27 красавiка 2024, Субота, 7:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Крычаве настаўнікаў прымушаюць да абавязковага страхавання

20
У Крычаве настаўнікаў прымушаюць да абавязковага страхавання
Фота: «Радыё Свабода»

Дырэктыва зыходзіць з райвыканкама, прадстаўленае аддзелам адукацыі, спорту і турызму.

«Крычаўскіх педагогаў пагалоўна прымушаюць страхаваць сваё жыццё ў Белдзяржстраху», - сцвярджаецца ў лісце, які даслалі карэспандэнту svaboda.org.

«Зрабіць гэта давядзецца найбліжэйшым часам, - гаворыцца ў паведамленні. - Наўрад ці хтосьці наважыцца адкрыта пратэставаць супраць, таму што знайсці іншую працу ў Крычаўскім раёне практычна немагчыма — амаль усе прадпрыемствы зачыненыя або глыбока стратныя».

У лісце паведамляюць, што «дырэктыва зыходзіць з Крычаўскага райвыканкама, прадстаўленае аддзелам адукацыі, спорту і турызму».

«Акрамя таго, кожны класны кіраўнік мясцовых школ павінен у абавязковым парадку застрахаваць не менш за 80% падапечных вучняў. Гэтая павіннасць — чарговая ў чарадзе падобных, якія ўжо існуюць гадамі. А тут і прымусовая падпіска на друкаваныя СМІ, і праверка печаў, комінаў і электраправодкі ў прыватных сядзібах і многае іншае», - напісаў аўтар.

У аддзеле адукацыі райвыканкама зняпраўджваюць сцвярджэнне ананімнага скаржніка і заяўляюць, што настаўнікаў страхавацца ніхто не прымушае.

«Ніхто не можа нікога прымусіць. Страхаванне — добраахвотная справа кожнага чалавека», - адзначыў у тэлефоннай размове начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Крычаўскага райвыканкама Мікалай Капаеў.

У Крычаўскім прадстаўніцтве страхавой арганізацыі таксама зняпраўджваюць абвінавачванні аб прымусовым страхаванні настаўнікаў. Там запэўніваюць: страхаванне — добраахвотны выбар кожнага.

«Мы толькі расказваем аб перавагах гэтага віду страхавання і што выгадна мець страхавы поліс. Мы ж супраць волі грошы не бярэм і полісы не ўручаем», - патлумачыла сітуацыю супрацоўніца прадстаўніцтва.

З ейных слоў, арганізацыі, чые работнікі застрахаваны ў Белдзяржстраху, маюць ад яго фінансавую падтрымку на «папярэджанне страхавых выпадкаў». Такая падтрымка залежыць ад колькасці падпісаных дамоў і сумы сабраных узносаў. Суразмоўца адзначыла, што Белдзяржстрах не адзін год супрацоўнічае з раённым аддзелам адукацыі.

«Школы закупляюць за кошт нашых сродкаў сабе стэнды аб бяспецы руху, аховы працы, набываюць аптэчкі, флікеры. Установы ж адукацыі з бюджэту мала атрымліваюць сродкаў на такія патрэбы дзеля папярэджання няшчасных выпадкаў, таму такія арганізацыі і ідуць на супрацоўніцтва з намі. Гэта выгадна, бо яны маюць дадатковую фінансавую падтрымку».

Тым часам большасць крычаўскіх настаўнікаў, з якімі ўдалося пагутарыць, пазбягалі адказваць на пытанне, ці быў прымус да страхавання. Педагогі прызнаваліся, што супрацоўнікі Белдзяржстраха гаварылі з імі з нагоды страхавання.

«На педагагічным савеце з намі праводзілі тлумачальную працу, - сказала адна з настаўніц. - Казалі, што неабходна застрахаваць сваё жыццё і пагутарыць аб гэтым з бацькамі вучняў. Якая пазіцыя на гэты конт у адміністрацыі школы, зразумейце мяне, я адказваць не хачу».

«Так, устаноўка такая ёсць», - сказаў яшчэ адзін настаўнік.

«Нас папрасілі аформіць страхоўку на сябе і яшчэ шукаць бацькоў, якія хацелі б застрахаваць сваіх дзяцей, - адзначыў ён. - Я, калі шчыра, не чакаў такога павароту і цяпер у лёгкім шоку. Раней такога не было. Такая ўстаноўка з'явілася тры дні таму. Сябе страхаваць давядзецца, не выкруцішся, а вось з дзецьмі складаней. Я не ведаю, як пераконваць бацькоў сваіх вучняў».

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках