26 красавiка 2024, Пятніца, 19:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зацверджаны склад рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу

9
Зацверджаны склад рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу

Першае пасяджэнне рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу прайшло 28 траўня ў Менску.

Яго ўдзельнікі зацвердзілі склад рады і рэгламент яго дзейнасці.

Як паведамляе БелаПАН, рада кангрэса фармуецца з ліку прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый (па адным чалавеку) і прадстаўнікоў рэгіянальных кааліцый дэмакратычных структур (па тры чалавекі ад кожнай вобласці і Менска).

На гэты момант у склад рады ўваходзяць 15 чалавек: ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, аргкамітэта ў стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч, кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі, аб'яднання «малады фронт» Зміцер Дашкевіч, руху салідарнасці «Разам» Алесь Макаеў, аргкамітэта партыі «Беларускі рух» Вацлаў Арэшка, руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць» Уладзімір Някляеў, а таксама сем прадстаўнікоў рэгіянальных дэмакратычных кааліцый.

Статкевіч паведаміў, што склад рады будзе пашырацца. «Будуць працягвацца перамовы з рознымі апазіцыйнымі структурамі. Але тут паўстае пытанне, каго мы можам запрашаць да працы ў радзе, бо ёсць арганізацыі, якія выступаюць за еўразійскі вектар развіцця, што супярэчыць платформе кангрэса», - сказаў ён.

У выніку наважана, што ў склад рады кангрэса могуць увайсці арганізацыі, якія падпісалі мемарандум «Аб мерах забеспячэння незалежнасці Беларусі» (прыняты падчас нарады беларускіх грамадскіх і палітычных арганізацый са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай 3 лістапада 2012 года ў Вільні) або Дэкларацыю у падтрымку незалежнасці Рэспублікі Беларусь (падпісаная напярэдадні ўстаноўчага сходу Беларускага нацыянальнага кангрэса, які адбыўся ў Менску 15 траўня).

Рэгламент дзейнасці рады прадугледжвае роўнасць усіх яго суб'ектаў. Пастановы рады кангрэсу будуць прымацца дзвюма трацінамі галасоў, пасяджэнні будуць праходзіць раз на месяц.

Правядзенне кангрэсу дэмакратычнымі сіламі з мэтай кансалідацыі апазіцыі ініцыявала ў снежні мінулага года група грамадскіх дзеячаў Беларусі, а неўзабаве вядомыя палітыкі Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі пра стварэнне аргкамітэта ў падрыхтоўцы дэмакратычнага форуму. У склад аргкамітэта таксама ўвайшлі Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч.

Устаноўчы сход Беларускага нацыянальнага кангрэса прайшоў у скверы імя Янкі Купалы ў Менску 15 траўня. Пастанова правесці кангрэс на адкрытым паветры была прынятая пасля таго, як аргкамітэт не змог арандаваць неабходнае памяшканне. Са слоў арганізатараў, і дзяржаўныя, і прыватныя арганізацыі адмовілі ім у арэндзе, баючыся негатыўнай рэакцыі з боку ўладаў, а Менгарвыканкам адмовіўся садзейнічаць пошуку памяшкання.

Удзельнікі кангрэса ўзялі некалькі рэзалюцый - «Беларусь: стан дзяржавы і нацыі», «Беларускі нацыянальны кангрэс: платформа пераменаў», «Аб пазіцыі кангрэса што да выбарчай кампаніі 2016 года», «Аб адзінстве дэмакратычных сіл».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках