16 траўня 2024, Чацвер, 6:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежны прафсаюз стаў на абарону бацькоў школьніцы, што загінула пад Маладзечна

24
Незалежны прафсаюз стаў на абарону бацькоў школьніцы, што загінула пад Маладзечна
ФОТА: СЛЕДЧЫ КАМІТЭТ

Юрысты прафсаюзу РЭП дамагаюцца правядзення спецыяльнага расследавання і выплаты бацькам кампенсацыі.

Прафсаюз РЭП чакае вынікі спецыяльнага расследавання паводле факта трагедыі, якая адбылася ў верасні гэтага года падчас уборкі бульбы ў Маладзечанскім раёне, у выніку якой пад коламі грузавіка загінула 13-гадовая школьніца.

Прафсаюз РЭП працягвае ўважліва сачыць за дзеяннямі ўладаў у сувязі з гібеллю на сельгасработах у Маладзечанскім раёне 13-гадовай дзяўчынкі. Прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка патлумачыў у каментары praca-by.info, чаму бацькам, нягледзячы на страшнае гора, варта дамагацца прызнання факту няшчаснага выпадку на вытворчасці і патрабаваць выплаты кампенсацыі.

Нагадаем, прафсаюз РЭП дапамог бацьку загінулай дзяўчынкі скласці зварот у мясцовы міжраённы дэпартамент інспекцыі працы з просьбай прызнаць факт працоўных адносін і правесці спецыяльнае расследаванне няшчаснага выпадку са смяротным зыходам. Але дэпартамент адмовіў, спаслаўшыся на тое, што працоўнае заканадаўства дапускае заключэнне працоўных дамоў з работнікамі з 14 гадоў, а загінулай дзяўчынцы было 13.

– Зыходзячы з адказу дэпартамента, раз заканадаўства забараняе выкарыстоўваць працу дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, значыць, працоўных адносін не было. Мы з гэтым не згодныя. Таму з дапамогай нашага прафсаюза бацька загінулай дзяўчынкі звярнуўся ў суд Маладзечанскага раёна (суд першай інстанцыі) з просьбай прызнаць у судовым парадку факт працоўных адносін і абавязаць Маладзечанскі міжраённы дэпартамент працы прызнаць няшчасны выпадак вытворчым і скласці акт формы Н-1, – распавёў Леанід Судаленка.

Пасля звароту ў суд бацькоў загінулай дзяўчынкі запрасілі ў мясцовы дэпартамент працы, дзе паведамілі, са слоў бацькі дзіцяці, што на патрабаванне пракуратуры ініцыявана правядзенне расследавання. Бацькоў уключылі ў склад камісіі і прапанавалі ў любы час прыходзіць і знаёміцца з дакументамі.

– Бацькі хочуць дамагчыся справядлівасці. Мы, як прафсаюз, падтрымліваем іх у гэтым і хочам, каб такая трагедыя больш ніколі не паўтарылася. Мы патрабуем, каб адказнасць за гібель дзяўчынкі панеслі не толькі кіроўца і настаўніца, якія па волі лёсу аказаліся там і выконвалі пастанову вышэйстаячых чыноўнікаў. Каманду вывесці дзяцей у поле давалі мясцовыя чыноўнікі райвыканкама, хто канкрэтна – павінна ўсталяваць следства, – адзначыў прафсаюзны юрыст.

Ён падкрэсліў, што прафсаюз РЭП уключыўся ў гэтую справу, каб пакласці канец выкарыстанню заганнай практыкі прымянення дзіцячай працы. Менавіта таму, лічыць Леанід Судаленка, неабходна дамагчыся справядлівасці і прымусіць улады выплаціць сям'і кампенсацыю паводле закона.

– Трэба паглядзець калектыўную дамову. Паводле генеральнага пагаднення належыць выплата ў памеры дзесяці сярэднегадавых заробкаў, гэта прыстойная сума, блізу 50 тысяч еўра, калі будзе ўсталяваны факт працоўных адносін. Плюс ніхто не адмяняў кампенсацыю маральнай шкоды. Цяжка ацэньваць жыццё ўласнага дзіцяці, але выплаты, якія належаць сям'і, трэба запатрабаваць. Я разумею, што бацькам будзе вельмі няпроста ў гэтай сітуацыі. Але магу сказаць, зыходзячы з практыкі забойстваў, спаганяюць па 300 млн (недэнамінаваных). У маёй практыцы быў выпадак, калі на гомельскім вагонарамонтным заводзе загінуў рабочы, і брату і маці выплацілі па 150 млн недэнамінаваных рублёў маральнай шкоды, у суме з завода спагналі 30 тысяч даляраў, – распавёў прафсаюзны юрыст.

– Каб такога больш не паўтарылася, мы павінны як мага шырэй інфармаваць насельніцтва краіны, бацькоў. Вядома, усе мы разумеем, што дзіцяці бацькам ніхто не верне, але, тым не менш, маўчаць мы не маем права, – сказаў на заканчэнне Леанід Судаленка.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках