2 траўня 2024, Чацвер, 21:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Калінкіна: Хачу зрабіць інтэрв'ю з Лукашэнкам пасля ягонай адстаўкі

36
Святлана Калінкіна: Хачу зрабіць інтэрв'ю з Лукашэнкам пасля ягонай адстаўкі
Светлана Калинкина

Пра гэта беларуская журналістка распавяла падчас майстар-класа ў менскай кнігарні «Галіяфы».

Сустрэча з зоркай беларускай журналістыкі прайшла ў рамках цыкла публічных гутарак з вядоўцамі тэлеканала «Белсат».

Не ўсіх можна запрашаць на ТВ

«Аднойчы ў мяне была анекдатычная сітуацыя, падчас інтэрв'ю з Францам Мінько. Калі Лукашэнка стаў прэзідэнтам, Франца Мінько накіравалі ў Міністэрства сельскай гаспадаркі. Ён адказваў за механізаванне і ўзначальваў управу тэхнічнага прагрэсу, быў намеснікам міністра. Выдатны чалавек. Але на мае пытанні адказваў задам наперад. Што-небудзь успомніць, пазней вяртаецца да папярэдняга пытання, карацей, чорт нагу зломіць. Але ў газетным інтэрв'ю журналіст можа нешта дадаць, скарэктаваць, і ў выніку ў нас атрымалася даволі добрае інтэрв'ю. Пасля публікацыі ён мне тэлефануе і кажа, маўляў, такое класнае інтэрв'ю ў нас атрымалася, усе мне ў міністэрстве руку паціскаюць і нават з тэлевізіі патэлефанавалі і запрасілі на гутарку. Я яму параіла не ісці. Ёсць людзі, з якімі зрабіць тэлевізійнае інтэрв'ю амаль немагчыма», - дзеліцца Святлана Калінкіна.

Самыя цяжкія суразмоўцы

«Цяжка рабіць інтэрв'ю з юрыстамі, дыпламатамі і эканамістамі. Эканамісты закідваюць цябе лічбамі. Мая гутарка з Міхаілам Залескім - гэта сапраўдны прыклад тролінгу журналіста. З прафесійнымі дыпламатамі і палітыкамі размаўляць вельмі цяжка», - адзначае журналістка.

Цяжка задаваць пытанні маці, у якой загінула дзіця

«Калі здарылася трагедыя на Нямізе, мне патэлефанавалі з Масквы і папрасілі зрабіць сюжэт, бо ў гэтага выдання не было свайго карэспандэнта ў Менску.

І вось уявіце сітуацыю, што трэба нешта спытаць у людзей, якія ў моргах шукаюць сваіх дзяцей і выходзяць адтуль, пасівелыя. А ты, як прафесіянал, павінен з гэтым нешта зрабіць. Мне было цяжка пераступіць праз сябе, бо падыходзіць да людзей у гэты момант з нейкімі пытаннямі здавалася мне антыгуманным», - распавядае Святлана.

Доктар з'ехаў у Ізраіль, бо ў Беларусі яго маглі пасадзіць

«У мяне ёсць адно інтэрв'ю, якое так і не было апублікаванае. Гэта размова з доктарам, які з групай энтузіястаў тэставаў ў Менску нетрадыцыйныя метады лячэння рака. Ён не верыў, што хіміятэрапія можа дапамагчы, таму спрабаваў іншыя метады. Цяпер ён жыве ў Ізраілі, дзе працуе ў эксперыментальных клініках. І ў мяне няма адназначнага адказу на пытанне, добра ці дрэнна, што гэта інтэрв'ю не выйшла. У размове ён фактычна прызнаваўся ва ўчыненні крымінальнага злачынства. Я давала пачытаць гэтую размову анколагам, і многія пагаджаліся з аргументамі гэтага доктара. Але інтэрв'ю не выйшла, бо я падумала: а што калі камусьці хіміятэрапія патрэбная, але, прачытаўшы гэтую размову, чалавек ад яе адмовіцца?» - Дзеліцца журналістка.

Хачу зрабіць інтэрв'ю з Лукашэнкам пасля ягонай адстаўкі

«Цяпер мне не цікава рабіць інтэрв'ю з Лукашэнкам. Я хачу зрабіць з ім інтэрв'ю пасля ягонай адстаўкі. Хачу, каб ён сышоў на сваіх нагах, каб не было ў нас крыві і гэтак далей, каб ён мог размаўляць і адказваць на пытанні. Мне здаецца, што пераасэнсаванне таго, што з ім адбылося і што перажыла краіна, было б цікавым. Памятаю, калі ў Менск прыехаў Савік Шустэр, тады ён яшчэ працаваў на НТВ, каб запісаць размову з Чубайсам і Лукашэнкам. Ад імя Анатоля Чубайса (расейскі палітычны дзеяч) мяне запрасілі на запіс гэтай праграмы.

Пасля здымак Лукашэнка падышоў да мяне і кажа: «Што вы, Святлана, такая злая?» А я тады была галоўнай рэдактаркай «Беларускай дзелавой газеты», якую закрывалі, і адказваю, што ў мяне няма падставы вам усміхацца. І дадала, што «калі вы пойдзеце, Аляксандр Рыгоравіч, я прыйду да вас браць інтэрв'ю, а вось Павел Ізотавіч (Павел Якубовіч - галоўны рэдактар газеты «СБ») - не», - распавядае Святлана Калінкіна.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках