26 красавiка 2024, Пятніца, 7:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валерый Карбалевіч: У Еўропе няма краін, якія хочуць бачыць Лукашэнку

8
Валерый Карбалевіч: У Еўропе няма краін, якія хочуць бачыць Лукашэнку
Валерый Карбалевіч
ФОТА: «Радыё Свабода»

Паколькі Еўропа не гарыць жаданнем мець справу з Лукашэнкам, яму даводзіцца праязджаць ў Еўразвяз праз «чорны ход».

20-21 траўня Лукашэнка здзейсніў візіт у Італію і Ватыкан. Скончылася паездка тым, што беларускі кіраўнік запрасіў з візітам у Беларусь і прэзідэнта Італіі Сэрджыа Матарэла, і Папу Рымскага Францішка. Вось і ўвесь вынік двухдзённай паездкі Лукашэнкі на Апеніны.

Які сэнс укладвае афіцыйны Менск у італьяна-Ватыканскую паездку? Дзеля чаго беларускія ўлады разыгрываюць еўрапейскую карту? І як доўга прадоўжыцца чарговы «мядовы месяц» паміж Менскам і Брусэлем?

На пытанні «ЕўраБеларусі» адказаў палітолаг Валер Карбалевіч.

- Чаму свой першы афіцыйны візіт у Еўразвяз пасля скасавання санкцый Лукашэнка ажыццявіў у Італію і Ватыкан?

- Ёсць некалькі версій паездкі Лукашэнкі ў Італію і Ватыкан.

Па-першае, існуюць праблемы з запрашэннем: у Еўропе няма краін, якія хочуць бачыць Лукашэнку і запрашаюць яго з візітам. Таму даводзіцца праязджаць ў Еўразвяз праз «чорны ход» - праз Ватыкан.

Паездка ў Італію наогул дзіўная: невядома, на чыё запрашэнне Лукашэнка паехаў у Рым, незразумелы статус візіту. Беларускага кіраўніка не прыняў прэм'ер-міністр Італіі - першая асоба краіны. Усё гэта сведчыць аб тым, што візіт у Італію адбыўся заадно з паездкай у Ватыкан.

Другі нюанс - італьянскія палітыкі заўсёды больш лаяльна ставіліся да Лукашэнкі, чым іншыя еўрапейскія палітыкі; тут дарэчы ўспомніць і візіт у Менск ужо былога прэм'ер-міністра Італіі Берлусконі. Акрамя таго, Італія больш лаяльная за іншыя краіны Еўразвязу ставіцца і да Расеі, таму візіт не выкліча асаблівага раздражнення ў Маскве, чым візіт у Брусэль ці Бэрлін.

- Сустрэчы і з прэзідэнтам Італіі Сэрджыа Матарэлай, і з Папам Рымскім Францішкам былі досыць сімвалічныя (аб канкрэтных развязаннях, прынамсі, не паведамляецца). Чаму?

- Сустрэчы насілі сімвалічны, цырыманіяльны, рытуальны характар. Прэзідэнт у Італіі - фігура цырыманіяльная, сімвалічная, фактычна ён не мае ніякага ўплыву на эканоміку, а размаўляць з ім аб бізнэсе наагул няма сэнсу - на сустрэчы з італьянскім прэзідэнтам у прынцыпе не маглі быць прыняты ніякія пастановы. Прэзідэнт Італіі прадэманстраваў дружалюбнае стаўленне да Беларусі, і ўсё.

Гэта чыста піяраўскі візіт з мэтай стварыць карцінку для беларускага тэлегледача: ізаляцыя прадзёртая. Як-ніяк Лукашэнка не бываў у краінах Еўразвязу з 2009 года - цэлых сем гадоў.

- Лукашэнка запрасіў Папу Рымскага з візітам у Беларусь. Ці рэальны такі візіт у Беларусь, якая знаходзіцца пад патранатам РПЦ?

- Лукашэнка запрасіў Папу Рымскага наведаць з візітам Беларусь, але рэакцыі ў адказ не было. Святы прастол ніяк не рэагуе на прапанову Лукашэнкі, такім чынам, імавернасць такога візіту невялікая. Хоць такая магчымасць усё ж такі ўзрасла ў параўнанні з сітуацыяй, якая была год таму, праз сустрэчы Папы Рымскага з Патрыярхам Кірылам на Кубе. Цалкам магчыма, што пэўныя зрухі ў нармалізацыі стасункаў паміж дзвюма цэрквамі пачаліся, і на гэтым фоне імавернасць візіту трошкі павялічылася. Хоць маўчанне Ватыкана красамоўнае.

- Наагул афіцыйны Менск актыўна разыгрывае «еўрапейскую карту». Якую мэту пераследуюць беларускія ўлады ў размарозцы стасункаў з Еўразвязам?

- Беларускія ўлады вырашаюць некалькі задач.

Першая - Беларусь хоча мець пункт апоры ў якасці процівагі расейскаму ўплыву, пашырыць поле для манеўру, а не замыкацца на Расеі, стасункі з якой развіваюцца даволі складана.

Другая задача - аказаць пэўны ціск на Расею: маўляў, не будзеце даваць грошы, колькі просім, - сыйдзем у Еўропу. Гэта старая тактыка афіцыйнага Менска, якая, напэўна, усё-ткі працуе, раз ужываецца.

Трэцяя задача - чыста прагматычная, матэрыяльная: інвестыцыі, крэдыты, супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Цалкам відавочна, што без нармалізацыі палітычных стасункаў шанцы на атрыманне крэдытаў ад МВФ нерэальныя - не выпадкова і папярэдні крэдыт Беларусь атрымала своечасова размарозкі беларуска-еўрапейскіх стасункаў 2008-2010 гадоў. А цяпер ідуць перамовы і з іншымі еўрапейскімі фінансавымі структурамі: Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, Сусветным банкам. Акрамя таго, магчымасць размясціць беларускія еўрабонды на еўрапейскіх рынках значна прасцей пры нармальных палітычных стасункаў.

І, нарэшце, чыста псіхалагічны момант: Лукашэнка вельмі хоча ездзіць па еўрапейскіх сталіцах, гэта відавочна. У яго існуе комплекс, што яго не пускаюць у Еўропу, таму нават з гэтага пункту гледжання для яго вельмі важны візіт у Італію і Ватыкан.

- Беларуска-еўрапейскія стасункі часоў Лукашэнка заўсёды залежалі ад палітычнай кан'юнктуры. Наколькі ўстойлівы і доўгачасовы цяперашні трэнд на пацяпленне?

- Цяжка рабіць прагнозы. Калі ў Беларусі раптам зноў пачнуць закручваць гайкі, з'явяцца палітвязні, рэакцыя Еўропы будзе дастаткова негатыўнай. І еўрапейскі трэнд або замарудзіцца, або перапыніцца, ці павернецца назад. А наяўнасць палітвязняў залежыць ад пагрозы, якую ўлада бачыць у сваіх апанентах. Калі ў Беларусі пачнуцца сур'ёзныя сацыяльныя, працоўныя, палітычныя канфлікты, то ўлады будуць рэагаваць жорстка, што непазбежна выкліча праблемы ва ўзаемадачыненнях з Еўропай.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках