26 красавiка 2024, Пятніца, 14:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзмітрый Сталяроў: «Залезці на кран прасцей, чым хадзіць па кабінетах»

38

Жыхар Віцебска, які 28 красавіка ўзлез на вежавы кран ля стадыёна «Дынама» ў Менску, амаль упэўнены, што яму выплацяць пратэрмінаваныя заробкі.

Дзмітрый Сталяроў распавёў «Радыё Свабода», што ідэя ўскараскацца на будаўнічы кран на знак пратэсту да яго прыйшла спантанна:

«Я прыехаў у Менск, каб паскардзіцца якому-небудзь вышэйшаму начальству на тое, што мне не заплацілі грошы за працу на будоўлі крамы «Карона». Я працаваў аздобнікам, наймаўся як прыватны прадпрымальнік. Ужо і крама адкрыўся, а заробкі амаль за паўгода працы я так і не пабачыў. Я скардзіўся на гэта, куды толькі мог. Але не дапамагала. Думаў: паеду ў Менск, вазьму з сабой яшчэ калегаў, якім таксама не заплацілі. Аднак яны, напэўна, спалохаліся, не паехалі... А я прыехаў, куды ісці - не ведаў. Бачу: будоўля, але ў самым цэнтры. Надумаў: залезу на кран, ды ўсе заўважаць!»

ФОТА: SVABODA.ORG

25-гадовы хлопец прызнаецца, што ўздымаўся на вежавы кран другі раз у жыцці. Упершыню - на працы, а другі раз - цяпер. Трапіць на будоўлю праблемай не было: там ходзіць шмат народу. І ніхто не звяртаў на яго ўвагі, пакуль ён не апынуўся наверсе. Разам з дакументамі, якія хацеў паказаць «вышэйшаму начальству».

Пасля таго, як Дзмітрыя Сталярова заўважылі, само сабой атрымалася, што ён трапіў у поле зроку журналістаў. Да гэтага, як ён сам прызнаецца, звярнуцца са сваімі праблемамі ў СМІ яму проста не прыходзіла ў галаву. Затое ён спрабаваў трапіць на прыём да старшыні аблвыканкама - паскардзіцца, што перамог у судзе, які пачаўся супраць фірмы «Двенскбуд» за нявыплату заробку, аднак грошай так і не дачакаўся. Хоць спадзяваўся атрымаць і 40 мільёнаў уласнага заробку, і амаль 17 адсоткаў штрафу за пратэрміноўку...

ФОТА: SVABODA.ORG

«Да губернатара не трапіў, мяне перанакіравалі да супрацоўніка юстыцыі. Перад тым судзіўся, хадзіў па розных кабінетах месяцаў 8-9. Думаеце, лёгка хадзіць па кабінетах? Ды прасцей на той кран ўскараскацца!», - кажа хлопец.

Затое цяпер ён упэўнены, што справа з месца зрушыцца. Такое ўражанне ў яго засталося пасля гутарак у менскай міліцыі. А потым, калі яго адпусцілі, ён уначы вярнуўся дадому ў Віцебск, а ўжо раніцай 29 красавіка быў выкліканы ў Следчы камітэт. Там зноў даваў тлумачэнні, што прымусіла яго ўзлезці на вежавы кран.

ФОТА: SVABODA.ORG

Зрэшты, гэта ўжо другі неардынарны ўчынак наконт не атрыманага заробку. Праўда, тычыцца гэта іншай фірмы, з якой ён уклаў працоўную дамову на аздобныя працы ў новым будынку лагістычнага цэнтра. Там грошай не плацілі таксама, перамовы з кіраўніцтвам ні да чаго не прыводзілі. Тады, кажа Зміцер, ён наважыўся на крадзеж: вынес з будоўлі перфаратар і частку іншых электрычных прылад. Сцвярджае, што забраў не ўсё, а толькі тое, што коштам адпавядае суме не атрыманых грошай.

За гэты ўчынак Дзмітрый Сталяроў знаходзіцца пад следствам. Усведамляе, што парушыў закон, не адмаўляецца ад адказнасці, але спадзяецца, што ў выпадку суду атрымае толькі ўмоўнае пакаранне. Некаторы час ён быў пад падпіскай аб нявыездзе, якая была падоўжана да 26 красавіка. Больш яе не прадаўжалі, і таму хлопец адважыўся паехаць у Менск і зрабіць тое, што зрабіў.

Аб зробленым ён не шкадуе, тым больш, што адміністрацыйных пратаколаў на яго не складалі. А надзея на атрыманне грошай усё ж з'явілася.

ФОТА: SVABODA.ORG

На пытанне, ці не думае ён, што цяпер усё, каму завінаваціліся працадаўцы, палезуць на краны, слупы, вежы і «шматпавярховікі», Дзмітрый Сталяроў адказвае не адразу. Мабыць, пра такія наступствах свайго ўчынку ён не задумваўся. Потым усміхаецца і кажа: «Не трэба!»

Хлопец жыве з бацькамі. Некаторы час таму збіраўся ажаніцца, аднак, вяселле давялося адкладаць, таму што не было грошай. Такім чынам, праз нядобрасумленнасць наймальніка парушылася і асабістае жыццё: нявеста нарэшце разарвала стасункі з жаніхом. Цяпер яны жывуць у розных гарадах, дзяўчына скончыла Віцебскі медуніверсітэт і працуе ў Берасці. Дзмітрый прызнаецца, што дагэтуль кахае Крысціну і быў бы вельмі шчаслівы, калі б яна да яго вярнулася.

Сябры Зміцера Сталярова Аляксандр і Глеб (справа)
ФОТА: SVABODA.ORG

Яго сябра Глеб, які кажа пра Дзмітрыя выключна з сімпатыяй, распавёў:

«Былі ў Дзімы спробы жыць асобна ад бацькоў, здымаць кватэру. Аднак перашкодзілі грашовыя праблемы. Прыйшлося нават прадаць аўтамабіль, бо ён індывідуальны прадпрымальнік, трэба было плаціць падаткі, а з чаго - не было. Вельмі цяжкая сітуацыя. Ён вельмі адказны, прынцыповы хлопец, але - не шанцавала яму, і ўсё!»

Другі сябар, Аляксандр, працаваў разам з Дзмітрыем на будаўніцтве гіпермаркета «Карона». Ён сцвярджае, што ў яго асабіста праблем з атрыманнем заробкаў не было, але такіх як ён - меншасць:

«Там працавала вельмі шмат людзей. І вельмі шмат каму не заплацілі. Дзіма агітаваў, каб іншыя таксама падавалі заявы ў суд. Але людзі чамусьці баяцца ці не хочуць звязвацца з судамі або псаваць стасункі з наймальнікам».

Дзмітрый Сталяроў мяркуе, што «проста звязаўся не з тымі», што «ёсць нармальныя фірмы з сумленнымі кіраўнікамі», з якімі можна супрацоўнічаць і не баяцца.

Ён распавядае, што бацькі паставіліся да яго ўчынку з разуменнем. Вядома, маці вельмі знервавалася, калі даведалася, што сын палез на такую небяспечную вышыню ў пошуках справядлівасці. Затое Дзмітрый упэўнены, што пра ягоны ўчынак ведае сам Лукашэнка, і што ён ва ўсім разбярэцца і дапаможа...

ФОТА: SVABODA.ORG

Пра тое, што ён перш за ўсё зробіць, атрымаўшы доўгачаканыя грошы, Зміцер ужо не раз разважаў:

«Ох, грошай заўсёды бывае мала, а планаў заўсёды бывае так шмат... Напэўна, перш за ўсё я зраблю нейкі падарунак вартаўніку, які пацярпеў праз мае крадзяжы абсталявання. Ён жа не вінаваты, а яму дасталася праз мяне, праз тое, што я зрабіў. Таму хачу неяк аддзячыць вартаўніку, бо ён перажыў шмат непрыемнасцяў падчас усіх следчых разглядаў. Хачу папрасіць у яго прабачэння».

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках