27 красавiка 2024, Субота, 2:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі звярнуўся да ІП: Калі няма свабоды, то і грошай не будзе

26
Алесь Бяляцкі звярнуўся да ІП: Калі няма свабоды, то і грошай не будзе
Алесь Бяляцкі
ФОТА: CHARTER97.ORG

Прадпрымальнікі павінны адначасова пачаць акцыі адкрытых мірных пратэстаў ва ўсіх гарадах і запрасіць на іх суграмадзян.

Пра гэта кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» і былы палітвязень Алесь Бяляцкі заявіў у адкрытым лісце да прадпрымальнікаў Беларусі. Сайт charter97.org публікуе тэкст ліста цалкам.

Вось і надыходзіць крытычная хвіліна для будучага лёсу дробных прадпрымальнікаў. Відавочна, што толькі забастоўкамі і нявыхадам на працу на рынкі сітуацыю не палепшыць. Спроба дамовіцца з урадам, якую ўзначаліў лідар «Перспектывы» Анатоль Шумчанка, пасля вокрыку Лукашэнкі ў бок міністра гандлю, зайшла ў тупік.

«І не глядзіце на забастоўкі нейкіх «іпэшнікаў» ці яшчэ кагосьці... Мы не пацаны, каб нас вадзіць за нос, тым больш мяне», - сказаў Лукашэнка.

Слэнг у яго цытаце адпаведны. Адкрываю слоўнік турэмнага жаргону, чытаю: «Пацан - чалавек, які займае высокае становішча ў таварыстве зняволеных у калоніі агульнага рэжыму (часам на малалетцы), блатны»?. Але калі «мы не пацаны», то тады хто, «паханы»? Слоўнік паведамляе: «Пахан - самы аўтарытэтны блатны ў дадзенай Супольнасці (камеры, турме, калоніі)». Ёсць у гэтай іерархіі яшчэ злодзеі ў законе, блатныя, байцы (з блатных), прыблатнённыя, мужыкі, казлы, касякі і іншыя.

Пераход на такі слэнг азначае для мяне, што з ІП «гаспадар» (так у зоне называюць начальніка калоніі) наважыў разабрацца «па паняццях».

Адзінае, што магло змяніць сітуацыю ў карысць дробных прадпрымальнікаў, гэта, кажучы мовай Лукашэнкі, прад'явіць «гаспадару» «прад'яву», бо толькі ён у гэтай краіне і «вырашае пытанні».

Папросту - пачаць акцыі адкрытых мірных пратэстаў, зладжана і адначасова ва ўсіх гарадах з адным патрабаваннем - скасаваць указ. І актыўна запрашаць іншыя сацыяльныя і грамадскія групы падтрымаць іх пратэст.

Абставіны для правядзення такіх акцый спрыяльныя. Беларускія ўлады пачалі «вальсаваць» з Еўрапейскім Звязам узамен на скасаванне санкцый і сёння для іх не той час, каб прымяняць супраць пратэстоўцаў рэпрэсіі «на поўную». Могуць толькі пашчыпаць штрафамі. Але трэба разумець, што доўга так не будзе і хутка сітуацыя можа зноў пагоршыцца.

Ці здолеюць лідары прадпрымальніцкага руху ў Менску і ў рэгіёнах, якія крытыкуюць беларускіх апазіцыйных дэмакратычных палітыкаў за раздробленасць, самі аб'яднацца і выступіць сумесна і зладжана? Ці стане ў іх смеласці і жыццёвай прадбачлівасці? Або пратэстныя настроі так і скончацца для дзесяткаў тысяч беларускіх прадпрымальнікаў бурчаннем на кухнях, а затым пакорлівым пошукам працы на заводах і фабрыках за тры мільёны рублёў?

За сацыяльныя правы, як і за грамадска-палітычныя, трэба змагацца, мае землякі. Бо грошы даюць свабоду, а калі няма свабоды, то і грошай не будзе.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках