2 траўня 2024, Чацвер, 11:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва скароціць спажыванне расейскага газу

7
Літва скароціць спажыванне расейскага газу
ФОТА: PHOTOXPRESS.RU

Пастанову скараціць закупкі газу ў «Газпрама» ў Літве патлумачылі «неспрыяльнай» коштавай палітыкай.

Дзяржкампанія Lietuvos duju tiekimas падпісала першы кантракт на пастаўку звадкаванага прыроднага газу з нарвежскай Statoil, паведамляе РБК.

Літоўская газавая дзяржкампанія Lietuvos duju tiekimas (LDT), якая забяспечвае пастаўкі газу больш чым паўмільёна спажыўцоў па ўсёй краіне, абвясціла пра падпісанне першага кантракту на пастаўку звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) з нарвежскай Statoil. Угода з нарвежцамі павінна забяспечыць больш за палову гадавой патрэбы LDT у газе, што дазволіць скараціць закупкі ў «Газпрама» прыкладна на 300 млн. кубаметраў.

Пастанову знайсці новага пастаўшчыка газу кіраўнік LDT Мантас Мікалаюнас патлумачыў неспрыяльнай коштавай палітыкай «Газпрама» і жаданнем дыверсіфікаваць пастаўкі.

«Ацаніўшы прапановы «Газпрама» і апытаўшы ўдзельнікаў рынку ЗПГ, мы абралі магчымасць імпартаваць больш за палову гадавой патрэбы - блізу 300 млн. кубаметраў газу Statoil праз тэрмінал ЗПГ. Гэтай дамовай мы дыверсіфікуем свой партфель паставак і здолеем захаваць стабільныя кошты на прыродны газ для нашых кліентаў, нягледзячы на коштавую палітыку «Газпрама», якая павярнулася ў неспрыяльным для нас напрамку», - цытуе Мікалаюнаса прэс-служба LDT.

У сваю чаргу, кіраўнік энэргахолдынга Lietuvos energija (LDT з'яўляецца яго часткай) Далюс Місюнас запэўніў, што кампанія і далей будзе гнутка падыходзіць да выбару пастаўшчыкоў, каб забяспечыць спажыўцам у Літве найлепшыя ўмовы.

Раскрыць кошт, якім LDT будзе закупляць ЗПГ у Statoil, Місюнас адмовіўся, спаслаўшыся на ўмовы кантракту. З ягоных слоў, кошт адпавядае рынкаваму і лепшы за той, што ўстаноўлены на трубаправодны газ «Газпрама».

«Сёлета ў першым квартале мы закупляем газ у «Газпрама» ў рамках старой дамовы. У залежнасці ад агульнай спажытай колькасці, магчыма, у канцы года спатрэбяцца дадатковыя аб'ёмы, тады мы параўнаем кошты і паглядзім, дзе закупляць», - растлумачыў кіраўнік Lietuvos energija (цытата паводле Delfi.lt).

Першая партыя нарвежскага ЗПГ для LDT, са слоў Місюнаса, можа быць дастаўлена да 16 лютага 2016 года, калі ў Літве адзначаюць дзяржаўнае свята - Дзень аднаўлення Літоўскай дзяржавы.

Раней аб закупках ЗПГ у Нарвегіі дамовілася іншая «дачка» Lietuvos energija - кампанія Litgas, якая падпісала са Statoil пяцігадовае пагадненне аб закупках 540 млн. кубаметраў газу ў год. Да падпісання гэтага кантракту Літва залежала ад расейскага газу на 100%.

Вясной 2015 года кіраўнік Lietuvos еnerija заявіў, што яго кампанія «не можа рызыкаваць», падпісваючы з «Газпрамам» новае доўгатэрміновае пагадненне фіксаваным коштам. «Было б рацыянальна казаць аб кантракце на год або некалькі гадоў», - адзначыў тады Місюнас.

У лістападзе 2015 года стала вядома, што Lietuvos energija плануе пачаць атрымліваць ЗПГ і з ЗША. Меркавалася, што гэтыя пастаўкі могуць пачацца ўжо ў лютым 2016 года.

Напярэдадні газета Financial Times паведаміла пра падрыхтоўку «Газпрама» да коштавых войнаў у Еўропе і намеры кампаніі апусціць кошты газу ў Еўропе да непрымальнага для канкурэнтаў з амерыканскіх ЗПГ-праектаў узроўню. На думку аналітыкаў, гэта дазволіць «Газпраму» абараніць сваю долю на рынку ў рэгіёне, які прыносіць яму значную частку даходаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках