29 красавiка 2024, панядзелак, 12:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Шклова: Ні працы, ні грошай, ні адзення

25

Простыя людзі з радзімы Лукашэнкі пакутуюць ад ягоных указаў не менш, чым індывідуальныя прадпрымальнікі.

У Шклове, як і ва ўсёй Беларусі, другі месяц большасць дробных прадпрымальнікаў, якія гандлявалі прывезенымі з Расеі таварамі лёгкай прамысловасці, не выходзяць на працоўныя месцы. 222-і ўказ Лукашэнкі спаралізаваў іх працу. Як мясцовыя жыхары абыходзяцца без звыклага гандлю?

Невялікі рынак райцэнтра ў нядзелю не пуставаў. Наведвальнікаў, як здалося журналістам «Радыё Свабода», было нямала. Большасць павільёнаў, аднак, былі на замку. На пляцоўцы, дзе раней выстаўляліся палаткі з сукенкамі ды абуткам, склікала пакупнікоў толькі гандлярка гаспадарчымі таварамі і ейныя калегі, якія прапаноўвалі набываць адзенне і абутак вайсковай расфарбоўкі.

«Вы ж самі бачыце, што палатак няма. Усё пуста. Выходныя дні - і людзей няма. Гэта, зразумела, дрэнна, - распавялі пра сітуацыю ў адным з адкрытых павільёнаў. - Шклоў жа маленькі, куды людзі ідуць? На базар. Ля палатак пабылі, успомнілі, што майго не купілі, зайшлі да мяне. А цяпер хто наведваецца, то часцей за ўсё ў павільён па прадукты. Хуценька прабягуць - і дадому".

Суразмоўніца згаджаецца: тое, што прапануюць дробным бізнэсоўцам беларускія пастаўшчыкі, занадта дарагое. Выходзіць, кажа гандлярка, удвая даражэй, чым прывазное з Расеі. Вялікіх аптовых складоў з вялікім выбарам тавару, як, напрыклад, у Маскве, у Беларусі няма.

Тым не менш, кажа яна, ніхто ўказ № 222 касаваць не будзе, і яго трэба ўспрымаць як факт.

«З дакументамі я працую ўжо два гады, але для мяне галоўнае цяпер - вялікія штрафы», - кажа суразмоўца.

«Для індывідуальных прадпрымальнікаў яны ад 100 да 200 базавых адзінак. Уявіце сабе: прыйдуць да мяне з праверкай і абавязкова нешта знойдуць. Гэта ўжо практыка такая. І 21 мільён мне штрафу з магчымай канфіскацыяй тавару. І яшчэ праблема: у людзей грошай няма. Гэта вельмі адчуваецца. Цяпер калі купляюць, то толькі тое, што трэба».

Выплаціць штраф 3,6 мільярда - гэта не для дробных прадпрымальнікаў

«Тут да Новага года палаткі стаялі ў тры рады, - кажа яшчэ адзін гандляр з адкрытага павільёна. - А павільёнаў бачыце колькі зачынена - гэта ўсё праз 222-гі ўказ. Ды і я сам збіраюся закрывацца. Што прывёз да Новага года з дакументамі, паспрабую распрадаць. У людзей проста няма грошай. Глуха. Раней ездзіў па тавары раз на тыдзень, а цяпер - раз на паўгода. Тут усе прадпрыемствы стратныя», - заяўляе гандляр.

Суразмоўца, аднак, заўважае, што не ўсім у Шклове дрэнна. І ўспамінае нашумелую навіну аб былой намесніцы дырэктара ў маркетынгу акцыянернага таварыства «Александрыйскае». Яе абвінавачвалі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і халатнасці. Прабыўшы пад арыштам, яна выплаціла прадпрыемству страты сумай 3,6 мільярда рублёў.

«За тыдзень выплаціла тры мільярды шэсцьсот тысяч рублёў нястачы. Вось гэта заробкі, не тое што ў нас даходы», - з усмешкай здзіўляцца дробны бізнэсовец.

Дзе купіць куртку даярцы, у якой заробак не дацягвае да двух мільёнаў?

Наступная суразмоўца - адная з рэдкіх на рынку, хто прадае шырокі асартымент адзення. Суправаджальныя дакументы на тавар, кажа, ёсць.

«Наогул вельмі малая пакупніцкая здольнасць у людзей. Мы ж працуем ад заробкаў. Як выплачваюць іх, людзі нешта купляюць. А сёння ў людзей няма грошай. А калі б былі, то і гандаль у нас быў бы больш жвавы», - тлумачыць сітуацыю прадпрымальніца.

«Шмат пакупнікоў просіць, курткі каб прывезла. Але без дакументаў іх прывезці не магу, а ў Беларусі такой вопраткі няма. На маленькіх аптовых складах тое, што нам трэба калі і ёсць, то кажуць: «Гэта не вашая справа, адклалі іншым». Прапануюць тавар дзесяцігадовай даўніны, - працягвае суразмоўца. - Мы ж тут арыентуемся на пакупнікоў з вёсак. Яны просяць, каб танней, а з дакументамі даражэй выходзіць. Пакупнікі вельмі агрэсіўна настроеныя. Клянуць усіх. Усё гэта вельмі сумна, а яшчэ і крызіс. У даярак заробак мільён васямсот, а яны сядзяць на працы з раніцы да вечара».

У пакупнікоў няма грошай на абновы, хоць залатое вязі

У іншым павільёне з абуткам заявілі: «Палатак няма, усё правільна. Дакументы адсутнічаюць - значыць, не могуць гандляваць. Калі ўказ выдалі, то куды ўжо падзецца. Трэба яго выконваць. Пакупнікоў стала менш, вядома ж. У іх проста няма грошай. Заробкі невялікія. Што зробіш, крызіс ўсюды».

«Нават калі б цяпер усе адкрыліся і выйшлі з палаткамі, то сітуацыя выглядала б гэтак жа, - намагаюць на сваёй пазіцыі суразмоўцы. - Вы ж паглядзіце, у нас ні аднаго пакупніка. А ўявіце, каб побач хтосьці прадаваў яшчэ такія ж чаравікі. Перыферыя памірае. Людзі едуць у вялікія гарады. Нас задушылі гіпермаркеты».

Гандляры - жанчыны і малады хлопец - прызнаюць: указ 222 - удар па жыхарах Шклова.

«З'явяцца фірмы, якія будуць працаваць з малой надбаўкай, і ў іх будуць купляць. Аднак і гэта нічога не зменіць, бо народ і так нічога не купляе, хоць залатое вязі сюды. Проста цяпер мы ў балоце. Калі б указа не было, можа, было б лепш, але ён ёсць", - выказваецца прадпрымальнік.

Пакупнікі: Ні працы, ні грошай, ні адзення

Тым часам жыхары Шклова, наведвальнікі рэчавай часткі мясцовага рынку, не ў захапленні ад зачыненых павільёнаў і зніклых палатак. Адсутнасць таннага прывазнога тавару для іх пакуль - неадольная праблема і незразумелы крок улады. Яны разгубленыя.

"Гэта вельмі дрэнна. Шклоў - малы горад, і рынак - адзінае месца, дзе можна было што-небудзь з адзення нагледзець, - выказвае сваё стаўленне да сітуацыі маладая жанчына, кіруючыся на рынак. - Цяпер адзявацца - гэта праблема. Шмат хто задае гэтае пытанне і не знаходзіць адказу. Можа, нешта ўсё ж зменіцца, спадзяемся. У крамах усё дорага. Свайму дзіцяці я купляла палову прывазнога, палову беларускага, але беларускае дарагое».

«Цяпер будзем адзявацца ў краме, - з відавочным раздражненнем рэагуюць на цікавасць журналіста наступныя суразмоўцы, маладыя хлопец і дзяўчына. - Так, там даражэй, але вы скажыце: дзе тады адзявацца, калі усё зачынена? Куды са Шклова ехаць? Гэта яшчэ які ўдар для людзей. Тут жа можна было купіць танней. Ды за што купляць? Ні працы, ні грошай, ні адзення. Крызіс».

Нядаўна насупраць шклоўскага Дома культуры паставілі помнік савецкаму актору, ураджэнцу Шклоўскага раёна Пятру Алейнікаву. Ён увекавечаны ў ірваным нацельніку (фрагмент з савецкага кінафільма «Трактарысты»). На твары - вясёлая разгубленасць. Самі шклоўцы таксама выглядаюць разгубленымі, толькі весялосці не назіраецца.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках