27 красавiка 2024, Субота, 2:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларуска распавяла пра сваё жыццё ў Ізраілі: «Прыезджым штодня выплачваюць $25 на харчаванне»

141
Беларуска распавяла пра сваё жыццё ў Ізраілі: «Прыезджым штодня выплачваюць $25 на харчаванне»
ЛАРЫСА ПУЗІНАС
ФОТА: АЛЯКСАНДР КОРАБ

Ізраільскія лекары паставілі пенсіянерку з Баранавічаў на ногі.

74-гадовая Ларыса Пузінас, якая год таму ўслед за сынам пераехала ў Ізраіль, распавяла intex-press.by, чым адрозніваецца ізраільская медыцына ад беларускай, чаму там няма бамжоў і як бавяць час пенсіянеры

Сын Ларысы Пузінас разам з жонкай і дачкой з'ехаў з Беларусі ў снежні 2014 года праз матэрыяльныя цяжкасці. Сын працаваў электрыкам пятага разраду, яго жонка – медсястрой, але грошай не ставала.

У Ізраілі сын Ларысы Пятроўны ўладкаваўся на завод вытворчасці пластыка. Без ведання мовы і пацверджання дыплома плацяць пакуль мінімальны заробак. Але прадпрыемства адразу выдзеліла сям'і дом, у якім была мэбля, бытавая тэхніка і нават прадукты. Дачка сына пайшла ў першы клас. Цяпер яна вучыцца ў 3 класе і ўжо піша і размаўляе на іўрыце. Нявестка Ларысы Пузінас вывучае мову, каб пацвердзіць свой дыплом і атрымаць працу.

Нядаўна сям'я зняла 3-пакаёвую кватэру і думае аб набыцці ўласнага жылля. У Ізраілі можна ўзяць крэдыт на 15 гадоў пад 2% гадавых.

– Кватэры там вельмі дарагія: калі я сваю трохпакаёўку ў Баранавічах прадам, то гэтай сумы не хопіць нават на першы ўнёсак. Дарагая там і камуналка – 2/3 заробку сыходзіць. Але пакінутай сумы цалкам стае на ежу і адзенне, – кажа Ларыса Пузінас.

«Нам не трэба»

У Ізраіль Ларыса Пузінас паехала, каб быць бліжэй да сына:

– Немаладая ўжо, хварэю. Думала, што еду туды дажываць, а аказалася – прыехала жыць. Ізраільскія лекары мяне на ногі паставілі.

З яе слоў, медыцына ў Ізраілі вельмі адрозніваецца ад беларускай. Ізраільскія лекары ніколі не хамяць пацыентам і перажываюць, калі хтосьці скардзіцца. У ізраільскай клініцы пенсіянерка падпісала дамову, паводле якой яна штомесяц плаціць блізу $20. За гэтыя грошы яе прымае лекар, прызначае працэдуры.

– Я прывезла выпіскі са сваёй медкартачкі, але лекарка сказала: «Нічога вашага нам не трэба». У мяне ўзялі ўсе аналізы і прызначылі лячэнне. Лекі падабралі настолькі правільна, што я забылася на свой цукровы дыябет і ціск, – кажа Ларыса Пузінас.

У Ізраілі лекары самі тэлефануюць прызначаюць пацыентам і час прыёму. Усе балючыя працэдуры (напрыклад, гастраскоп) робяць пад анестэзіяй. А вось на дом выклікаць лекара нельга – трэба самому ехаць у бальніцу. «Хуткая» ніякай дапамогі не аказвае, а толькі адвозіць у шпіталь, а калі ўсё добра – то і назад дадому. Але такое «таксі» каштуе дорага.

Раз у год усе жыхары Ізраіля абавязкова здаюць аналіз кала на ўтоеную кроў, каб выявіць рак прамой кішкі на ранняй стадыі. Жанчын абавязкова правяраюць на мастапатыю.

– Лекары ў Ізраілі – высокааплатныя спецыялісты. Калі мая нявестка пацвердзіць тут свой медыцынскі дыплом і здасць «мову», будзе атрымліваць не менш за 2 тысячы даляраў у месяц, – тлумачыць пенсіянерка.

Родныя прадукты і мова

Цэны на прадукты, са слоў Ларысы Пузінас, практычна не адрозніваюцца ад беларускіх. У продажы шмат садавіны, розных відаў мяса і рыбы, а таксама зеляніны, якую купляюць вялікімі пучкамі і дадаюць ва ўсе стравы.

– Адразу пасля куплі рыбу і мяса прама ў краме бясплатна вымыюць, пачысцяць і парэжуць так, як вы пажадаеце, – расказвае Ларыса Пятроўна.

Яшчэ яе здзівіла, што там ядуць шмат паўфабрыкатаў. Праўда, яны адрозніваюцца ад нашых: гэта натуральныя кавалкі мяса ці курыцы, якія разаграваюць у мікрахвалеўцы. Ёсць у Ізраілі спецыялізаваныя расейскія крамы. Там прадаюцца звыклыя беларусам каўбасы, маянэз, шпроты.

– Маянэз я купляю толькі там – ізраільскі вельмі востры. А вось бульба адрозніваецца па смаку ад беларускай, і есці яе могуць нават хворыя дыябетам, – кажа пенсіянерка.

Праблем з камунікацыяй у новай краіне няма. Руская мова ў хаду, так як нямала выхадцаў з Расеі і Беларусі. Некаторыя жывуць у Ізраілі па 20 гадоў, але мясцовую мову не асвоілі.

– Аднойчы іду па вуліцы і чую, як хтосьці моцна вылаяўся па-нашаму. Ну, думаю, дакладна расеец ці беларус. Паварочваюся – негр, – смяецца пенсіянерка.

Тых, што прыязджаюць запрашаюць у мясцовыя клубы па інтарэсах. Там параяць, дзе што купіць, за невялікую плату накормяць сняданкамі і абедамі, адвязуць на экскурсію.

«Нашы людзі нядбалыя»

Прыезджым першыя паўгода выплачваюць дапамогу – блізу $670. На першы час выдаюць прадуктовы паёк і сумку з пледам, пасцельнай бялізнай, посудам.

– Калі за паўгода ты не знайшоў працу, штодня(!) банк выплачвае 25 даляраў на харчаванне. Робіцца гэта, каб людзі не галадалі і не кралі. Таму ў Ізраілі няма бамжоў, – тлумачыць Ларыса Пузінас. – Знаходзіш працу, гэтую суму вылічваюць з заробку.

Праўда, адзначае яна, «нашы людзі нядбалыя». Атрымаўшы грашовую дапамогу, яны купляюць бытавую тэхніку, якая ў Ізраілі танная.

– Грошай можа не быць на ежу, затое поўны дом чайнікаў і тэлевізараў, – смяецца пенсіянерка.

Пенсіянеры жывуць у сваё задавальненне

У Ізраілі жанчыны выходзяць на пенсію ў 60 гадоў, мужчыны – у 65. Мінімальная пенсія – 2800 шэкелей (блізу $720). Ізраільцяне, пакуль працуюць, пастаянна адкладаюць сумы і на пенсію выходзяць, маючы невялікі капітал. На гэтыя грошы пенсіянеры падарожнічаюць і жывуць у сваё задавальненне.

– Візы адкрываць не трэба: ляці ў Амерыку, Англію, Чэхаславакію. Квіткі танныя. Часта ізраільскія пенсіянеры едуць у Нямеччыну за прадуктамі і адзеннем, якія там танней, – кажа Ларыса Пузінас. – У пенсіянераў 50% зніжка на паездкі па чыгунцы, на аплату камунальных. Не тое, што ў нас...

Пасля таго, як Ларыса Пятроўна пераехала ў Ізраіль на ПМЖ, беларускую пенсію яна не атрымлівае, хоць працоўны стаж у яе 40 гадоў. У Ізраілі ёй плацяць мінімальную пенсію, і зніжкамі, як і мясцовыя пенсіянеры, яна таксама можа карыстацца.

– Вядома, сумую па Баранавічах, па родных і знаёмых, – прызнаецца пенсіянерка. – Але і там я ўжо адчуваю сябе як дома.

Напісаць каментар 141

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках