26 красавiка 2024, Пятніца, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінаватыя ў аварыі на Крычаўскім цэментным заводзе адкараскаліся вымовай

1
Вінаватыя ў аварыі на Крычаўскім цэментным заводзе адкараскаліся вымовай
Фота: «Радыё Свабода»

Трое працоўных падчас няшчаснага выпадку атрымалі апёкі, аднак вінаватыя не панеслі за гэта практычна ніякай адказнасці.

Галоўнага інжынера акцыянернага таварыства «Крычаўцэментнашыфер» і майстра змены прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці за аварыю, якая адбылася на прадпрыемстве 15 сакавіка. У выніку здарэння трое рабочых атрымалі тэрмічныя апёкі і былі дастаўленыя ў лякарню. Вінаватых пазбавілі прэміі за травень і абвясцілі ім вымову.

Рабочыя прадпрыемства даслалі «Радыё Свабода» копію загаду, у якім выкладзеныя «вынікі расследавання групавога няшчаснага выпадку на вытворчасці». У загадзе, падпісаным 11 траўня, назвы прычыны аварыі, імёны пацярпелых і пакараных:

«У загадзе не адзначаецца, што на прадпрыемстве не было медыкаў, хоць кіраўніцтва дапускала магчымасць надзвычайнай сітуацыі. Аднаго з пацярпелых даставіў у шпіталь сваяк на аўто, які прыехаў па яго з Крычава», - распавёў адзін з рабочых.

Прычынай аварыі называецца парушэнне тэхнікі бяспекі. Адзначаецца, што працоўныя выйшлі «на ачыстку цыклоннага цеплаабменніка» без сродкаў, якія абараняюць іх ад падвышанай тэмпературы. Акрамя таго, да працы падвышанай небяспекі быў дапушчаны работнік, які не меў адпаведных навыкаў і кваліфікацыі і допуску да такога кшталту прац.

Пад загадам стаіць подпіс генеральнага дырэктара прадпрыемства Уладзіміра Карчэўскага. Атрымаць каментар аб выніках завадскога расследавання ў адміністрацыі прадпрыемства не ўдалося.

У загадзе гаворыцца, што вінаватымі ў аварыі прызнаныя галоўны інжынер «Крычаўцэментнашыфера» Дзмітрый Шыкаў і майстар (кіраўнік работ) Ігар Бяляеў.

Факт аварыі адміністрацыя прадпрыемства адмаўляла, запэўніваючы, што яе не было. Пра здарэнне паведамілі рабочыя, даслаўшы фатаграфію аплаўленых пластыкавых дзвярэй побач з месцам, дзе абрынулася цэментная маса. Яе тэмпература, казалі рабочыя, дасягала 700 градусаў.

Праз тыдзень пасля аварыі крычаўская раённая газета ў невялікай нататцы паведаміла пра здарэнне на цэментнымі заводзе.

Аварыю расследаваў Крычаўскі аддзел Следчага камітэта. Вынікі расследавання на гэты момант невядомыя.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках