27 красавiка 2024, Субота, 20:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хлопец, які ўпаў з даху на Кастрычніцкай плошчы - паэт Ігар Канановіч

46
Хлопец, які ўпаў з даху на Кастрычніцкай плошчы - паэт Ігар Канановіч
Ігар Канановіч

Дакладныя абставіны здарэння пакуль невядомыя.

Цела Ігара Канановіча знайшлі на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Энгельса. Са сведчанняў відавочцаў, ён упаў з даху дома №23 на праспекце Незалежнасці.

Цела ляжала на даволі значнай адлегласці ад будынка, і на ім была невялікая сумка цераз плячо. Лекары выратаваць хлопца ўжо не змаглі.

«Жыві, калі варта жыць, і памры, калі варта памерці», - стаіць эпіграфам да яго старонкі «Вконтакте».

Уначы з 18 на 19 чэрвеня Канановіч пакінуў на сваёй старонцы «Вконтакте» верш Сяргея Ясеніна «Не жалею, не зову, не плачу». Гэтае паведамленне стала апошнім.

«Следчыя правяраюць усе абставіны здарэння. Разглядаецца сярод іншых і версія аб самагубстве. Прызначаны экспэртызы, праведзены агляд месца здарэння, апытваюцца відавочцы. Аб выніках паведамім», - пракаментавалі nn.by здарэнне ў Следчым камітэце.

Вядома, што для ягоных знаёмых здарэнне стала нечаканасцю. Але з некаторых нататак у сацыяльных сетках можна зрабіць выснову, што Ігар перажываў не самыя найлепшыя часы - былі праблемы з працай. Ён пісаў, што знайсці нармальную працу не атрымліваецца, а ягоныя грашовыя ашчаджэнні амаль скончыліся. Да таго ж, праз тыдзень заканчваўся тэрмін арэнды пакоя.

«Не жыццё, а павольная, здзеклівая трагедыя. Яна цяпер раскідваецца па кавалках, як безнадзейна запушчаны зуб баліць. Амаль тры гады таму пачаў свой чарговы паход па чалавечую долю, але сёння я адкінуты не тое што назад, а далёка за лінію таго старту. Нельга, вядома, на падзякаваць нашай бяздарнай уладзе - яна і стварыла гэта канцэнтравана-атрутнае асяроддзе, у якім, як і маё, распаўзаюцца мільёны беларускіх лёсаў... Што рабіць, не ведаю; ад пудлаў і нявыкрутак, ад ашуканцаў і жміндаў стаміўся. Хоць па-ранейшаму сцвярджаю, што «Беларусь - не самы найгоршы філіял пекла на Зямлі», - за 3 дні да трагедыі пісаў Канановіч на старонцы літаратурнай групы «Электрычка «Менск - Гарадзея», якой ён кіраваў.

Спачуванні з прычыны смерці выказаў Саюз беларускіх пісьменнікаў.

«ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», сябры і аднадумцы выказваюць глыбокія спачуванні родным і блізкім Ігара. Смуткуем разам з вамі. Трагічны сыход Ігара - вялікая страта і для нас, і для Беларусі», - гаворыцца ў спачуванні.

Развітанне з Ігарам адбудзецца заўтра, 21 чэрвеня, на ягонай малой радзіме, на адрасе: горад Клецк, вул. Перамогі, д. 93 кв. 28.

Ігар Канановіч родам з Клецка. Скончыў філфак БДУ. З 2008-га 2013 год ён выкладаў мову і літаратуру ў Сіняўскай і Карацкай школах Клецкага раёна. Пасля жыў у Менску, некаторы час працаваў грузчыкам у гіпермаркеце, здымаў пакой у Бараўлянах. У 2015 годзе ён быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Друкаваўся ў часопісах «Дзеяслоў», «Верасень», «Літаратурная Беларусь». Аўтар кнігі паэзіі «Астэроід» (2015), якая намінавалася на прэмію імя Максіма Багдановіча «Дэбют».

Ігар Канановіч. Астэроід

Хай вабяць зноў магутных зорак галасы —
Не даспадобы мне сістэм трывалых межы.
Я — астэроід. Я — Сусвету блудны сын.
Я ў вечным пошуку. Жыву, а не залежу.

Непадуладная фантазіі краса
Перада мной. Майго жыцця святая мэта.
Я — астэроід. Валацуга і карсар.
І, можа, толькі геніяльная камета

Мяне прымусіла б нядоўга паслужыць.
Але парушыцца чарговая прысяга…
Я — астэроід. Я інакш не ўмею жыць.
І гімнам вольнаму — нянавісць і павага…

Я — астэроід. Незалежны, моцны рух.
Я — скамянелая энэргія палёту.
І, гравітацыі чужой парваўшы круг,
Ператвараюся ў свабоды вечнай ноту…

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках