5 траўня 2024, Нядзеля, 9:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнэсовец Авяр'янаў хаваецца ад крэдытораў і правасуддзя?

36
Бізнэсовец Авяр'янаў хаваецца ад крэдытораў і правасуддзя?
Юрый Авяр'янаў
ФОТА: TUT.BY

У яшчэ аднаго буйнога беларускага бізнэсоўца ўзніклі вялікія праблемы.

Паводле звестак крыніцы «Беларускага партызана» ў праваахоўных органах, вялікія праблемы паўсталі ў Юрыя Авер’янава, уладальніка буйных аўтарынкаў, будаўнічых рынкаў, кінатэатра і начных клубаў.

Крыніца паведаміла, што ў Юрыя Авер’янава - вялікія запазычанасці ў крэдытах, якія ён узяў у беларускіх банках. Гаворка ідзе пра суму ў 40 мільёнаў даляраў.

Некаторы час таму Авер’янава аб'яўлялі ў вышук. Паводле звестак крыніцы, у той момант калі ён вярнуўся ў Менск, яго затрымалі.

У прыёмнай Юрыя Авер’янава ў яго кампаніі «Гандлёвы дом Кальцо» журналістам сказалі, што «Юрый Робертавіч цяпер не ў Менску». Мы падрабязна распавялі пра непрыемныя чуткі, якія з'явіліся пра прэзідэнта кампаніі і папрасілі кагосьці з прадстаўнікоў кампаніі патэлефанаваць нам і зняпраўдзіць узніклыя чуткі або патлумачыць, што адбываецца. Ніхто з кампаніі Авер’янава нам так і не ператэлефанаваў. Мабыць, сказаць ім няма чаго.

На вяршыню беларускага бізнэсу Авяр'янаў узнёсся ў 1991 годзе, адкрыўшы ўласны рэчавы рынак у цэнтры Менска, на стадыёне «Дынама». Гандлёвыя месцы там арандавалі больш за дзве тысячы чалавек. Але гэта было дробяззю ў параўнанні з яго чарговым праектам.

У 1994 годзе ён пралабіяваў у Менгарвыканкаме ідэю пераносу стыхійнага аўтамабільнага рынку са стадыёна «Лакаматыў» (вуліца Варанянскага) за межы горада.

Рынак у Малінаўцы з цягам часу стаў найбуйнейшым на тэрыторыі краіны. Пазней рынак перафарматуюць у «Гандлёвы свет Кальцо».

Праз чатыры гады пасля Малінаўкі Авяр'янаў стварыў і трэці рынак. На супрацьлеглай ускраіне Менска, ва Уруччы, на месцы армейскіх казармаў паўсталі намёты і кіёскі з будаўнічымі матэрыяламі.

Авяр'янаў неаднаразова падкрэсліваў у інтэрв'ю, што вырас у дзіцячым доме. «Я ўсё сваё жыццё самастойна прабіваў сабе дарогу. У мяне жалезная загартоўка з дзяцінства, і таму ўсе мае праекты, якія першапачаткова ацэньваліся іншымі як правальныя, сёння паспяхова рэалізаваныя», - казаў ён.

Цяперашнія праблемы ў Авер’янава не першыя за ўсю гісторыю вядзення бізнэсу. У пачатку 2000-х на лаве падсудных апынуліся шасцёра кіраўнікоў аўтамабільнага рынку. Юрый Авяр'янаў, сустрэўшыся адзін раз са следчым, адразу выехаў за межы краіны.

Следства спрабавала давесці, што кіраўніцтва рынку брала з прадпрымальнікаў грошы за права мець гандлёвыя пункты. Сотні тысяч даляраў ішлі міма падатковых органаў. У выніку кіраўнікі рынку атрымалі па 3-3,5 года «хіміі», а некаторыя абышліся ўсяго толькі штрафамі.

Справа Авер’янава разглядалася асобна, і віны бізнэсоўцы не выявілі. З тых часоў Авяр'янаў стараецца большую частку часу праводзіць за межамі Беларусі.

Да таго часу ён ужо пажыў за мяжой. «Я спрабаваў блізу двух гадоў жыць у Амерыцы. Але вярнуўся, - распавядаў Авяр'янаў - У Беларусі больш перспектыў ва ўсім, не толькі ў бізнэсе». Пасля вяртання мільянер стаў яшчэ шчыльней развіваць забаўляльныя напрамкі ў сваім бізнэсе, адкрыўшы некалькі клубаў, рэстарацый і дыскатэк, ён стварыў у Менску першы боўлінг-клуб. Сярод яго брэндаў - Madisson Club, «Бліндаж», «Афрыка», U2. Усе яны кантралююцца кампаніяй «Інтэкс», якую узначальвае Авер’янаў.

У гісторыю горада Авяр'янаў трапіў і як заснавальнік першага прыватнага парку атракцыёнаў «Дрымлэнд» (ЗАТ «Ростэм»). У парку ўведзена новая для Беларусі сістэма аплаты - даволі дарагі ўваходны білет, які дазваляе катацца на атракцыёнах без абмежаванняў, хоць цэлы дзень.

На лета 2013 года было намечанае адкрыццё аквапарку ў Dreamland. Але прыхільнікі воднага адпачынку не дачакаліся гэтай падзеі ў абяцаныя тэрміны. На наступны год у аквапарку Авер’янава з'явіўся сур'ёзны канкурэнт - дзяржаўны аквапарк на праспекце Пераможцаў.

Апошнія гады ў бізнэсоўца не вельмі ўдала складваюцца стасункі з уладамі. Прабуксоўвае яго ідэя будаўніцтва некалькіх дзясяткаў паркінгаў у сталіцы.

Мабыць, нарастаючы эканамічны крызіс ударыў па асноўных напрамках бізнэсу Авер’янава і ён не змог расплаціцца па крэдытах.

Пакуль прадстаўнікі МУС ніякіх каментароў не даюць. У кампаніі Авер’янава таксама маўчаць.

Нагадаем, беларускі буйны бізнэс накрыла хваля арыштаў па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. У мінулую пятніцу, 11 сакавіка 2016 гады КДБ былі затрыманыя 5 супрацоўнікаў «Трайпла» і яго гендырэктар Юрый Чыж. 14 сакавіка супрацоўнікі КДБ затрымалі 15 работнікаў групы кампаній «Сервалюкс» і іх гендырэктара і асноўнага ўладальніка Яўгена Баскіна. 16 сакавіка стала вядома, што КДБ распачало крымінальную справу на беларускую кампанію «Франдэса», якая займаецца распрацоўкай і вытворчасцю хімічных сродкаў абароны раслін.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках