4 траўня 2024, Субота, 1:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь стала лідарам у беспрацоўі сярод краін СНД

9
Беларусь стала лідарам у беспрацоўі сярод краін СНД

Ва ўмовах, калі поўныя звесткі пра беспрацоўе хаваюцца, улады робяць выгляд, што неабходнасці ў рэформах няма.

Паводле тэмпаў росту беспрацоўя Беларусь выйшла ў лідары ў СНД. За апошні год колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных у краіне вырасла на 37,1%. А вось паводле сумы дапамогі, якая выплачваецца беспрацоўным, Беларусь застаецца ў аўтсайдарах, піша сайт naviny.by.

Рост беспрацоўя на фоне карыкатуры

Паводле звестак Статкамітэта СНД на 1 красавіка, у Беларусі за апошнія 12 месяцаў тэмп росту колькасці беспрацоўных аказаўся самым высокім у параўнанні з іншымі дзяржавамі постсавецкай прасторы.

Так, калі ў Беларусі колькасць беспрацоўных павялічылася на 37,1%, то ў Казахстане - на 23%, у Малдове - на 22,8%, у Арменіі - на 11,5%, у Азербайджане - на 11%, у Расеі - на 6%. У Таджыкістане (паводле стану на 1 сакавіка) колькасць беспрацоўных знізілася на 0,6%, у Кыргызстане - на 2,1%, ва Украіне - на 7,7%.

Вельмі паказальна і супастаўленне Беларусі з іншымі краінамі постсавецкай прасторы ў суме дапамогі, якая выплачваецца беспрацоўным. Калі ў Азербайджане беспрацоўныя атрымліваюць дапамогу сумаю 162 даляраў у месяц, у Малдове - 69 даляраў, ва Украіне - 59 даляраў, то ў Беларусі - усяго толькі 13 даляраў.

Дарэчы, бюджэт пражытковага мінімуму, які ўлічвае мінімальны набор прадуктаў харчавання, неабходных для захавання здароўя, устаноўлены ў Беларусі на адзнацы 1,64 млн рублёў (у эквіваленце - блізу 80 даляраў). Такім чынам, дапамога па беспрацоўі сёння - усяго толькі прыкладна 15% бюджэту пражытковага мінімуму.

Хоць у многіх краінах дапамога ў беспрацоўі прывязана да памеру заробкаў і з'яўляецца адной з найважнейшых мер падтрымкі беспрацоўных.

«Гэта той інстытут сацыяльнай абароны, які павінен дапамагаць беспрацоўным перажыць складаны перыяд. Памер цяперашняй дапамогі, якая складае блізу 260 тысяч рублёў - карыкатура на той інстытут, які павінен абараняць людзей у выпадку страты працы», - уважае старэйшы даследчык Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў (CASE Беларусь) Уладзімір Валетка.

Рост беспрацоўя ў краіне абумоўлены неспрыяльнай сітуацыяй у эканоміцы. Пры гэтым экспэрт адзначае, што, паколькі дапамога ў беспрацоўі чыста намінальная, вялікай матывацыі рэгістравацца ў якасці беспрацоўных у людзей, якія страцілі працу, няма.

У сувязі з гэтым беларускія эканамісты мяркуюць, што рэальныя маштабы беспрацоўя адлюстроўвае не афіцыйная статыстыка (на 1 траўня - 1,2% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва), а звесткі выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, якія дазваляюць ацаніць маштабы схаванага беспрацоўя. Такія абследаванні хатніх гаспадарак у Беларусі праводзяцца Нацыянальным статыстычным камітэтам з 2012 года, аднак іх вынікі засакрэчаныя.

«Зразумела, звесткі пра беспрацоўе, якія збіраюцца на падставе выбарачных абследаванняў хатніх гаспадарак, больш дакладна адлюстроўваюць сітуацыю з беспрацоўем у краіне. Адзіная лічба з гэтых абследаванняў, якая стала публічнай у 2012 годзе дзякуючы Нацбанку, сведчыла аб тым, што сума беспрацоўя ў нас ужо тады была 5,3%», - успамінае Уладзімір Валетка.

Згодна з ацэнкай Міжнароднай арганізацыі працы, у 2014 годзе беспрацоўе ў Беларусі складала 5,9%. Сёння, мяркуюць экспэрты, узровень беспрацоўя яшчэ больш павялічыўся. Ускосныя звесткі дазваляюць назіраць гэтую тэндэнцыю.

Так, згодна з апошнімі афіцыйнымі звесткамі, у сакавіку было звольнена 56 тысяч працаўнікоў, а працаўладкавана - толькі 40,2 тысячы чалавек.

«Такім чынам, колькасць звольненых была запоўненая ў сакавіку новапрынятымі работнікамі толькі на 71%. У студзені гэты паказчык складаў 83%, у лютым - 84%. З гэтай дынамікі відаць, што сітуацыя з занятасцю ў першым квартале пагаршалася», - адзначае Уладзімір Валетка.

Сусветны досвед, які Беларусь не выкарыстоўвае

Экспэрты беларускіх даследчых арганізацый канстатуюць, што насельніцтва мае сур'ёзныя складанасці з працаўладкаваннем. Пры гэтым назіральнікі мяркуюць, што сітуацыя на рынку працы будзе заставацца напружанай, бо дзяржава сёння скарачае аб'ёмы дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў, што з высокай імавернасцю прывядзе да зніжэння занятасці ў рэальным сектары.

У сувязі з гэтым, мяркуюць беларускія эканамісты, неабходна стварыць рэальныя механізмы сацыяльнай абароны насельніцтва, бо цяперашні памер дапамогі з'яўляецца вельмі слабым суцяшэннем для беспрацоўных.

«Калі казаць пра доўгатэрміновую перспектыву, можна весці размову аб укараненні сістэмы страхавання ў беспрацоўі. Такая сістэма, якая была паспяхова ўжытая ў Чылі, мяркуе, што не толькі дзяржава і працадаўца, але і працаўнік удзельнічаюць у фармаванні так званай падушкі бяспекі на выпадак страты месца працы», - распавядае экспэрт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Марыя Акулава.

Згаданы механізм прадугледжвае, што ў выпадку страты працы першыя пяць месяцаў беспрацоўны атрымлівае дапамогу з дзяржаўнай крыніцы, а затым - з уласных назапашаных сродкаў. Як паказала чылійская практыка, гэты механізм страхавання павышае ўзровень зацікаўленасці ў паскораным працаўладкаванні.

«Аднак гэты механізм можна ўкараняць толькі ва ўмовах працяглай макраэканамічнай стабільнасці, таму ў Беларусі яго можна разглядаць толькі як патэнцыйна магчымы», - удакладняе Марыя Акулава.

У кароткатэрміновай перспектыве, мяркуе эканаміст, варта павысіць памер дапамогі ў беспрацоўі для аказання падтрымкі людзям, якія засталіся без працы, і адначасова з гэтым стварыць спрыяльныя ўмовы для стымулявання самазанятасці насельніцтва.

«Замест субсідзіравання неэфектыўных дзяржпрадпрыемстваў вызваленыя сродкі можна накіраваць на стымуляванне самазанятасці насельніцтва. Гэты досвед з'яўляецца досыць папулярным і быў паспяхова ўжыты ў Нямеччыне. Ён мяркуе выплату пэўнай субсідыі на стварэнне і развіццё бізнэсу, а таксама выдаванне падатковых канікул на фіксаваны перыяд», - патлумачыла Марыя Акулава.

Пакуль жа беларускі ўрад прарыўных пастаноў у гэтым кірунку не прыняў. Няма нават канкрэтных планаў для павышэння дапамогі ў беспрацоўі. Ва ўмовах, калі поўныя звесткі пра беспрацоўе хаваюцца, дзяржаве можна рабіць выгляд, што неабходнасць у пераменах адсутнічае.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках