26 красавiка 2024, Пятніца, 10:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Швэйцарыі зноў сталі самымі заможнымі грамадзянамі ў свеце

12
Жыхары Швэйцарыі зноў сталі самымі заможнымі грамадзянамі ў свеце

Сярэднестатыстычны дарослы жыхар Швэйцарыі ў 11 разоў багацейшы, чым сярэднестатыстычны жыхар планеты.

Швэйцарыя - маленькая краіна з вялікімі капіталамі

Цягам многіх гадоў Швэйцарыя зарабіла сабе рэпутацыю «мясціны найбагацейшых гэтага свету». Аддаваць гэтае званне краіна зусім не збіраецца, што пацвярджаецца вынікамі Global Wealth Report за 2016 год, аўтарамі якога чарговым разам выступілі экспэрты даследчага інстытута Credit Suisse (Credit Suisse Research Institute), піша сайт banks.eu.

За 2016 год агульны аб'ём актываў, які знаходзіцца на руках прыватных хатніх гаспадарак Швэйцарыі, налічвае 3,5 трыльёна даляраў, а гэта - 1,4% ад усіх сусветных актываў.

Прычына такіх паказчыкаў палягае не столькі ў велізарнай працавітасці саміх швэйцарцаў, колькі ў сталым умацаванні швэйцарскага франка: пачынаючы з 2000-х гадоў дзве траціны жыхароў Швэйцарыі павялічылі свае фінансавыя назапашванні, дзякуючы курсавой розніцы.

Аднак нават без уліку валютных ваганняў, швэйцарцы ўсё адно засталіся ў выйгрышы - агульны дабрабыт краіны ў швэйцарскіх франках з 2000 года штогод павялічваўся на 3,1%, гэта значыць, за 16 гадоў у сярэднім швэйцарцы сталі багацейшымі на 61%.

У дачыненні да даляра ЗША агульны прырост дабрабыту краіны за апошнія 16 гадоў склаў 171%. Як вынік, Альпійская рэспубліка перасягнула паказчыкі эканамічна развітых краін свету, дзе агульны тэмп росту ў сярэднім склаў 119% за аналагічны перыяд.

Той факт, што ў даляравым эквіваленце актывы швэйцарцаў выраслі куды больш значна, чым у пераводзе на франк, тлумачыцца даволі проста: амерыканская валюта з 2000 г актыўна губляла сваю вартасць.

Колькі зарабляе найбагацейшая нацыя ў свеце?

Будучы неаднаразовай уладальніцай тытула самай канкурэнтаздольнай краіны ў свеце, Швэйцарыя таксама стала сапраўдным домам для заможных грамадзян. Як вынікае з паведамленняў Global Wealth Report, швэйцарцы ў 11 разоў багацейшыя за кожнага іншага жыхара свету, пры гэтым самі складаюць толькі 0,1% ад усяго насельніцтва Зямлі.

Агулам актывы дарослага жыхара краіны (г.зн., улічваюцца як самі грамадзяне Швэйцарыі, так і замежнікі - гэты фактар трэба абавязкова ўлічваць, бо самі швэйцарцы маюць ва ўласнасці куды менш) ацэньваюцца на $561,9 тыс. Услед за ёй ідзе Аўстралія. Узровень фінансавага дабрабыту яе грамадзян на 33% ніжэйшы, чым у жыхароў Швэйцарыі.

Для параўнання: сярэдняя маса маёмасці ў грамадзян ЗША складае 344,7 тысячы даляраў, у грамадзян Вялікай Брытаніі - 288,8 тысячы, у грамадзян Францыі - 244,4 тысячы, у грамадзян Швэцыі - 227,3, а ў грамадзян Нямеччыны - 185,2 тысячы.

Агулам у краінах Еўропы зафіксаваны аб'ём актываў сумай 125,5 тысячы даляраў, а ва ўсім свеце - 52,8 тысячы.

Цікава, што паводле прагнозаў экспэртаў даследчага інстытута Credit Suisse, існы паказчык - гэта далёка не мяжа фінансавага росту багацця швэйцарцаў: праз 5 гадоў жыхары Швэйцарыі будуць мець актывы сумай блізу 600 тысяч даляраў.

Як жыве сярэдні клас у Швэйцарыі?

Характэрна, што медыянны ўзровень даходу жыхароў Швэйцарыі таксама з вялікім адрывам выйграе на фоне іншых дзяржаў свету. Так, паводле вынікаў Global Wealth Report, швэйцарцы зарабляюць блізу 244 тысяч, што ў 2,4 разы больш, чым, напрыклад, у грамадзян Вялікай Брытаніі (107,9 тысячы на год).

Для параўнання: медыянны даход грамадзян Францыі складае 99,9 тысячы на год, грамадзян ЗША - 45 тысяч, грамадзян Нямеччыны - 42,8 тысячы, грамадзян Швэцыі - 39,7 тысячы.

У выніку атрымліваецца, што паўналетнія жыхары Швэйцарыі атрымліваюць у 22 разы больш, чым жыхары Еўропы (11,3 тысячы даляраў) і амаль у 100 разоў больш, чым грамадзяне ва ўсім свеце (2,2 тысячы).

Важна, аднак, улічваць, што ў значнай ступені статыстыка багацця швейцарцаў абавязаная мільянерам і мільярдэрам-замежнікам, якія пражываюць у Швэйцарыі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках