5 траўня 2024, Нядзеля, 22:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бізнэсовец Авяр'янаў схаваўся ад крэдытораў у Еўропе?

6
Бізнэсовец Авяр'янаў схаваўся ад крэдытораў у Еўропе?
Юрый Авяр'янаў
ФОТА: TUT.BY

Асноўны ўладальнік кампаній «Гандлёвы свет Кола» і «Ростэм» Юры Авяр'янаў знаходзіцца за межамі Беларусі.

Гэтую інфармацыю tut.by паведамілі некалькі інфармаваных крыніц - топ-мэнэджэр прыватнага банка, дэвелопер і чыноўнік.

«Гандлёвы свет Кола» аб'ядноўвае аўтамабільны ды будаўнічы рынкі і гандлёвыя цэнтры ў сталічным мікрараёне Малінаўка. Структура кампаніі «Ростэм» уключае ў сябе тры аб'екты: Цэнтральны рынак будаўнічых матэрыялаў ва Уруччы, парк забаў «Dreamland» і філію «Аграфірма «Ілля».

«У Юрыя [Авяр’янава] вялікая запазычанасць перад банкамі. Ён багата страціў [грошай] на аквапарку. Мы з ім даўно не бачыліся, але, з маёй інфармацыі, ён цяпер у Нямеччыне ці Італіі», - сказаў знаёмец бізнэсоўца.

«Банк хацеў спагнаць пазыкі. У суд запрасілі Авяр’янава. Але ён не прыйшоў, бо ўжо даўно жыве ў Нямеччыне», - дадаў топ-мэнэджэр прыватнага банка. Крыніцы ацэньваюць завінавачанасць за крэдыты і выплаты ў бюджэт у межах 30-40 млн даляраў.

На верасень 2014 года вартасць усяго аквапарку пад голым небам у парку забаў «Dreamland» ацэньвалася на суму пад 300 млрд рублёў. Асноўнымі крыніцамі фінансавання былі ўласныя абарачальныя сродкі «Ростэма» (так, у гэты праект укладваліся грошы, якія зарабляў Цэнтральны рынак будаўнічых матэрыялаў ва Уруччы) і крэдытныя рэсурсы БПС-Сбербанка, казаў тады гендырэктар «Ростэма» Эдуард Міхалоўскі.

Нягледзячы на тое, што Юры Авяр'янаў называў будаўніцтва адкрытага аквапарку ў большай ступені «сацыяльным праектам для горада», кампанія мела і камерцыйныя інтарэсы. Згодна з бізнэс-планам, які пададзены крэдыторам, даход аквапарку ў сэзон павінен складаць блізу 100 млрд рублёў пры ўмове 340-350 тысяч наведвальнікаў за год. Пры такіх разліках акупнасць праекта складзе блізу сямі гадоў. Але выйсці на гэтыя паказчыкі не выпала.

У «Ростэма» за тры кварталы 2015 года былі чыстыя страты 92,1 мільярда рублёў, сведчаць звесткі Мінфіна. Больш за тое, ва ўласнасць БПС-Сбербанка ўжо перайшлі будынак плошчай 350 кв.м на будаўнічым рынку ва Уруччы і ўваходная група «Марока» 2,2 тысячы кв.м у «Дрымлэндзе». Атрымаць хуткі каментар у банку не выпала.

На 1 сакавіка «Ростэм» і «Гандлёвы свет Кола» значыліся ў спісах кампаній, якія дапусцілі запазычанасць у выплатах у бюджэт Менска і Менскай вобласці. «[Гандлёвы свет Кола] хранічны вінаваты. Мае вялікія сумы запазычанасці», - сказалі ў інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў Рэспублікі Беларусь Менскага раёна, але не назвалі суму нявыплачаных падаткаў.

Пасля таго як праваахоўныя органы зацікавіліся бізнэсам Юрыя Авяр’янава, бізнэсовец пакінуў краіну, кажуць суразмоўцы. На пачатку «нулявых» гадоў ён таксама ад'язджаў з Беларусі, калі на лаве падсудных апынуліся шасцёра кіраўнікоў аўтамабільнага рынку.

У адным з інтэрв'ю прадпрыемец прызнаваў, што «спрабаваў блізу двух гадоў жыць у Амэрыцы». «Але вярнуўся. У Беларусі больш перспектыў ва ўсім, не толькі ў бізнэсе. Я ўжо казаў, што выхоўваўся ў дзіцячым доме. Прасцей кажучы, мяне выхоўвала дзяржава. Напэўна, прышчэпленая мне гэтая дзяржаўная адказнасць, павага да ўлады. Ёсць за што, без напышлівых слоў, быць удзячным», - распавядаў Авяр'янаў у інтэрв'ю «Камсамольскай праўдзе ў Беларусі» ў 2007 годзе.

У кампаніях «Гандлёвы свет Кола», «Ростэм» і Камітэце дзяржбяспекі ад каментароў адмовіліся. Авяр'янаў не адказаў на тэлефанаванне і ліст праз электронную пошту.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках