2 траўня 2024, Чацвер, 12:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску ўсё ж такі паставяць помнік Аляксандру Неўскаму

33

Помнік збіраюцца адкрыць ужо праз месяц.

Прынамсі, пра гэта кажуць рабочыя, якія рыхтуюць пастамент і кладуць брукаваныя дарожкі да будучага помніка, паведамляе «Радыё Свабода».

Падрыхтоўчыя работы вядуцца на плошчы Тысячагоддзя Віцебска ўжо блізу тыдня. Сёлета ўпершыню за апошнія гады на пастаменце, даўно падрыхтаваным для помніка, не высадзілі кветкі - раней яго выкарыстоўвалі як кветнік.

Тут будуць стаяць Аляксандар Неўскі з жонкай і сынам
Фота: svaboda.org

Ідэю ўсталяваць помнік расейскаму палкаводцу выказалі ў 2009 годзе гарадскія ўлады. Падставай для ўшанавання памяці Аляксандра Неўскага ў Віцебску можна лічыць хіба што легенду пра тое, што ў віцебскай царкве Звеставання ён нібыта браў шлюб. Такая версія здаецца недарэчнай шмат каму з віцяблян, і наогул у горадзе шмат тых, хто лічыць усталяванне помніка Аляксандру Неўскаму ў Віцебску беспадстаўным.

У 2009 годзе абвясцілі конкурс на найлепшыя макеты адразу трох помнікаў - княгіні Вользе - якая, зноў-такі паводле непацверджаных навукоўцамі звестак, нібыта была заснавальніцай Віцебска, - Аляксандру Неўскаму і вялікаму князю Альгерду.

Паводле легендаў, у гэтай мураванай царкве Зьвеставаньня Аляксандар Неўскі пабраўся шлюбам. Драўляная царкоўка збудаваная ў ягоны гонар.
Фота: svaboda.org

Супраць усталявання першых двух гараджане выступілі даволі рашуча, і пра помнік княгіні Вользе гарадскія ўлады больш не згадваюць. Помнік вялікаму князю Альгерду адкрылі 27 чэрвеня 2014 года, калі ў Віцебску адзначалі Дзень горада.

У гэтым годзе Дзень горада будуць адзначаць 26 чэрвеня - дата прыпадае акурат на нядзелю. Пра тое, што ў гэты дзень у абласным цэнтры з'явіцца новы помнік, нагадваюць віцебскім праваслаўным вернікам: у драўлянай царкве, збудаванай на плошчы Тысячагоддзя Віцебска таксама ў гонар Аляксандра Неўскага, вісіць абвестка аб зборы ахвяраванняў на ўсталяванне помніка.

Віцябляне назіраюць за падрыхтоўкай
Фота: svaboda.org

З просьбай пра ахвяраванні віцебскія ўлады не раз звярталіся і да прадпрымальнікаў, і да ўсіх гараджан праз гарадскую газету «Витьбичи».Відавочна, што бюджэтных сродкаў на ўвасабленне ў жыццё такіх ідэй не стае: у горадзе не стае школ і паліклінік, як абураюцца мясцовыя жыхары.

І ўсё ж такі справу з помнікам Неўскаму віцебскія ўлады ўпарта даводзяць да канца. У кавалку мармуру, які з'явіўся наверсе былой клумбы, прасвідравалі адтуліны для фігур будучай скульптурнай кампазіцыі. Яна будзе ўвасабляць сустрэчу князя Аляксандра Неўскага са сваёй жонкай, полацкай князёўнай Аляксандрай (па іншых крыніцах, Параскева) і сынам Васілём. Са слоў навукоўцаў, дакладных гістарычных пацверджанняў гэты факт не мае.

Фота: svaboda.org

Аўтарамі праекта помніка, якія перамаглі на конкурсе ў 2009 годзе, былі мясцовыя скульптары Аляксандр Гвоздзікаў і Іван Казак. Але перамога была ўмоўная: пазней аўтары мусілі шмат у чым дапрацаваць уласны праект, і да іх творчага тандэму дадаўся яшчэ адзін сааўтар, скульптар Яўген Колчаў з Менска. Толькі праз некалькі гадоў скульптурная кампазіцыя набыла той выгляд, у якім яе зацвердзіла Міністэрства культуры і Лукашэнка. Сам помнік ужо гатовы, яго вырабіў менскі ТАА «Ліцейны двор».

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках