыйны запыт журналістаў з просьбай назваць імя аўтара загаду.

Як вядома, пісьмовую згоду на тое, каб дзяўчынка ехала збіраць бульбу, яе бацькі не давалі.

Хто адкажа за смерць дзяўчынкі

Фігурантам справы пакуль застаецца кіроўца таго самага грузавіка Павел. Ён не пад вартай, з ім правялі следчы эксперымент. З працы 22-гадовага хлопца не звальнялі. Настаўнікі, якія суправаджалі школьнікаў на полі, працуюць у школе далей. Следства пакуль вядзецца і «ўсе версіі спраўджваюцца». Гэта значыць, адказаць могуць усе: ад чыноўнікаў да настаўнікаў, гэта вызначыць суд.

Што гавораць чыноўнікі

Бацькі школьніцы і праваабаронца Леанід Судаленка звяртаюцца ва ўсе інстанцыі, каб у справе разабраліся. Але пакуль ніякай канкрэтыкі не атрымліваюць.

«Ні рабочых, ні грамадзянска-прававых стасункаў са школьніцай не было ўстаноўлена», - гэта адказ на зварот бацькоў дзяўчынкі ў дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы і сацыяльнай абароны.

Чыноўнікі ад Мінадукацыі, выяўляецца, яшчэ раней папярэдзілі аблвыканкамы, што нельга накіроўваць дзяцей «на бульбу».

«Вучні ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі <...> да выканання сельскагаспадарчых работ не прыцягваюцца», - адказалі ў міністэрстве.

На думку Леаніда Судаленкі, пакуль справу імкнуцца прадставіць як звычайнае ДТЗ:

«Вымова - гэта самае малое, што павінна быць у такой сітуацыі. Мінадукацыі яшчэ ў красавіку забараніла прыцягваць дзяцей да такіх работ. А цяпер мы бачым жаданне ўсё спісаць на банальнае дарожна-транспартнае здарэнне. І ніхто не кажа, чаму ў абыход законаў 13-ці гадовая дзяўчынка папала на поле».

Цяпер бацькі дзяўчынкі звярнуліся ў суд. 28 лістапада адбудзецца папярэдняе слуханне.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках