1 траўня 2024, Серада, 5:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На беларуска-літоўскай мяжы аўтобус з дзецьмі трымалі 9 гадзін

12
На беларуска-літоўскай мяжы аўтобус з дзецьмі трымалі 9 гадзін

Пакуль аўтобус з дзецьмі стаяў у шматгадзіннай чарзе, мяжу без праблем перасякаў іншы транспарт - нібыта «з адмысловымі дазволамі».

Бацька, які захрас са сваім дзіцем у дзявяцігадзіннай чарзе на мяжы, распавёў «Салiдарнасцi» падрабязнасці гісторыі, а таксама пракаментаваў паводзіны прадстаўнікоў дзяржаўных органаў.

Інцыдэнт з коркам на літоўска-беларускай мяжы, у якую трапілі многія беларусы, якія ехалі ў нядзелю з Вільні ў Менск, атрымаў агалоску ў СМІ. Таксама напярэдадні паведамлялася аб аўтобусе з дзіцячай футбольнай камандай, пасажырам якога праз доўгае чаканне давялося выклікаць хуткую дапамогу.

Журналістам удалося даведацца падрабязнасці ад аднаго са сведкаў, які ехаў у аўтобусе разам з дзецьмі ды назіраў усё, што адбывалася каля пункта пропуску.

- Мы за паўгадзіны праехалі літоўскую мяжу і разлічвалі праз тры гадзіны быць у Менску, - распавёў Алег Дашкевіч, бацька аднаго з дзяцей. - На тэрыторыю Беларусі мы заехалі прыкладна а 19:30 і сталі ў чаргу - перад намі быў адзін вялікі аўтобус, пара маршрутак. І пачалі чакаць - прайшла гадзіна, дзве, тры...За гэты час нас абагналі некалькі аўтобусаў, але на нашу просьбу прапусціць нас без чаргі, бо аўтобус з дзецьмі, яны адказалі, што такіх аўтобусаў шмат - маўляў, чакайце.

Пасля таго, як мужчына выйшаў з аўтобуса і «пайшоў разбірацца», высветлілася, што ніводнага дзіцячага аўтобуса наперадзе чаргі не было - у іх знаходзіліся пераважна дарослыя, частка з якіх была «чаўнакамі». Аднак ніхто з іх аўтобус з дзіцячай камандай прапусціць не захацеў.

- За некалькі гадзін чакання ў аўтобусе сітуацыя пачала становіцца крытычнай. Быў момант, калі дзіця захацела ў прыбіральню, а ў аўтобусе бутэлечкі «дзяжурныя» ўжо ўсе былі выкарыстаныя. У некаторых з дзяцей забалелі жываты, іх пачало ванітаваць, - распавёў суразмоўца.

У гэты момант прысутныя бацькі дзяцей пачалі дзейнічаць больш рашуча - не толькі хадзіць да мытнікаў і памежнікаў, але і тэлефанаваць на «гарачую» лінію Дзяржпамежкамітэта:

- Чалавек там не прадставіўся, прозвішча і пасаду сваю не назваў. Ён сказаў, што сітуацыя складаная - і паўплываць ён на яе не можа. Звязацца з кім-небудзь з начальства ён нібыта таксама не можа. Калі тэлефанавалі іншыя бацькі, тон быў прыкладна такім жа. Потым, калі я зразумеў, што нам ніхто не дапаможа, то наважыў выклікаць хуткую дапамогу, бо дзеці скардзіліся на боль у жываце.

Медыкі, якія прыехалі праз паўгадзіны, прапанавалі шпіталізаваць двух дзяцей, аднак папярэдзілі, што ў гэтым выпадку увесь астатні аўтобус не зможа прайсці праз мяжу, пакуль іх не прывязуць з лякарні назад - таму ад такога варыянту мы адмовіліся.

У выніку дзіцячы аўтобус змог перасекчы беларускую мяжу толькі а пятай гадзіне раніцы - гэта значыць, праз дзевяць гадзін чакання.

- Усе гэтыя дзевяць гадзін мы проста даязджалі да месца надгляду. Прычым памежнікі і мытнікі працавалі вельмі спакойна, стаялі «рукі ў бокі», можна сказаць. Ім было ўсё адно, што стаіць аўтобус з 6-летнімі дзецьмі, якім дрэнна і якія плачуць, - распавёў падрабязнасці інцыдэнту бацька.

Таксама мужчына прымеціў яшчэ адну красамоўную дэталь, якая паказвае абсурднасць усёй гісторыі.

Са словаў аднаго з бацькоў, у той час, як аўтобус з заплаканымі дзецьмі стаяў у шматгадзіннай агульнай чарзе, мяжу хутка і без праблем перасякалі іншыя аўтобусы - нібыта «з адмысловымі дазволамі». Да іх, у адрозненне ад транспарту юных спартоўцаў, у памежнікаў і мытнікаў не было ніякіх пытанняў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках