27 красавiка 2024, Субота, 5:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дэпутат» Марзалюк: Дэкрэт аб «дармаедстве» не супярэчыць Канстытуцыі

45
«Дэпутат» Марзалюк: Дэкрэт аб «дармаедстве» не супярэчыць Канстытуцыі
ІГАР МАРЗАЛЮК

Аднак на думку грамадскіх актывістаў, абсурдны дэкрэт «народны выбраннік» нават не чытаў.

«Дэпутат» «палаты прадстаўнікоў» Ігар Марзалюк не бачыць супярэчнасцяў у дэкрэце «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». На яго думку, дэкрэт «не ўтрымлівае палажэнняў, якія супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававым абавязанням Беларусі», паведамляе «Радыё Свабода». Тым не менш старшыня Пастаяннай камісіі адукацыі, культуры і навукі дапускае хібы ў рэалізацыі дэкрэта:

«Адначасова хацеў бы адзначыць, што праваадносіны, прадугледжаныя дэкрэтам, фармуюцца ўпершыню, і толькі практыка выкарыстання дазволіць выявіць істотныя праблемы ў яго рэалізацыі, якія могуць быць урэгуляваныя шляхам унясення кіраўніком краіны зменаў і дапаўненняў у дэкрэт», - адпісаў на калектыўны зварот жыхароў Магілёва Марзалюк.

Ініцыятар збору подпісаў за скасавання дэкрэта, кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў уважае, што «дэпутат» «палаты прадстаўнікоў» на зварот магілёўцаў адказаў не па сутнасці. Партыец заяўляе, што кампанія збору подпісаў працягнецца і Марзалюка прымусяць даць справаздачу аб яго дэпутацкай дзейнасці.

«Цяперашні «дэпутат» «палаты прадстаўнікоў» Ігар Марзалюк быў сенатарам, калі прымаўся гэты варварскай закон. Ён галасаваў за яго зацвярджэнне», - кажа Шанцаў.

«Марзалюк на тэледэбатах, калі вылучаўся ў дэпутаты, заяўляў: вастрыё дэкрэта накіраванае супраць тых людзей, якія жывуць за перыметрам Беларусі, зарабляюць там грошы і не плацяць падаткаў. Аднак, згодна з дэкрэтам, людзі, якія пражываюць больш за 183 дзён за межамі Беларусі, вызваляюцца ад выплаты падатку. Ствараецца ўражанне, што Марзалюк, галасуючы за дэкрэт, яго нават не чытаў».

«Мы патрабуем скасаваць гэты дэкрэт як абсурдны, супярэчлівы цвярозаму розуму. Ён парушае правы, годнасць грамадзян Беларусі», - кажа апазіцыйны палітык.

«На момант прыняцця дэкрэта ўлада налічыла 400 тысяч беспрацоўных. У цэнтрах занятасці ў гэты час было блізу 20 тысяч вакансій. Як паказвае практыка, значная частка гэтых вакансій «ліпавая». Большасць вакансій — гэта нізкакваліфікаваная праца. Як суадносіцца гэты дэкрэт з рэаліямі жыцця і цвярозым розумам?»

Шанцаў заяўляе, што пасля прыняцця дэкрэта ўлада выдала шмат рашэнняў і пастаноў, як дэкрэт рэалізоўваць. Такім чынам, кажа ён, чыноўнікі адгарадзіліся ад насельніцтва «папяровым частаколам».

«Скандальны дэкрэт, выклікаў вялікі рэзананс у грамадстве. Дэпутаты, перад тым як яго прымаць, павінны былі пагаварыць з насельніцтвам. На жаль, яны не слухаюць меркаванне насельніцтва, а тое, што ім кажуць зверху. У гэтым выпадку дэпутат Ігар Марзалюк прайшоў праверку на лаяльнасць улады», - робіць выснову Шанцаў.

Актывісты перадалі 5 «дэпутатам» «палаты прадстаўнікоў» больш за 500 подпісаў магілёўцаў за скасаванне дэкрэта «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

На днях Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што дэкрэт ад 2 красавіка 2015 года №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» (так званы «дэкрэт аб дармаедстве») захаваюць, але ліквідуюць выяўленыя недахопы.

«Былі прапановы ледзь не адмовіцца ад гэтага дэкрэта: шмат крытыкі, цяжка адміністраваць і многія іншыя пытанні», - казаў Лукашэнка.

«Тады я сказаў, што, якія б ні былі размовы, для таго, каб прымаць дадатковае рашэнне, трэба пажыць, папрацаваць. Прайшло больш года. Мы цяпер ужо больш-менш бачым, што даў гэты дэкрэт, якія станоўчыя бакі гэтага дакумента. Недахопы ёсць? Ну што ж, давайце папраўляць», - заявіў Лукашэнка.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках