3 траўня 2024, Пятніца, 1:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Гэтая ўлада павінна сысці ў адстаўку

45
Станіслаў Багданкевіч: Гэтая ўлада павінна сысці ў адстаўку
СТАНІСЛАЎ БАГДАНКЕВІЧ

Ніякіх фактараў, якія забяспечваюць хоць бы мінімальны рост УБП, у Беларусі сёння няма.

Сусветны банк 28 красавіка ў Менску прэзентаваў абноўлены макраэканамічны прагноз паводле эканомікі Беларусі. Экспэрты чакаюць вельмі нязначны рост беларускай эканомікі толькі ў 2018 годзе, а прагноз на 2016 год пагоршыўся.

Чаму СБ пагоршыў прагноз па беларускай эканоміцы? Чаму беларускае кіраўніцтва, насуперак змрочным прагнозам, будуе вясёлкавыя пражэкты?

На пытанні «ЕўраБеларусі» адказаў былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч.

- УБП Беларусі можа знізіцца ў 2016 годзе на 3%, хоць яшчэ паўгода таму прагназавалася падзенне УБП на 2,2%. З чым звязана такое рэзкае пагаршэнне прагнозу?

- Не вельмі рэзкае: летась УБП упаў на 4 пункты, сёлета, магчыма, упадзе менш. Ідзе рэцэсія, і ажыўлення не відаць. Першы квартал прайшоў з мінусам: эканоміка падае, прадукцыйнасць падае, страты растуць, рэнтабельнасць зніжаецца, даходы насельніцтва падаюць. Падобна на тое, Сусветны банк пагоршыў прагноз з улікам усіх названых фактараў.

Рэформ няма, знешніх уліванняў - крыніцы ажыўлення і прыросту, няма. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2020 года прадугледжвае рост УБП цягам пяці гадоў не больш чым на 10% - гэта вельмі мала. Пажадана атрымліваць такі рост цягам года. Менавіта таму і ўрад, і прэзідэнт заявілі, што манілаўшчынай займацца не збіраюцца.

- Але, насуперак прагнозам, афіцыйны Менск спадзяецца, што прырост УБП Беларусі ў 2016 годзе складзе 0,3%, а інфляцыя не перавысіць 12%. Чым выкліканы такі аптымізм?

- Улада не можа казаць інакш. Добрасумленная, сумленная ўлада, не здольная стабілізаваць сітуацыю, павінна сысці ў адстаўку. Але беларускае кіраўніцтва ў адстаўку не сыходзіць.

Першы квартал 2016 года паказаў, што ў беларускай эканоміцы ідзе рэцэсія, а не рост. Агулам эканоміка патрабуе радыкальных крокаў, прызнання, што галоўная праблема знаходзіцца не па-за, а ўнутры краіны. Паглядзіце: Польшча развіваецца, Прыбалтыка развіваецца, нават ва Украіне за першы квартал адбыўся рост эканомікі на 1%. У Расеі, з якой мы звязаны экспартна-імпартнымі сувязямі, эканамічны спад доўжыцца; калі ў Расеі няма ўздыму, яна не можа купіць беларускую прадукцыю, а ніхто іншы ў нас яе не купляе. Для заваёвы новых рынкаў збыту трэба было папярэднія 20 гадоў працаваць. Усе памылкі цяперашняга кіраўніцтва вылазяць нам бокам.

- Сусветны банк мяркуе, што Беларусь мае вострую патрэбу ў вонкавым крэдытаванні з улікам неабходнасці выплаціць Br3,3 млрд. даляраў ЗША замежнай запазычанасці ўжо ў 2016 годзе. Што адбудзецца, калі беларускія ўлады не знойдуць новыя крэдыты?

- Згалеем. Я цяпер ужо адчуваю дыханне беднасці: кошты растуць і на лекі, і на прадукты харчавання, і на тавары першай неабходнасці. А пенсіі не павялічваюцца, нават не робяць індэксацыю. Не робяць індэксацыю нават на інфляцыю!

Выплаціць замежную запазычанасць краіна зможа. Нацыянальны банк купіць на біржы валюту для выплаты замежных запазычанасцей, а валютны курс абваліцца, кошт імпарту, у тым ліку і сыравіннага, камплектуючых, вырасце, выдаткі павялічацца, страт будзе большы. Але краіна не загіне.

Усіх нас чакае збядненне. Мне тэлефанавалі журналісты з Берасцейскай вобласці, кажуць, што ў сакавіку сярэдні заробак быццам бы вырас на 460 тысяч. Як мог вырасці заробак, калі мы стварылі менш прадукту? Гэта відавочная супярэчнасць. Калі я зрабіў летась два крэслы, а ў гэтым - адно крэсла, то за што мне плаціць больш? Статыстыка відавочна ненармальная.

- Сусветны банк уважае, што структурныя рэформы могуць палепшыць перспектывы Беларусі ў сярэднетэрміновым перыядзе. Ці ёсць прыкметы рэформаў?

- Лукашэнка заявіў, што краіна не будзе мяняць структуру гаспадарання - будзе толькі ўдасканальваць непрыдатную мадэль. Лукашэнка не дапусціць ніякіх рэформаў - гэта адна з прычын, па якой МВФ не хоча даваць крэдыт Беларусі. Бо крэдыты патрэбныя перш за ўсё на выплату замежнай запазычанасці: атрымаем тры мільярды і выплацім замежную запазычанасці. А без замежных крэдытаў даўгі будуць выплачвацца за кошт насельніцтва.

Для развіцця эканомікі патрэбныя зусім іншыя меры: скарачэнне падаткаў, структурная перабудова. Трэба спыніць умяшальніцтва ў малы і сярэдні бізнэс, дзе за кошт нязначных рэсурсаў можна пачаць новую вытворчасць. Развіваць эканоміку можна выключна рынкавымі метадамі, а не адміністрацыйнымі. Лукашэнка даўно стукае кулаком па стале, вось толькі ніхто яго не слухае.

- Гэта значыць, прагназуемы Сусветным банкам у 2018 годзе рост эканоміку на 0,3% малаверагодны без структурных рэформаў?

- Цяжка сказаць. Я ўвесь час думаю пра ўрад значна лепш, чым ён заслугоўвае. Я спадзяюся, што ўрад не будзе сядзець склаўшы рукі і нічога не рабіць. Урад павінен сысці з бізнэсу, павінен спыніць заганную практыку ўвядзення новых падаткаў і пабораў. Калі ўлады нічога не стануць рабіць, росту нам не відаць: краіну чакае падзенне вытворчасці, хай не на 4%, як летась, а на 3-2%. Ніякіх фактараў, якія забяспечваюць хоць бы мінімальны рост УБП, у Беларусі сёння няма.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках