29 красавiка 2024, панядзелак, 2:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Яскевіч: Нашая пазіцыя нязменная - дайце працаваць!

4
Ірына Яскевіч: Нашая пазіцыя нязменная - дайце працаваць!
Архивное фото «Еврорадио»

Прадпрымальнікі прадаўжаюць змагацца за свае правы.

9 сакавіка а 13.00 пачалося чарговае пасяджэнне рабочай групы для абмеркавання Указа 222.

У мінулы раз намеснік міністра падаткаў і збораў Міхаіл Расолька ўжо ў самым канцы сустрэчы звёў вынікі абмеркавання да нуля, а сёння чальцы рабочай групы не азнаёмленыя з праектам дакумента, які плануецца накіраваць у Саўмін паводле вынікаў гэтага пасяджэння. Сустаршыні рабочай групы намесніца міністра гандлю Ірына Наркевіч і намесніца міністра эканомікі Ірына Касцевіч абяцалі падрыхтаваць яго і разаслаць усім чальцам рабочай групы да 4 сакавіка, аднак абяцанняў не выканалі.

Пра гэта распавяла ucpb.org чалец рабочай групы ў абмеркаванні Указа 222, лідар віцебскіх прадпрымальнікаў Ірына Яскевіч. Яна яшчэ раз патлумачыла сутнасць праблемы і тыя патрабаванні, на якіх настойваюць ІП:

- Мая пазіцыя - і не толькі мая, а ўсіх нашых ІП, якіх я прадстаўляю - аднолькавая і нязменная, як на сустрэчах з прадпрымальнікамі, так і на пасяджэннях рабочай групы: усё адно, якія лічбы будуць стаяць у нумары дакумента - Указ 222 або 888, альбо якія-небудзь яшчэ. Сёння для ІП жыццёва важны дакумент, які дазволіць ім выйсці на працу без пагрозы штрафаў і канфіскацыяў, а таксама дасць магчымасць закрыць сваю дзейнасць, не зазнаючы небяспекі несці адказнасць за трэціх асоб, якія выдалі ім так званыя недакладныя дакументы, - сказала Ірына Яскевіч.

Асноўнай праблемай для ІП сёння з'яўляюцца тлумачэнні Указа 222 і іншых дакументаў, сфармуляваныя Міністэрствам падаткаў і збораў у кастрычніку 2015 года. Гэта паставіла дзейнасць ІП па-за законам, бо ў іх няма магчымасці прамінулай датай памяняць ці выправіць дакументы. Яны завезлі тавар раней, аформлены ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі і рэкамендацыямі, якія дзейнічалі на той момант. А пасля зменаў, унесеных Міністэрствам падаткаў і збораў, увесь гэты тавар апынуўся «з несапраўднымі дакументамі».

- Прычым кантрольныя органы прыступілі да выяўлення гэтых «парушэнняў», - прадаўжае прадпрымальніца. - Жывы прыклад таму - сітуацыя ў Полацку, дзе было складзена блізу 20 пратаколаў, звязаных менавіта з «няпэўнасцю дакументаў». Тут варта дадаць, што штрафы за гэта «парушэнне» - да 500 базавых адзінак, што для ІП - гіганцкая сума. І калі гэтых грошай у ІП не апынецца, ён адказвае за выплату штрафу ўсёй сваёй маёмасцю - гэта значыць, да яго ў дом прыйдзе судовы выканаўца.

Ва ўсёй гэтай сітуацыі ёсць яшчэ адзін нюанс: Міністэрства падаткаў і збораў узяло на сябе паўнамоцтвы растлумачваць дакумент, нягледзячы на тое, што ў дакуменце ёсць пункт №3, у якім гаворыцца, што функцыя тлумачэння ўскладзеная на Савет Міністраў. Што было б правільна, бо ў гэтым выпадку ў абмеркаванні гэтых тлумачэнняў бралі б удзел прадстаўнікі ўсіх міністэрстваў, якія рэгламентуюць нашу дзейнасць. А Міністэрства падаткаў і збораў растлумачвае дакумент, не ўлічваючы патрабаванні Дзяржстандарту, Міністэрства аховы здароўя (а гэта пытанні гігіенічнай адпаведнасці і г.д.) і Міністэрства гандлю. Што прывяло да аднабаковасці патрабаванняў да нашых першасных дакументаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках