4 траўня 2024, Субота, 7:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым беларусам запомніцца Андрэй Тур

1

Некалькі фактаў з біяграфіі аднаго з самых вядомых чыноўнікаў-эканамістаў.

31 траўня памёр Андрэй Тур, былы намеснік міністра эканомікі, намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, адзін з самых вядомых чыноўнікаў эканамічнага блока краіны апошняга дваццацігоддзя.

«Салідарнасць» сабрала некалькі найбольш яскравых фактаў з біяграфіі чыноўніка.

2009 год. АНДРЭЙ ТУР БЯРЭ ЎДЗЕЛ У ЭКАЛАГІЧНАЙ АКЦЫІ. Фота Антона Матолькі

«Разумны, высакародны, інтэлігентны»

«Сыходзяць апошнія з пакалення прафесіяналаў, якія добра разумелі не толькі прынцыпы працы эканомікі, але і мелі смеласць іх бараніць! Разумны, высакародны, інтэлігентны...», - напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Ігар Марыніч, сын былога дыпламата Міхаіла Марыніча.

Аўтар непапулярных пастаноў

У 2008 годзе ўвайшоў у дзеянне Указ №760, які забараняе індывідуальным прадпрымальнікам выкарыстоўваць працу наёмных рабочых, за выключэннем іхных сямейнікаў і блізкіх сваякоў.

Пераконваючы ў неабходнасці такога кроку, намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур гаварыў пра тое, што ІП ужо «выраслі з кароткіх штонікаў» і павінны рухацца далей.

Указ выклікаў масавыя пратэсты прадпрымальнікаў, якія скончыліся судамі і турэмнымі тэрмінамі.

Праз некалькі гадоў, падчас чарговага вітка супрацьстаяння ўладаў і малога бізнэсу, урад вымушаны быў абяцаць ІП вярнуць права наймаць іншых працаўнікоў. Пра кароткія штонікі ніхто ўжо не ўспамінаў.

Хадзіў у народ. На прыёмы ў амбасады...

Андрэя Тура можна было ўбачыць на дыпламатычных прыёмах, дзе ён дазваляў сабе расслабіцца. Адзін такі паход на прыём у швэдскую амбасаду скончыўся скандалам. Нефармальныя стасункі з гасцямі выліліся ў павучальныя прамовы на эканамічныя тэмы, якія суправаджаліся далёкай ад дыпламатыі лексікай.

Відэа таварыскага намесніка міністра трапіла ў інтэрнэт, але, насуперак чаканням многіх, чыноўнік пайшоў на павышэнне, стаўшы намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

І на Камароўку...

Штотыдзень бываў на галоўным рынку краіны. Як распавёў сёння журналістам адзін з пастаўшчыкоў, на Камароўцы Андрэя Тура бачылі рэгулярна. Звычайна яго прывозіў туды адзін з сяброў. Былы чыноўнік купляў прадукты - гародніну, малочныя прадукты, быў сталым кліентам у шматлікіх прадаўцоў.

- Вядома, яго пазнавалі мясцовыя работнікі, ведалі хто гэта. Закупляўся пакрыху. Хутчэй, на некалькі раз паесці. Запоўніць у спакойным рэжыме некалькі пакуначкаў - і з'язджае.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках