3 траўня 2024, Пятніца, 0:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Курапатах асвяцілі крыж памяці Вацлава Ластоўскага

1
У Курапатах асвяцілі крыж памяці Вацлава Ластоўскага

У цырымоніі ўзялі ўдзел больш за 30 чалавек.

Крыж памяці выбітнага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча гісторыка, этнографа і публіцыста XX стагоддзя Вацлава Ластоўскага 29 красавіка асвяцілі на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам, піша БелаПАН.

Крыж вышынёй 5 метраў зроблены з моранага дуба і пакрыты мастацкай разьбой. Яго аўтары - жывапісец Алесь Цыркуноў і разьбяр Юрый Камандзірчык. Крыж ствараўся на добраахвотныя ахвяраванні і быў усталяваны тыдзень таму на ініцыятыву аргкамітэта для стварэння Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага.

Асвяціў крыж святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч. У цырымоніі ўзялі ўдзел блізу 30 чалавек, у тым ліку журналісты: гісторык, публіцыст Анатоль Тарас, журналіст і гісторык Марат Гаравы, палітык Вячаслаў Сіўчык, грамадскія актывісткі Вольга Нікалайчык і Наталля Басалыга, мастакі Алесь Марачкін і Мікола Купава ды іншыя.

На асвячэнні памятнага знака намеснік старшыні гэтай пакуль яшчэ незарэгістраванай арганізацыі Віктар Яўмененка адзначыў, што грамадства «аб'ядноўвае людзей, якіх цікавіць гісторыя гэтага краю».

«Менавіта таму мы абралі нашым апекуном Ластоўскага - заснавальніка беларускай гістарыяграфіі, аднаго з бацькоў беларускай незалежнасці і дзяржаўнасці», - сказаў ён.

Крыж быў выраблены разьбяром Юрасём Командзірчыкам паводле праекту мастака Алеся Цыркунова. Мастак адзначыў, што крыж усталяваны ў памяць не толькі Ластоўскага, «але і ўсіх ягоных паплечнікаў - волатаў, якія свядома ішлі на пагібель дзеля адраджэння беларускага народа і стварэння дзяржавы».

«Зрабіць просты, дзяжурны крыж я не мог... Надышоў час ставіць такія знакі, якіх заслугоўваюць гэтыя людзі», - адзначыў Цыркуноў.

Знак уяўляе сабой шасцікпромневы крыж белага колеру. На верхнім промні крыжа намаляваны гістарычны герб «Пагоня», у цэнтры крыжа - укрыжаваны Хрыстос. На бакавых промнях - элементы беларускага нацыянальнага арнаменту. Ніжэй распяцця выразаны бюст Ластоўскага.

Трэба адзначыць, што на гэтую цырымонію запрашаліся таксама прадстаўнікі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі і Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Аднак яны не прыйшлі.

Вацлаў Ластоўскі (1883/11/08 - 1938/01/23) быў актывістам Беларускай сацыялістычнай грамады, рэдакцыйным сакратаром газеты «Наша ніва», уваходзіў у кіраўніцтва партыі «Хрысціянская злучнасць» і з'яўляўся старшынём кабінета міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ластоўскі выступаў супраць савецкай улады і польскай акупацыі за незалежную і цэласную Беларусь. У пачатку 1920-х гадоў ён наведаў шэраг краін Заходняй Еўропы, дзе бараніў правы беларускага народа. З красавіка 1927 года працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інстытуце беларускай культуры, сакратаром Беларускай акадэміі навук. Даследаваў старажытнабеларускую гісторыю, літаратуру і паходжанне назвы «Беларусь». Аўтар гістарычных літаратурных твораў, апавяданняў, успамінаў і артыкулаў пра вядомых дзеячаў нацыянальнага адраджэння. Перакладаў на беларускую мову творы класікаў расейскай, ангельскай, польскай і дацкай літаратур.

Двойчы, у 1930 і 1937 гадах, Ластоўскі зазнаваў арышты. Пасля першага арышту быў сасланы на пяць гадоў у Саратаў (Расея), пасля другога - прысуджаны да расстрэлу як «агент польскай выведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках