2 траўня 2024, Чацвер, 0:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фядыніч: Лукашэнка і Качанава спалохаліся абурэння «дармаедаў»

47
Фядыніч: Лукашэнка і Качанава спалохаліся абурэння «дармаедаў»

Незаконны дэкрэт трэба цалкам скасаваць, а не аддаваць «на водкуп» мясцовым уладам.

Лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў praca-by.info пастанову ўрада ўнесці папраўкі ў скандальны дэкрэт «аб дармаедстве».

На нарадзе, якая адбылася 6 снежня 2016 года, Лукашэнка запатрабаваў дапрацаваць дэкрэт аб «дармаедах», але не касаваць.

Пасля сустрэчы віцэ-прэм'ер Наталля Качанава паведаміла журналістам, што ў найбліжэйшай будучыні плануецца ўнесці ў скандальны дэкрэт некаторыя папраўкі.

Напрыклад, урад абяцае даць мясцовым органам улады права прымаць пастанову аб вызваленні ад збору грамадзян, у якіх склаліся непрадбачаныя жыццёвыя сітуацыі; пашырыць катэгорыі грамадзян, якія будуць вызваляцца ад выплаты збору; улічваць у якасці выплачанага падаходнага падатку з фізічных асоб таксама сумы такога падатку, на якія ён быў паменшаны ў выніку ўжывання ўстаноўленых заканадаўствам падатковых вылікаў. Яшчэ адно змяненне закране перанос тэрмінаў выдачы паведамленняў і выплаты збору за 2015 год на 20 студзеня і 20 лютага 2017 года адпаведна.

Лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч мяркуе, што агучаныя Качанавай запланаваныя папраўкі ў прынцыпе сітуацыю не зменяць, і, хутчэй за ўсё, нават пагоршаць.

- Гэтыя касметычныя папраўкі ніяк не паўплываюць на сітуацыю. Дэкрэт па-ранейшаму застанецца незаконным і несправядлівым. Таму што для таго, каб прымусіць плаціць падаткі тых, хто, вобразна кажучы, зарабляе грошы «ў гаражах», дэкрэт не патрэбны. Для развязання гэтай праблемы ёсць фіскальныя і праваахоўныя органы. І ў іх ёсць для гэтага дастаткова сродкаў і магчымасцяў, - упэўнены прафсаюзны лідар.

На ягоную думку, улады спрабуюць змякчыць абурэнне людзей з нагоды дэкрэта.

- Яны выдатна разумеюць, што дэкрэт неактуальны, неаб'ектыўны і незаконны. Як заўсёды не стае мужнасці прызнацца ў гэтым і скасаваць. Таму што людзям у вушы ўкладвалі, што вар'яцкія грошы атрымаюць. Але гэтага не здарылася. А тут і народ абурацца стаў. Наш прафзвяз кампанію праводзіць, хтосьці подпісы збірае, нехта скаргі піша. Яны не могуць не бачыць, што для людзей гэты несправядлівы падатак становіцца праблемай. І не столькі фінансавай, колькі маральнай. Людзей звальняюць, скарачаюць, людзі ў адчаі, працы няма, а ўлада іх у дармаеды запісала і патрабуе заплаціць за гэта сабе любімай, - сказаў Генадзь Фядыніч.

Прафсаюзны лідар мяркуе, што ўлады спалохаліся народнага абурэння і спрабуюць такім чынам падсаладзіць пілюлю. У той жа час, ён выказаў асцярогі з нагоды намеру ўладаў аддаць пастанову аб вызваленні ад выплаты падатку на водкуп мясцовым чыноўнікам.

- Качанава сама выйшла з рэгіёну. Яна не можа не ведаць, якое кумаўство і сватаўство квітнее ў рэгіёнах. Мясцовым уладам напляваць на тых работнікаў. Вось калі б была створаная грамадская камісія, у якую ў тым ліку ўвайшлі прадстаўнікі незалежных прафзвязаў, іншых зацікаўленых бакоў, тады можна было б спадзявацца на тое, што пастановы аб вызваленні чалавека ад выплаты падатку будуць прымацца справядліва. А ведаючы і бачачы тое, што сёння адбываецца ў рэгіёнах, гэта пастанова выклікае вельмі вялікія асцярогі, - адзначыў Генадзь Фядыніч.

На думку прафсаюзнага лідара, улады павінны прызнаць памылкі, скасаваць несправядлівы і незаконны дэкрэт і думаць пра тое, як «эканоміку з бездані выцягнуць, як забяспечыць працоўныя месцы беларусам, а не пра тое, як зняць з іх апошнюю кашулю».

- Вось пра гэта трэба думаць і Качанавай, і Лукашэнку, а не выпраўляць нейкія там агрэхі ў незаконным і бессэнсоўным дэкрэце, які трэба проста скасаваць. Хутчэй за ўсё яны вызначаюць так званых «дармаедаў», адсочваючы базу ФСАН, адлічэнне грошай на сацстрах. Па-іншаму складана вылічыць тых работнікаў, якія ездзяць працаваць у Расею. Яны заклапаціліся недапрацоўкамі ў дэкрэце, але маўчаць пра тое, што значна ўпала пакупніцкая здольнасць людзей. Магчыма і праз тое, што людзі перасталі ездзіць у Расею праз гэты дэкрэт? Яны не гавораць пра тое галоўнае, што сёння ўлада ў Беларусі не ў стане стварыць людзям нармальныя працоўныя месцы, з дастатковым заробкам, каб нікому не хацелася ехаць на чужыну, каб зарабіць на кавалак хлеба сваім дзецям. Я ўпэўнены, што пераважная большасць беларусаў хацелі б працаваць у сябе ў краіне і па вечарах вяртацца з працы дадому, у свае сем'і, і бачыць, як растуць іх дзеці, а не жыць і батрачыць дзесьці ў Расеі або Еўропе.

Ведаеце, як моладзь цяпер любіць выказвацца: «Я вас пачуў». Дык вось нашы ўлады сваімі папраўкамі ў дэкрэт «аб дармаедстве» кажуць: «народзец, увогуле, мы цябе пачулі», - падсумаваў Генадзь Фядыніч.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках