8 траўня 2024, Серада, 1:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гарадзенскія ІП: Рана ці позна людзі выйдуць на Плошчу

15
Гарадзенскія ІП: Рана ці позна людзі выйдуць на Плошчу
ЦЭНТРАЛЬНЫ РЫНАК, ГОРАДНЯ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Іншага выйсця няма, бо Лукашэнка паводзіць сябе так, як «дзейнічалі Гітлер і Сталін».

Прадпрымальнікі Гарадзеншчыны распавялі «Радыё Свабода» аб сваёй рэакцыі на заяву Аляксандра Лукашэнкі, які назваў іх «бандытамі».

Прадпрымальнік з 20-гадовым досведам работы Юрый кажа, што ўспрыняў заяву Лукашэнкі даволі спакойна:

- Ён, як заўсёды, шмат кажа, але словы не заўсёды азначаюць справы. Мне б не хацелася сёння рабіць нейкія высновы аб пагрозах Лукашэнкі ў наш бок, а хацелася б дачакацца вынікаў работы рабочай групы з прадпрымальнікаў і членаў урада. Я вам хачу сказаць, што падчас форуму ў Менску, па тварах чыноўнікаў бачыў, што яны хочуць нешта зрабіць, каб мы маглі працаваць, ім відавочна не патрэбная гэтая канфрантацыя з намі. Ды і сітуацыю з указам №222 яны цудоўна разумеюць.

А вось аб тым, што «Перспектыва» паспяшалася скасаваць правядзенне мітынгу - гэта памылка, і ўсе мы тут абураныя такімі дзеяннямі Шумчанкі. Я, вядома, не ведаю падрабязнасцяў і прычын такой пастановы, але гэта зроблена памылкова.

Прадпрымальнік з Ліды Рыгор кажа, што выступ Лукашэнкі і чарговыя нападкі ў бок прадпрымальнікаў абмяркоўваліся - і не вельмі напалохалі.

- Калі ў краіне пануе эканамічны крызіс, то ўсякая ўлада імкнецца не перашкаджаць працаваць малому бізнэсу, каб не ствараць яшчэ большых праблем. Людзі самі на сябе зарабляюць і яшчэ плацяць падаткі ў казну, нічога наўзамен не патрабуючы. А наша краіна цяпер у вельмі складаным эканамічным становішчы, і Лукашэнка лётае па свеце, каб дзесьці пазычыць грошай, але яму ніхто не спяшаецца іх даваць. Цікава, як ён думае выводзіць краіну з крызісу? Нехта ў ягоным атачэнні павінен будзе яму ўсё гэта растлумачыць, калі ён гэтага не разумее. Эканоміка - не родная мама, яна прымусіць яго глядзець на жыццё рэальнымі вачыма. Яго цяпер нават пенсіянеры не падтрымліваюць, так што, думаю, увесь свой запал яму прыйдзецца стрымаць.

Гарадзенскі прадпрымальнік Андрэй працуе на рынку амаль 20 гадоў, больш за месяц без працы. Спрабаваў шукаць нейкае новае працоўнае месца, але безвынікова. Учора з сябрамі абмяркоўваў выступ Лукашэнкі:

- Ведаеце, усе мае знаёмыя абураныя ягонымі словамі. Ён нас называе «бандытамі», а мы ўсе гэтыя 20 гадоў плацім дзяржаве падаткі. Мы ўсе хочам працаваць. Не лезем у дзяржаўную кішэню, а ён з нас робіць нейкіх злачынцаў. Парушаюцца ўсе нашы канстытуцыйныя правы - так дзейнічаў Гітлер і Сталін. Я думаю, што ўсё адно рана ці позна людзі выйдуць на плошчу, бо іншага выйсця няма. Нас усіх заганяюць у кут і людзей даводзяць да роспачы.

Прадпрымальнік Сяргей са Слоніма заўважае, што ўчорашні выступ Лукашэнкі яго нічым не здзівіў, бо ён ужо даўно зняў «ружовыя акуляры»:

- Раней мы былі «вашывымі блохамі», а цяпер сталі - «бандытамі». Такое бачанне эканомікі ў былога дырэктара саўгаса, і так прадаўжаецца больш за 20 гадоў. Замест таго, каб праводзіць рынкавыя рэформы, павышаць дабрабыт людзей, Лукашэнка выбірае іншую тактыку - запалохвае насельніцтва: маўляў, яны «бандыты», і калі мы з імі справімся, то эканоміка запрацуе... Думаю, тым, хто яшчэ меў спадзеў на перамоўны працэс з прадстаўнікамі ўрада, усё ж давядзецца скінуць свае «ружовыя акуляры», бо чарговым разам Лукашэнка падкрэслівае, што ні на якія саступкі ісці не збіраецца.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках