21 траўня 2024, aўторак, 10:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тры апазіцыйныя сілы аб'ядналіся ў перадвыбарчую кааліцыю

5
Тры апазіцыйныя сілы аб'ядналіся ў перадвыбарчую кааліцыю
Фота: charter97.org

Лідары кааліцыі абяцаюць, што парламенцкая кампанія для ўлады пройдзе не так гладка, як яна разлічвае.

Тры апазіцыйныя структуры Беларусі - Аб'яднаная грамадзянская партыя, Рух "За Свабоду" і незарэгістраваная партыя "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" абвясцілі аб стварэнні правацэнтрысцкай кааліцыі для вылучэння агульных кандыдатаў на парламенцкіх "выбарах" 2016 года.

"Мы прыспусцілі нашы штандары, вымушаныя стрымаць свае амбіцыі, каб быць больш моцнымі. Ужо ўзгоднены спіс патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты па 95 з 110 акругаў. Абмяркоўваецца магчымасць супольнага старту ў парламенцкай кампаніі", - заявіў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька на прэс-канферэнцыі ў Менску ў пятніцу, паведамляе interfax.by.

"За гэтых 95 кандыдатаў мы будзем несці супольную адказнасць. Ужо ў найбліжэйшыя дні плануем супольныя паездкі ў рэгіёны для падтрымкі гэтых людзей", - дадаў ён.

У сваю чаргу першы намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч адзначыў, што на некаторых патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ад аб'яднанай апазіцыі ўжо цяпер цісне ўлада.

"На кагосьці ціснуць альбо па месцы працы, альбо пры вядзенні бізнэсу. Некаторыя адмаўляюцца ад далейшага ўдзелу ў парламенцкай кампаніі, але замест іх ёсць новыя людзі", - сказаў Губарэвіч.

Ён таксама заўважыў, што распачатая ў пачатку чэрвеня парламенцкая кампанія "пройдзе не так гладка, як кажа ўлада".

"Як толькі мы будзем мець канкрэтныя факты ўціску на нашых кандыдатаў, пра гэта стане шырока вядома", - падкрэсліў апазіцыянер.

Сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Віталь Рымашэўскі праінфармаваў, што частку не ахопленых правацэнтрысцкай кааліцыяй акругаў наважылі пакінуць кандыдатам ад іншых апазіцыйных арганізацый.

"15 акругаў пакінем нашым палітычным партнёрам, дзе будуць моцныя кандыдаты або лідары партый", - сказаў ён.

На думку ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі, "ужо сёння можна казаць, што няма падстаў для сумленных і свабодных парламенцкіх "выбараў".

Прадстаўнікі апазіцыйнай кааліцыі раскрытыкавалі касметычныя змены ў парадку правядзення выбарчай кампаніі, раней агучаныя Цэнтрвыбаркамам. Імі таксама было абвешчана аб намеры склікаць Кангрэс дэмакратычных сілаў, які дасць старт перадвыбарчай кампаніі, а пасля "выбараў" - агучыць агульнае меркаванне з нагоды іх правядзення.

Як падкрэсліў Губарэвіч, "нам важна, каб улады не рабілі кропкавых выпадаў у дачыненні да самых моцных нашых кандыдатаў".

Падчас прэс-канферэнцыі таксама было заяўлена, што правацэнтрысцкая кааліцыя не мае намеру рабіць на будучых "выбарах" стаўку на абранне ў кандыдаты найбольш вядомых у апазіцыйным асяроддзі людзей. "Найбольш эфектыўным будзе наданне падтрымкі моцным кандыдатам, якіх у нас дастаткова", - канстатаваў Рымашэўскі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках