4 траўня 2024, Субота, 18:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы пачалі праядаць апошнія запасы

35
Беларусы пачалі праядаць апошнія запасы

У красавіку валютныя ўклады насельніцтва скараціліся на $100 мільёнаў.

Рэальныя даходы насельніцтва знізіліся больш, чым выдаткі. Да такой высновы прыйшоў Нацыянальны банк, прааналізаваўшы звесткі аб паводзінах насельніцтва на спажывецкім і валютным рынку. Фактычна, гэта гаворыць пра тое, што насельніцтва жыве не па сродках. Падтрымліваць узровень жыцця на жаданым узроўні беларусы імкнуцца за кошт назапашаных у мінулыя перыяды ашчаджанняў, піша naviny.by.

Насельніцтва пусціла ў ход валютныя рэзервы

Падчас нефармальнай сустрэчы кіраўніцтва Нацбанка з беларускімі эканамістамі, якая адбылася ў першай дэкадзе траўня, рэгулятар прэзентаваў свае ацэнкі вынікаў грашова-крэдытнай палітыкі за першы квартал. Асобная ўвага была ўдзелена дынаміцы даходаў і расходаў насельніцтва, якая ўплывае на паводзіны грамадзян на грашовым рынку.

Ацэнкі, якія рэгулятар прэзентаваў эканамістам, кажуць пра тое, што даходы насельніцтва ўпалі мацней, чым выдаткі на канчатковае спажыванне. Фактычна, канстатавалі прадстаўнікі Нацбанка, насельніцтва цалкам не змяніла свае паводзіны на спажывецкім рынку, нягледзячы на зменшаныя даходы.

На думку Нацбанка, імкненне насельніцтва падтрымліваць жаданы лад жыцця прыводзіла апошнія месяцы да адтоку сродкаў насельніцтва (дэпазітаў) з банкаўскай сістэмы. Дарэчы, асобна ў красавіку валютныя ўклады насельніцтва скараціліся амаль на 100 млн даляраў.

«Вядома, нельга адмаўляць уплыў дэвальвацыйных чаканняў на паводзіны ўкладчыкаў, аднак уздзеянне гэтага фактару паступова зніжаецца», - мяркуюць у Нацыянальным банку.

Яшчэ адзін довад таго, што насельніцтва спрабуе падтрымліваць якасць жыцця на ранейшым узроўні, рэгулятар знаходзіць на валютным рынку. За студзень-красавік фізічныя асобы прадалі замежнай валюты на 347 млн даляраў больш, чым купілі.

Увогуле, калі рэзюмаваць, насельніцтва, як сведчаць назіранні Нацбанка, выдаткоўвае ашчаджанні, каб жыць лепш, чым дазваляе заробак. Як доўга яшчэ беларусы будуць жыць не па сродках?

Калі часовыя цяжкасці стануць сталымі

Паводле ацэнак міжнародных фінансавых арганізацый, эканамічны рост у Беларусі найбліжэйшымі гадамі калі і адновіцца, то будзе млявым. Так, згодна з красавіцкім прагнозам Сусветнага банка, УБП Беларусі знізіцца ў 2016-м на 3%, у 2017-м - на 1%, і толькі ў 2018-м, магчыма, павялічыцца на 0,3%.

«Найбліжэйшыя некалькі гадоў нас у найлепшым выпадку чакае стагнацыя. Адпаведна, калі ўрад захавае існуючую прывязку дынамікі заробкаў да прадукцыйнасці працы, мы будзем бачыць не зніжэнне рэальных даходаў, а іх доўгае захаванне на адным, адносна невысокім, узроўні», - мяркуе старэйшы аналітык форэкс-брокера «Альпари» Вадзім Іосуб.

Аднак насельніцтва, мяркуе эканаміст, спадзяецца, што сённяшнія цяжкасці - часовыя, таму працягвае выдаткоўваць больш, чым зарабляе.

«Да 2015 года ў Беларусі назіраўся рост даходаў насельніцтва, у 2009-м і ў 2011-м яны зніжаліся, аднак такія «прасадкі» ўспрымаліся як часовыя і аказваліся такімі. Насельніцтва, падобна, таксама спадзяецца, што сённяшнія цяжкасці - часовыя і таму карэктаваць сваю спажывецкую актыўнасць не спяшаецца», - мяркуе Вадзім Іосуб.

Тэарэтычна, жыць за кошт назапашаных раней ашчаджанняў беларусы могуць яшчэ доўга. У банках сёння знаходзіцца больш за мільярд даляраў рублёвых укладаў насельніцтва і яшчэ блізу 7,5 млрд фізічныя асобы захоўваюць у замежнай валюце.

Беларускія эканамісты мяркуюць, што ў сярэднетэрміновай перспектыве ад спажывецкіх паводзінаў, калі выдаткі перавышаюць даходы, насельніцтва адмовіцца.

«Больш за паўгода-год мы наўрад ці гэтую сітуацыю будзем назіраць. За гэты час людзі змогуць адэкватна ацаніць свае магчымасці на рынку працы. Калі многія ўбачаць, што могуць прэтэндаваць толькі на больш нізкі заробак, адпаведна, яны будуць пераглядаць і свае выдаткі», - прагназуе экспэрт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Таму, мяркуе эканаміст, да знясілення банкаўскіх ашчаджанняў насельніцтва справа не дойдзе.

Захоўваць дэпазіты на працяглы тэрмін насельніцтва пакуль будзе працягваць у замежнай валюце, мяркуе экспэрт BEROC.

«Мы бачым, што валютныя рызыкі захоўваюцца, і курс беларускага рубля моцна залежыць ад кошту нафты і сітуацыі ў Расеі. Таму для доўгатэрміновых ашчаджанняў насельніцтва будзе працягваць выбіраць валютныя ўклады. Каб сфармавалася ўстойлівая цікавасць насельніцтва да рублёвых укладаў, інфляцыя цягам шэрагу гадоў павінна быць адназначнай», - падкрэслівае Кацярына Барнукова.

Дзякуючы намаганням Нацбанка інфляцыйныя працэсы ў Беларусі замарудзіліся. Калі ўладам сапраўды атрымаецца знізіць інфляцыю да адназначных велічыняў, попыт на рублёвыя дэпазіты, імаверна, вырасце.

Тут іншая праблема: калі многія гады насельніцтва гадала, у чым захоўваць свае ашчаджанні, то цяпер узнікае іншае пытанне - што захоўваць. Даходы насельніцтва за апошнія паўтара года істотна знізіліся, і магчымасці рабіць ашчаджанні сёння зусім не тыя, што былі раней, сведчаць звесткі Нацбанка.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках