2 траўня 2024, Чацвер, 5:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«СтопХам» дабраўся да Салігорска

24

На стаянцы «Беларуськалія» няправільна прыпаркаваныя аўто блакуюць плітамі.

У групе «Салігорскія аўтааматары» з'явіліся фатаграфіі заблакаваных цяжкімі плітамі аўтамабіляў. Высветлілася, што гэта стаянка 1-га рудніка «Беларуськалію». Паркоўка невялікая, самаходы кіроўцы пакідаюць як атрымаецца. Але замест таго, каб даць магчымасць разбірацца ў сітуацыі дзяржаўтаінспектару, на заводзе знайшлі свой спосаб развязання праблемы.

У каментарах людзі пішуць, што такая сітуацыя адбываецца не першы год:

— Прыходзіш, а аўтамабіль заблакаваны плітой. Так, няправільна прыпаркаваны. Але ж не такім спосабам змагацца з парушальнікамі? — абураюцца карыстальнікі сацыяльнай сеткі.

У каментарах да допісу чытачы пішуць — праблема ўзнікла таму, што людзі паркуюць свае аўтамабілі не ў дазволеных месцах, а бліжэй да прахадной, займаючы месцы на ходніках і праездах.

Адны радыкальнае развязанне лаюць, а іншыя хваляць. Намеснік начальніка цэха 1-га рудніка Вячаслаў Алістархаў кажа tut.by, што аўтамабілі блакуюць на ягоны загад.

— Стаянка 1-га рудніка — гэта ўласнасць завода, ДАІ не мае да яе ніякага дачынення. На якой падставе я блакую самаходы? У мяне ёсць унутраны дакумент — распараджэнне №480 ад 2014 года. Ён тычыцца ўпарадкавання руху стаянкі транспартных сродкаў для 1-га рудніка ў мэтах павышэння асабістай бяспекі на аўтамабільнай стаянцы і больш рацыянальнага выкарыстання паркоўкі.

Сутнасць дакумента ў тым, што на намесніка начальніка цэха ўскладзеная функцыя кантролю за станам стаянкі, замацаванай за 1-м рудніком. У адпаведнасці з ім намеснік абавязаны сачыць за своечасовай чысткай дарог, ходнікаў, апрацоўкай іх пры патрэбе соллю, захаванасцю дарожных знакаў і адсутнасцю на паркоўцы аўтамабіляў тых, хто не працуе ў «Беларуськаліі».

— Дрэнна фатографы спрацавалі. Вы звярнулі ўвагу, дзе стаяў заблакаваны аўтамабіль? На ходніку! Гэты мэрсэдэс стаяў там і ў чацвер, і ў пятніцу. Я знайшоў нумар тэлефона, патэлефанаваў, але тэлефон быў заблакаваны. Тады я прыняў пастанову паставіць пліту — і парушальнік тут жа знайшоўся. Выбачыўся, сказаў, што не ведаў. Але як можна не ведаць, што на ходніку нельга паркавацца? Ён жа кіроўца. Проста ў яго спераду вісіць плакат: за парушэнне правілаў паркоўкі аўтамабіль будзе эвакуяваны і заблакаваны.

У такіх выпадках людзі альбо да мяне ідуць, выбачаюцца, і я даю каманду прыбраць пліту, альбо самі ломам прыбіраюць. Кіроўцы ставяць аўто ў праездах, ля смеццевых бакаў. Размовы не дапамагаюць, ды і такога спосабу стае на тры-чатыры месяцы. І гэта цягнецца ўжо гадоў шэсць — паркуюць аўтамабілі дзе і як захочуць.

У Салігорскай ДАІ кажуць, што званкоў са скаргамі на няправільную паркоўку на гэтай стаянцы не паступала. Тут адзначаюць, што нават калі стаянка належыць і абслугоўваецца заводам, то прывучаць кіроўцаў да правільнай паркоўкі, блакуючы аўтамабілі плітамі, нельга.

— Нават калі гэта тэрыторыя завода, яны абавязаныя выклікаць ДАІ. Можна сказаць, што гэтым уціскаюцца правы людзей. Той, хто блакуе самаход, нават калі кіруецца ўнутраным дакументам, парушае ПДР. Тут бачыцца адразу некалькі парушэнняў: загрувашчванне праезнай часткі (арт. 18.35 КоАП, штраф ад 2 да 5 базавых адзінак), абмежаванне правоў на кіраванне і карыстанне транспартным сродкам (арт. 18.28 КоАП, цягне накладанне штрафу сумай ад 15 да 20 базавых адзінак).

З іншага боку, кіроўцы павінны памятаць, што парушэнне правілаў паркоўкі і стаянкі цягне за сабой накладанне штрафу на 1 базавую адзінку — 21 рубель (арт 18.22 «Парушэнне правілаў прыпынку і стаянкі транспартнага сродку»).

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках