2 траўня 2024, Чацвер, 6:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фірму Мікалая Аўтуховіча пазбавілі ліцэнзіі

19
Фірму Мікалая Аўтуховіча пазбавілі ліцэнзіі
МІКАЛАЙ АЎТУХОВІЧ
ФОТА: BELARUSPARTISAN.ORG

Актывіст уважае гэта помстай з боку чыноўнікаў з Міністэрства транспарту.

Пастанова прызначыць прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча лідарам руху салідарнасці «Разам» была прынятая на з'ездзе арганізацыі 15 траўня. А некалькімі днямі раней ён даведаўся, што яго фірму «Ніка-таксі 22222» пазбавілі ліцэнзіі, паведамляе сайт palitviazni.info.

«Чыноўнікі, магчыма, наважылі, што Аўтуховічу час закрыць рот, - распавёў Мікалай Аўтуховіч. - Маўляў, трэба адпомсціць. А я на самой справе не раз паказваў, як непрафесійна працуюць транспартнікі. Тыя раззлаваліся, даслалі праверку, і, як следства, - пазбавілі ліцэнзіі. Гэта помста!»

«Я не адразу пагадзіўся ўзначаліць рух, але, урэшце, мяне пераканалі гэта зрабіць, - распавядае Мікалай аб сваёй новай пасадзе. - Хоць адказнасць, безумоўна, вялікая, разумею гэта. Але я адказны чалавек, і калі бяруся за нейкую справу, то стараюся рабіць яе сумленна. Таму што не люблю кідацца пустымі словамі і не хачу губляць той аўтарытэт, які зарабіў за сваё жыццё».

Са слоў Мікалая Аўтуховіча, яго бізнэс у Ваўкавыску не стане перашкодай для працы ў руху па той простай прычыне, што на днях фірму пазбавілі ліцэнзіі.

«У мінулую пятніцу на фірму патэлефанавалі і паведамілі, што ў нас забралі ліцэнзію, - распавядае ён. - Папярэдзілі, што працаваць яшчэ зможам два тыдні. А ліцэнзіі пазбавілі толькі за тое, што адзін з нашых работнікаў своечасова не змог прайсці тэхагляд. Дарэчы, за гэтае парушэнне мы яшчэ ў снежні мінулага года атрымалі пакаранне - тады абласны гаспадарчы суд Горадні пакараў нас штрафам, які мы аплацілі. Дарэчы, гэта было першае парушэнне, і нас маглі проста папярэдзіць. А цяпер як мінімум 25 чалавек аказаліся без працы. І ў кожнага ёсць сям'я, хтосьці ўзяў крэдыты... А знайсці працу ў раённым цэнтры - практычна немагчыма».

Аўтуховіч мяркуе, што абскарджваць гэтую пастанову транспартнікаў не мае сэнсу.

«Нас цэлы год білі ні за што, чапляліся да кожнай дробязі, - працягвае суразмоўца. - На нядаўняй сустрэчы з міністрам транспарту я распавёў аб сітуацыі, якая склалася. У нас цэлы стос дакументаў, якія збіраемся перадаць у пракуратуру. Там папахвае перавышэннем службовых паўнамоцтваў і незаконнай перашкодай прадпрымальніцтву. І дзяржава таксама губляе. Зараз, напрыклад, мы не будзем кожны дзень купляць 200 літраў дызельнага паліва, запчасткі, не будзем плаціць падаткі. Чыноўнікі гэтага не разумеюць». Былы палітвязень кажа, што цяпер, без асноўнага месца працы, сканцэнтруецца на справах руху салідарнасці «Разам».

«Я без працы не застануся, - дадае ён. - Але шкада тых людзей, якія працавалі на фірме, якіх дзяржава ўзяла і выкінула на вуліцу».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках