26 красавiка 2024, Пятніца, 16:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежны прафсаюз выратаваў работніцу ад шантажу начальства

8
Незалежны прафсаюз выратаваў работніцу ад шантажу начальства
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА

Прафсаюз РЭП дапамог былой прыбіральшчыцы Рэчыцкага раённага спажывецкага таварыства пазбавіцца ад прымусовай працы і матэрыяльнай адказнасці.

«Гэта проста рабства», – паўтарала былая работніца Рэчыцкага раённага спажывецкага таварыства, распавядаючы сваю гісторыю praca-by.info. Пазбавіцца ад прымусовай працы і несправядлівай матэрыяльнай адказнасці, якая пагражала ў будучыні жанчыне, дапамог прафсаюз РЭП.

У прафсаюз РЭП звярнулася прыбіральшчыца Рэчыцкага раённага спажывецкага таварыства, дзе паводле вынікаў праверкі выявілі буйную нястачу. Паколькі прыбіральшчыца таксама з'яўляецца матэрыяльна адказнай асобай, яе абавязалі плаціць. Жанчына, не разумеючы, адкуль магла ўзяцца такая вялікая нястача, і баючыся, што ў будучыні сітуацыя можа паўтарыцца, напісала заяву на звальненне на пагадненне бакоў, бо пасля таго, што здарылася, не давярала кіраўніцтву арганізацыі. Наймальнік адмовіўся задаволіць заяву, наважыўшы звярнуцца да шантажу. Ён заявіў, што не звольніць работніцу, пакуль яна не выплаціць нястачу.

– Я знаходзілася ў зусім бязвыхадным становішчы, калі знаёмы параіў звярнуцца ў прафсаюз РЭП. Сама я не магла разабрацца ў гэтай справе, – распавяла былая работніца Рэчыцкага раённага спажывецкага таварыства. – Няправільна быў зроблены перападлік. Выяўлена вялікая нястача. Гэтыя нястачы вешаюць на ўсе крамы раённага спажывецкага таварыства. Была праверка з Менска, але так і не высветлілі, адкуль такія нястачы. А потым за ўсё гэта павінны плаціць работнікі. А якія ў нас заробкі? Самі разумееце. Людзі трапляюць у рабства. Звальняць не хочуць. Гэта проста рабства. Адну жанчыну звольнілі паводле артыкула за недавер. Цяпер яна наогул нікуды ўладкавацца не можа.

Прававы інспектар прафсаюза РЭП Гомельскай вобласці Леанід Судаленка дапамог працаўніцы падрыхтаваць заяву на імя наймальніка, у якой было сказана, што кампенсацыя нястачы і жаданне работніка звольніцца ніяк паміж сабой не звязаныя.

– Наймальнік абавязаны звольніць работніка праз месяц пасля падачы заявы аб звальненні, калі работнік быў наняты паводле бестэрміновай працоўнай дамовы, – растлумачыў Леанід Судаленка. – А нястачу наймальнік можа запатрабаваць праз суд. Я гэта выклаў у заяве, якую працаўніца аддала наймальніку. Прайшоў месяц, але ад раённага спажывецкага таварыства не было ніякай рэакцыі. Мы звярнуліся ў пракуратуру з просьбай адрэагаваць на парушэнне закона аб звароце грамадзян і запатрабавалі пакараць старшыню раённага спажывецкага таварыства штрафам сумаю пяць базавых велічынь. Я не ведаю, ці было пакаранне, але жанчыну адразу ж звольнілі з фармулёўкай паводле пагадненне бакоў.

– Мне вельмі пашанцавала, што Леанід дапамог, падказаў, як напісаць заяву. Дзякуючы прафсаюзу мяне звольнілі паводле пагаднення бакоў. Інакш таксама звольнілі б паводле артыкула. А тут такое дзеецца, я, дзе ні працавала, такога нідзе не бачыла. Я вельмі ўдзячная прафсаюзу, што дапамаглі разабрацца, – распавяла працаўніца.

Леанід Судаленка выказаў меркаванне, што нястачы ў раённага спажывецкага таварыства не з'яўляюцца выпадкова, і праваахоўным органам варта звярнуць на гэтыя факты вельмі сур'ёзную ўвагу.

– Мне распавядалі прадаўцы, як раённае спажывецкае таварыства завезла ў вясковую краму 150 кілаграмаў бананаў. Праз пару дзён гэтыя бананы сталі чорнымі, і работнікам сказалі выкідаць іх на сметнік, а потым павесілі на іх нястачу. Мабыць, гэтыя бананы не прадаліся дзесьці ў горадзе. Іх ціхенька спісалі на вясковы гандаль, а потым прымусілі заплаціць работнікаў. Інакш, як можна растлумачыць? Каму ў галаву прыйдзе прывезці ў вясковую краму 150 кілаграмаў бананаў? Я думаю, што там ва ўсім вінаватае начальства. Але ніхто ў гэтым разбірацца не хоча. Таму я яшчэ раз паўтараю ўсім матэрыяльна адказным работнікам: вы павінны быць упэўненыя ў якасці тавару, які прымаецца. Калі ёсць сумневы, неабходна адразу ж складаць пісьмовую заяву на імя дырэктара аб тым, што тавар няякасны. Тады я пад нуль вызвалю ў судзе работнікаў ад нястачы. Таму што закон кажа, што работнік павінен паведаміць наймальніку аб любых пагрозах захоўвання тавару. А так дырэктар з начальнікам паміж сабой наважылі пазбавіцца ад гнілых бананаў, каб не напружвацца, не займацца афармленнем вяртання пастаўшчыку, а потым павесілі гэтыя 150 кілаграмаў на бедных работніц, – распавёў прафсаюзны юрыст.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках