26 красавiка 2024, Пятніца, 15:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На актывіста «Еўрапейскай Беларусі» складаюць пратаколы «оптам»

5
На актывіста «Еўрапейскай Беларусі» складаюць пратаколы «оптам»
Фота: «Радыё Свабода»

Леанід Кулакоў атрымаў адразу чатыры пратаколы за ўдзел у дзвюх акцыях.

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў атрымаў праз пошту копіі пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях за ўдзел у акцыі «Праспект нацыянальнага сцяга» 14 траўня і ва ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэса 15 траўня.

Прычым склалі на актывіста адразу па два пратаколы: паводле арт.23.34 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства» і 23.4 КаАП «Непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі». Суд прызначаны на 25 траўня ў судзе Першамайскага раёна Менска на 9 гадзін раніцы, паведамляе ПЦ «Вясна».

Леанід Кулакоў абураны дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі:

- Я ўжо баюся адкрываць паштовую скрыню! Кожны дзень пратаколы і позвы прыходзяць. Пратаколы ўжо пачалі «оптам» складаць - адразу паводле некалькіх артыкулаў, каб можна было штраф большы прысудзіць. Яны нават не турбуюцца аб фармулёўках абвінавачвання. Вось, учора я атрымаў новую порцыю такіх лістоў. У пратаколе напісана, што я «ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, пры гэтым трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг». З якіх гэта часоў трымаць у руках бел-чырвона-белы сцяг - злачынства? Сцяг занесены ў рэестр нематэрыяльнай гістарычнай спадчыны. Але ім усё адно, задача міліцыі скласці як мага больш пратаколаў, а суддзям - прысудзіць штрафы, - мяркуе актывіст «Еўрапейскай Беларусі».

Нагадаем, 14 траўня а 12.00 пачалася мірная акцыя «Праспект нацыянальнага сцяга» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Прыблізна праз 15 хвілін пасля пачатку мерапрыемства міліцыя склала каля двух дзясяткаў пратаколаў на ўдзельнікаў акцыі.

Аналагічныя пратаколы былі складзеныя таксама і на Аляксандра Мартысевіча. Яго чакае суд, прызначаны на 1 чэрвеня.

Два пратаколы супрацоўнікі міліцыі склалі і на лідара «Маладога Фронту» Зміцера Дашкевіча: паводле арт. 23.34 і 17.1 «Дробнае хуліганства», за тое, што вывесіў сцяг на слуп.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках