26 красавiка 2024, Пятніца, 22:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія 50 капеек з «Пагоняй» прадаюць за 750 даляраў

8

На беларускім аўкцыёне з'явіўся рэдкі і дарагі лот — банкнота-узор 50 капеек 1992 года.

Пра гэта паведамляе сайт «Белорусская бонистика». Гэта не звычайная банкнота, якая была ў звароце, а спецыяльны падсправаздачны дакумент для банкаў. Купюра адрозніваецца надпісам «УЗОР».

Прадавец з ЗША хоча за рэдкую банкноту 1500 новых рублёў, гэта значыць блізу 760 даляраў. Цана звычайных 50 капеек 1992 года ўсяго толькі 0,3 даляра.

Натуральна, калекцыянеры лічаць, што цана на лот завышаная. Але сайт «Белорусская бонистика» нагадвае, што 2 месяцы таму на аўкцыёне Ebay.com прадалі набор з шасці беларускіх банкнот-узораў за 356 даляраў.

«Нізкая цана продажу тлумачыцца толькі недаступнасцю ўдзелу ў таргах для большасці зацікаўленых калекцыянераў». Выстаўленая на продаж банкнота менавіта з таго набору і прадае яе ўдачлівы пакупнік.

Праўда, шчасліўчык спачатку спрабаваў перапрадаць набор на расейскім аўкцыёне meshok.net за 3500 даляраў.

«Паводле некаторай інфармацыі, лот усё-такі быў прададзены за некалькі тысяч даляраў у абыход аўкцыённай пляцоўкі. Улічваючы, што зараз у продажы 50 капеек з таго самага набору, можна выказаць здагадку, што набор быў прададзены не цалкам», — лічаць спецыялісты

Так што ў прадаўца ёсць усе шанцы знайсці пакупніка нават з такой высокай цаной.

Беларускія банкноты-ўзоры трапляюць на аўкцыёны вельмі рэдка: «У 2014 годзе на аўкцыёне Ay.by было прададзена 4 банкноты-ўзору (100, 200, 500 рублёў 1992 года і 10 000 рублёў 2000 года). Банкноты 1992 года былі прададзеныя па 390 даляраў. За 10 000 рублёў 2000 года заплацілі 1300 даляраў».

Сайт «Белорусская бонистика» не выключае, што тэарэтычна надпіс «УЗОР» на банкноце можа быць падробленым, але запэўнівае, што гэта малаверагодна: «Звычайна банкноты-ўзоры маюць яшчэ і нулявы нумар. 50 капеек 1992 года не нумараваная зусім, таму можа скласціся ўражанне, што вырабіць падроблены надпіс «УЗОР» вельмі проста, але гэты надпіс мае свячэнне пад уздзеяннем УФ-выпраменьвання, а таксама некаторыя паліграфічныя асаблівасці».

Нагадаем, банкнота 50 капеек была ўведзена ў абарачэнне 25 траўня 1992 года. На адным баку намаляваная вавёрка. Менавіта гэтая купюра дала беларускім грашам адну з народных назваў — вавёркі, вавёрачкі. Таксама беларускія 50 капеек — гэта рэдкі выпадак папяровых капеек. За ўсю гісторыю грашовых сродкаў такіх прыкладаў было ўсяго некалькі.

Таргі з «вавёрачкай» скончацца праз два дні.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках