29 красавiка 2024, панядзелак, 10:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дрыжыкі дыктатараў

17
Дрыжыкі дыктатараў
Віктар Януковіч
ФОТА: КОММЕРСАНТ

Асобныя дыктатары закруціліся ў крэслах, калі беглы прэзідэнт Януковіч прамаўляў свой спіч.

Здавалася б, што беларусам ад апавядаў Януковіча аб ягоных уцёках з рэзідэнцыі ў Межыгор'і? Але не, прызнання збеглага прэзідэнта абуджае ў сэрцах масу пачуццяў. Прычым, што дзіўна, самых светлых, піша «Салідарнасць».

І справа тут не толькі ў перамозе справядлівасці - да справядлівасці тут яшчэ далёка. І нават не ў вяртанні даўно страчанай веры ў тое, што рана ці позна злачынцам, хай і такога высокага рангу, давядзецца адказваць за зробленае. Справа ў іншым.

Слухаеш Януковіча і выразна разумееш, як няўтульна ў гэты момант стала ўсім тым ягоным «калегам», хто, як і ён, адгарадзіўся ад уласнага народа высокім парканам рэзідэнцый, жыццё за якім так моцна адрозніваецца ад таго, што ён гэтаму самому народу змог даць.

Не сумняваюся, асобныя дыктатары закруціліся ў сваіх мяккіх пазалочаных крэслах у момант, калі беглы ўкраінскі прэзідэнт прамаўляў свой спіч.

«Я ўпэўнены быў на сто адсоткаў, што пачнуць штурмаваць рэзідэнцыю! А ў мяне былі там байцы з маёй аховы, сур'ёзныя, адданыя, блізу тысячы чалавек, узброеныя да зубоў, і яны б да смерці там стаялі!» - вяшчаў Януковіч, выклікаючы відавочны дыскамфорт у такіх жа высокапастаўленых асобаў.

Упэўненыя ў сваёй нязменнасці і беспакаранасці, яны, як і беглы ўкраінскі прэзідэнт, атачылі сябе тысячаю адданых апрычнікаў, гатовых памерці за свайго «цара», але, як давёў ім Януковіч, гэта зусім не з'яўляецца гарантыяй бяспекі. І разуменне гэтага здольнае сапсаваць настрой нават вельмі саманадзейным дыктатарам.

Таму што і сам Януковіч наўрад ці калі думаў, што вымушаны будзе ў спешцы бегчы з наседжанага гнязда (калі слова «гняздо» наогул пасуе ў дачыненні да Межыгор'я). Адназначна не. Інакш бы не раскідваў па ўсіх кутках залатыя батоны, баючыся, што гэтыя прыемныя дробязі ягонага размеранага жыцця могуць убачыць тыя, каму гэтае мірнае жыццё ён наабяцаў на чарговых выбарах. Нездарма ж у ягоным коле і ўзнікла гэта прапанова спаліць рэзідэнцыю «на хрэн».

«У мяне стаялі прафесіяналы з кулямётамі, з аўтаматычнай зброяй! І тады я сказаў: «Ды хрэн з ёй, з гэтай рэзідэнцыяй! Хай адкрываюць браму, няхай глядзяць!..». Некаторыя мне казалі: «Ды давай мы яе спалім на хрэн!..» Я кажу: «Ды вы што? Якое я маю да гэтага дачыненне?! Гэта не мая ўласнасць, каб паліць!» - апраўдваўся беглы прэзідэнт.

Гэта значыць, Януковіч выдатна разумеў, што ўбачанае відавочна вырабіць ўражанне на наведвальнікаў і выкліча масу пытанняў да яго - да «слугі народа». І гэта разумеюць і тыя іншыя, якія толькі абяцаюць моцна расчараваць беднасцю свайго жылля, але чамусьці так і не асмельваюцца адкрыць яго дзверы.

І вось цяпер, стоячы перад камерамі, хай і ў бяспечным для сябе месцы, беглы прэзідэнт вымушаны апраўдвацца, распавядаючы, як прадухіліў кровапраліцце, як выратаваў ад пажару «народны здабытак» і іншыя дзіўныя гісторыі.

Зрэшты, усё, што ён кажа, фактычна, ужо не такое важнае. Важны сам факт. Вось гэтае пачуццё дыскамфорту і страху, якое Януковіч, сам таго не жадаючы, падарыў жыльцам раскошных рэзідэнцый ва ўсім свеце. І ні перапісванне канстытуцыі, ні падаўжэнне сваіх уладных паўнамоцтваў ужо не дазволіць ім пазбавіцца ад гэтага непрыемнага адчування.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках