26 красавiка 2024, Пятніца, 8:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Добрую справу зрабілі»

11
«Добрую справу зрабілі»

Белавежскія пагадненні дапамаглі народам былога СССР пазбегнуць «югаслаўскага сцэнару» распаду імперыі.

25 гадоў таму, 8 снежня 1991 года, у Віскулях пад Берасцем, ва ўрадавай рэзідэнцыі пасярод Белавежскай пушчы, кіраўнікі Беларусі, Украіны і Расеі падпісалі пагадненні, якія паклалі канец існаванню Савецкага Саюза.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч - у гутарцы з «Радыё Свабода» падзяліўся сваімі разважаннямі аб тагачасных падзеях і іх гістарычнай ролі:

- Мы слаўную справу зрабілі. І зрабілі кансэнсусам. Ніякага сумневу ў тым, што мы ўсе разам гэтага хацелі, няма.

Таму што калі б мы нешта ўпусцілі, то, я баюся, было б тое, што прадказвалі ў перапісцы са сваімі ўрадамі многія дыпламаты свету. Таму што Саюз насамрэч распаўся без нас. Даволі даўно, яшчэ пасля жнівеньскага путчу. Але тое, што пагроза югаслаўскага варыянту распаду была, гэта факт.

Мы разумелі, што пакуль мы не сфармулюем, хто мы такія і як мы ставімся да папярэдніх нашых дакументаў і пастаноў, напрыклад, да Дэкларацыі дзяржаўнай незалежнасці Беларусі ці рэферэндуму ва Украіне, калі мы не развяжам тыя пытанні, якія нельга адкладаць, то мы нічога добрага не зробім. І мы гэтыя пытанні развязалі.

Выбар Белавежскай пушчы быў таму, што гэта ўнікальны аб'ект у Еўропе. Мне давялося Ельцыну сказаць: тут у вас так прыгожа, што ўжо лепш быць не можа, а ў нас - іншая прыгажосць. Вось паглядзіце, вы ж паляўнічы. Ён кажа: добра, я з задавальненнем паеду да вас. Вось так гэта пачалося.

Дарэчы, калі б не Ельцын, ніякага пагаднення не было б. Для мяне подпіс Ельцына пад Белавежскім пагадненнем азначае таксама прызнанне Расеяй незалежнасці Беларусі. Гэты чалавек быў сапраўдным дэмакратам, гэта быў чалавек слова, які не мяняў свае перакананні, каб дагадзіць камусьці. І я ганаруся, што я чалавек Ельцына.

Станіслаў Шушкевіч

Што тычыцца Краўчука, то яго ўгаворваць падпісаць не трэба было - ён адразу пагадзіўся. У яго было моцная падмога, бо ён абраны прэзідэнтам 1 снежня, і ў гэты ж дзень прайшоў рэферэндум, на якім амаль 92% грамадзян Украіны выказаліся за незалежнасць. Краўчук, можна сказаць, прыехаў «на белым кані» ў Белавежскую пушчу. А мы прыйшлі сваім ходам. Але, у адрозненне ад Алма-Аты, дзе вісіць дошка, кім і што падпісана было 21 снежня, там, як Назарбаеў мяркуе, утварылі СНД (гаворка ідзе пра нараду кіраўнікоў 11 былых рэспублік СССР, якія заявілі тады аб далучэнні да Белавежскіх пагадненняў. - РС ), то на доме, дзе сапраўды абвясцілі СНД 8 снежня 1991 года, ніякай дошкі няма.

Мы адчувалі, што трэба было афіцыйна канстатаваць, каб ніколі не паўтараць таго, што было. Каб афіцыйна мы сказалі: усё, канец гэтай праграме! Трэба ствараць новы палітычны лад. Але на гэтым шляху вельмі шмат перашкод. Гэта цяжкі вельмі перыяд - пераход ад адной палітычнай сістэмы да іншай. Скарыстацца гэтым, сказаць, што ўсе цяжкасці праз новаўвядзенні, - гэта вельмі проста. Для гэтага не трэба быць нават разумным чалавекам, можна проста быць такім, як Лукашэнка, і сказаць, што ўсё загубілі «дзермакраты».

Цяпер мы б хацелі, і ўжо гэта пачалі, стварыць такую структуру, адным з падраздзяленняў якой былі б людзі, што маюць вялікі досвед кіраўніцтва дзяржавай. (Гаворка ідзе пра канферэнцыю з удзелам шэрагу былых кіраўнікоў постсавецкіх краін, што прайшла ў Кіеве пад эгідай Міжнароднага цэнтра Балтыйска-Чарнаморскіх даследаванняў. - РС). Гэты падыход - гэта фактычна развіццё таго, што даволі доўга ў нас называлася праблемай Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну. Сапраўды, усе складанасці, усе непаразуменні ў Еўропе і на парозе Азіі адбываліся ў гэтым рэгіёне. Вось так мы «васьмёркай», у мяне ляжыць гэты здымак, зроблены ў Кіеве, сабраліся. У нас ёсць пэўныя ініцыятывы. Я не буду іх апублікоўваць цяпер, але ёсць жаданне знайсці спосаб пераканаць тых ці іншых цяперашніх кіраўнікоў у тым, штó трэба рабіць, каб тут жылося лепш.

Падпісанне АЛМА-АЦІНСКАЙ ДЭКЛАРАЦЫІ ЛІДАЭРАЎ постсавецкай дзяржавай, 21 снежня 1991 года

Я не страціў ніводнага ўніверсітэцкага калегі (да прыходу ў палітыку Станіслаў Шушкевіч працаваў прарэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. - РС), паколькі не падпарадкоўваў свае дзеянні ўладалюбству, уласнай нажыве ці чаму-небудзь такому. Я клапачуся аб тым, каб у маіх дзяцей і ўнукаў было добрае імя.

А гісторыя - гэта ўжо не мая справа. Што скажуць, то і скажуць.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках